Жнівень і верасень – месяцы, якія дораць багаты ўраджай дбайным гаспадарам. У гэты час вяскоўцы капаюць бульбу, збіраюць таматы, абіраюць яблыкі. Яблык ва ўсе часы лічыўся карысным плодам: з новага ўраджаю варылі варэнне, кампоты або проста засушвалі, каб зімовай парой пакаштаваць духмяны ласунак. «Яблычнай тэме» значнае месца адводзіцца таксама ў фальклоры і літаратуры. Казкі, легенды, паданні не раз прыгадваюць яблык. А паэты ў восеньскай нізцы вершаў звяртаюцца да прыгожага чырвонабокага плода. Яблычны Спас заўсёды лічыўся адным з першых свят ураджая. З гэтага дня, згодна з назіраннямі, пачыналіся значныя змены ў прыродзе.
Ашмянская раённая бібліятэка сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Ашмянскага ТЦСАН арганізавала мерапрыемства, прысвечанае новаму ўраджаю. Пачалася сустрэча з душэўнай песні «Млын меле» на словы Тарэсы Адашкевіч, наведвальніцы аддзялення. Музыку для песні напісаў Аляксандр Пашкоўскі. Слухачы падтрымалі артыстаў дружнымі апладысментамі. Госці прыйшлі ў бібліятэку не з пустымі рукамі. З сабой яны прынеслі духмяны каравай – сімвал новага ўраджаю. Пасля гутарка пайшла пра новы ўраджай. А цэнтральнае месца ў гаворцы было адведзена яблыку.
Вядучыя мерапрыемства адзначылі, што яблык прыгадваецца яшчэ ў Бібліі. Акрамя гэтага, плод прысутнічае і ў міфалогіі. Госці прыгадалі фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі, песні, звязаныя з яблыкам. Аказалася, што шмат і фальклорных, і літаратурных тэкстаў існуе на гэту тэму. Асабліва ўзнёсла і прыгожа гучалі восеньскія вершы, прысвечаныя новаму ўраджаю. Удзельнікі мерапрыемства таксама актыўна далучаліся да літаратурнай хвілінкі і дэкламавалі любімыя паэтычныя творы. Шчымлівыя і мінорныя тэксты спалучаліся з бадзёрымі і рытмічнымі, ствараючы тым самым цэлую палітру разнастайных эмоцый.
Большасць наведвальніц аддзялення – жанчыны. Кожная з іх – дбайная гаспадыня. Каб надаць мерапрыемству яшчэ большую практычную значнасць, удзельніцы падрыхтавалі рэцэпты разнастайных страў з выкарыстаннем яблыкаў. Пірагі, варэнне, джэмы – духмяны плод дае вялікае поле для дзейнасці. Некаторыя рэцэпты былі новымі і нязвыклымі для большасці прысутных.
Завяршылася мерапрыемства сумесным чаяваннем. За кубкам гарбаты была магчымасць пагутарыць, пачытаць вершы, падзяліцца ўражаннямі. Сустрэча падарыла новыя веды, дапамагла далучыцца да паэтычнага слова, а таксама сумесна правесці час у атмасферы добразычлівасці і сяброўства.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



