Чарговая “Бібліяноч” прайшла ў Ашмянскай раённай бібліятэцы

Культура

“Бібліяноч” праводзіцца ў Ашмянскай раённай бібліятэцы ўжо пяты год. І кожны раз яе супрацоўнікі рыхтуюць для сваіх наведвальнікаў новыя цікавосткі, здзіўляючы крэатывам і невычэрпнай фантазіяй. Сваю любоў да кнігі яны імкнуцца перадаць чытачам, перш за ўсё – дзецям, таму шукаюць цікавыя для іх гульнявыя і наглядныя формы.

Акцыя традыцыйна  ладзіцца да Дня бібліятэк, які адзначаецца 15 верасня. У гэтым годзе мерапрыемства насіла назву “Беларуская скарбонка”, а наведвальнікі свята мелі магчымасць акунуцца ў даўніну – казачны свет вадзянікоў і русалак,  старажытных замкаў і рыцараў, першых рукапісных кніг і народных промыслаў.

Першы паверх бібліятэкі ператварыўся ў тэматычныя лакацыі, дзе гасцей свята сустракалі пераапранутыя супрацоўнікі бібліятэкі. У гэтую ноч яны сталі героямі народных паданняў, паненкамі Сярэднявечча, клапатлівымі і ўвішнымі вясковымі гаспадынямі, гандляркамі, кнігадрукарамі. Супрацоўнікі бібліятэкі стварылі сапраўдны цуд. Кожны куток быў аформлены ў адпаведнасці з тэмай. Масіўная жырандоля на ўваходзе ў залу, рыцары ў латах, старажытныя гербы на цагляных сценах, куфры – наведвальнікі траплялі ў атмасферу старажытнага замка. Уразіла сваёй натуральнасцю і таямнічасцю царства Вадзяніка, дзе размясцілася пляцоўка “Беларуская міфалогія”. Пах марынаваных агуркоў, дранікаў, калдуноў, вяндліны казытаў нос у “Літаратурнай харчэўні”.

Юных чытачоў, іх настаўнікаў і бацькоў чакалі квэст-гульня “У пошуках скарбаў”, інтэрактыўныя пляцоўкі і фотазоны “Таямніцы Сярэднявечча”, “Дзівосны свет міфалогіі”, “Горад майстроў”, “Скарбы беларускай кнігі”, “Наша спадчына”. Запрашалі майстар-класы па каліграфічным пісьме і ганчарнай справе. Знайшлі месца на свяце і мясцовыя матывы: Гальшанскі замак і яго гісторыя, Соф’я Гальшанская, Белая панна і Чорны манах.

Менавіта фільмам тэатра ценяў, якую здзейснілі супрацоўнікі ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча, пра міфічную гальшанскую пару закаханых і пачалося свята. Асновай для пастаноўкі “Асуджаныя на вечнасць” стаў раман Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”.

Традыцыйна на кожнай з лакацый наведвальнікаў чакалі віктарыны, гульні, выпрабаванні. Тыя, хто спраўляўся з заданнямі, атрымліваў “біблікі”, грошы, за якія можна было пачаставацца ў харчэўні. Дарэчы, там жа можна было пазнаёміцца і са старажытнымі народнымі рэцэптамі.

Жадаючых прыняць удзел у “Бібліяночы” знайшлося нямала. Без сумневу, той, хто наведаў бібліятэку ў гэты вечар, абавязкова захоча прыйсці сюды зноў, каб акунуцца ў дзівосны свет кніг, героі якіх сыходзяць са сваіх старонак толькі ў “Бібліяноч”.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *