Калейдаскоп жыцця Тарэсы Адашкевіч

Общество

Для Тарэсы Адашкевіч, жыхаркі нашага горада, грыбная пара з’яўляецца асаблівай. Адклаўшы бытавыя справы, яна бярэ кошык і спяшаецца ў лес. З вялікім захапленнем жанчына назірае за птушкамі, што пералятаюць з галінкі на галінку, любуецца стромкімі бярозамі, якія цягнуцца да самага неба, прыслухоўваецца да шуму векавых дрэў. Пакрысе ў памяці пачынаюць узнікаць карціны з маленства, калі яна разам з татам блукала па лесе ў пошуках пузатых баравічкоў, белабокіх падасінавікаў і стракатых апенек. Тата расказваў пра ядомыя і атрутныя грыбы, а маленькая Тарэса імкнулася самастойна адшукаць тыя самыя “правільныя” грыбы. Бацька стараўся парадаваць і іншымі ляснымі дарамі. Нярэдка ён збіраў ягады, нанізваў іх на травінку, а пасля перадаваў Тарэсе. Малая сябе не памятала ад радасці, атрымаўшы такі салодкі ласунак. Даўно ўжо няма таты, але тая “грыбная навука” застаецца актуальнай і сёння. Тарэса Іванаўна памятае назву, характарыстыкі і знешні выгляд кожнага грыба, які ёй трапляецца. А часам у такіх падарожжах нават пішуцца вершы. Хараство прыроды натхняе былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры да творчасці.

Тарэса Іванаўна расказвае, што любоў да музыкі і літаратуры перадаецца праз пакаленні. З цеплынёй яна прыгадвае сваю бабулю Стэфанію Хрызостаўну, якая мела цудоўны голас і часта спявала песні розных жанраў. Акрамя таго, бабуля была адмысловай кулінаркай. Яна не раз радавала ўнукаў свежай здобай. А ў вольны час расказвала розныя гісторыі са свайго жыцця. І сёння Тарэса Іванаўна прыгадвае выпадак, калі заўважыла, што ў бабулі на назе не хапае мезенца. Калі яна спытала пра гэта, Стэфанія Хрызостаўна расказала, што давялося ёй сутыкнуцца з жахам ваеннай навалы. Аднойчы пачалася бамбардзіроўка. Мясцовыя жыхары сталі ўцякаць. Разам з аднавяскоўцамі бегла і маленькая Стэфанія. Раптоўна выбух прагучаў усяго толькі за некалькі метраў ад дзяўчынкі. Перад тым, як страціць прытомнасць, яна заўважыла, што на назе не хапае пальца. Прачнулася яна ў халодным і цёмным месцы. Спачатку нават не зразумела, дзе апынулася. Але пасля заўважыла, што навокал пакладзены целы людзей, якія нядаўна загінулі. Шакаваная такім відовішчам, яна пачала плакаць і крычаць. Урэшце людзі пачулі дзіцячы голас, і дзяўчынка была вызвалена. Нягледзячы на апаленае вайной дзяцінства, бабуля ніколі не траціла аптымізму, заўсёды ўсміхалася і старалася дапамагчы кожнаму. Адрознівалася здольнасцямі і мама, Марыя Феліксаўна, якая на той час была добра адукаванай. Жанчына ўмела чытаць і пісаць, разбіралася ў літаратуры, а з усёй акругі да яе ішлі людзі з просьбай напісаць ліст да сваякоў або падрыхтаваць нейкія афіцыйныя дакументы. І матуля ніколі не адмаўляла.

Дзяцінства Тарэсы Іванаўны прайшло ў маляўнічай вёсачцы Васеўцы. Тут прайшлі самыя светлыя і прыгожыя гады, тут яна пайшла ў школу. А з 1968 года перайшла вучыцца ў Мураваную Ашмянку. У новай школе дзяўчынцы пашчасціла спаткаць настаўніцу Жанну Міхайлаўну Кірышчанка, якая стала правадніком да роднай мовы і літаратуры. Яе ўрокі былі грунтоўнымі і цікавымі. Многія з вучняў, гледзячы на педагога, марылі быць падобнымі да яе. Не стала выключэннем і Тарэса Іванаўна – скончыўшы школу, яна вырашыла паступаць у Гродзенскі інстытут імя Янкі Купалы на філалагічны факультэт. Аднак, на жаль, не прайшла па конкурсе. Цэлы наступны год дзяўчына працавала лабаранткай у роднай школе. А на наступны год зноў вырашыла паспрабаваць паступіць. І на гэты раз Тарэса Іванаўна стала студэнткай завочнага аддзялення. Гэта навіна прынесла сапраўдную радасць і душэўную гармонію. А ўжо з 1976 года маладая настаўніца стала працаваць у Людвікаўскай школе. За адзінаццаць год працы яна выхавала не адно пакаленне добрых, інтэлігентных і адказных людзей. А пасля перайшла працаваць у СШ № 2 нашага горада. Тут пачалася новая жыццёвая старонка, поўная прыемных момантаў і творчасці. Менавіта СШ № 2 раскрыла паэтычны талент настаўніцы. Рыхтуючыся да канферэнцый і конкурсаў, Тарэса Іванаўна пачала рыфмаваць невялічкія творы. З цягам часу іх становілася ўсё больш і больш.

На дадзены момант у паэтычнай скарбонцы творчай асобы каля дзвюх соцень вершаваных твораў. Ёсць сярод іх байкі, вершы-прысвячэнні, роздумы. Падставай для напісання кожнага з іх становіцца пэўная сітуацыя. Паэтка зазначае, што жыццё натхняе да творчасці, а некаторыя здарэнні дэманструюць непрадказальнасць жыцця.

Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Тарэса Адашкевіч стараецца з карысцю праводзіць вольны час. Яна спявае ў хоры ветэранаў, прымае ўдзел у літаратурных імпрэзах, гатуе. І сёння дома захоўваецца адмысловая кніжачка з кулінарнымі рэцэптамі бабулі Стэфаніі. Абапіраючыся на гэтыя рэцэпты, жанчына пячэ пірагі, гатуе стравы беларускай кухні, займаецца хатняй кансервацыяй. У грыбную пару Тарэса Іванаўна заўсёды дастае рэцэпт грыбоў ад бабулі Стэфаніі.  Здаецца, што ён вяртае назад, у бесклапотнае дзяцінства, да вытокаў і каранёў, прыгадвае даўно забыты смак – смак дзяцінства.

Рэцэпт грыбоў ад Стэфаніі Цяшкевіч

Зварыць грыбы ў добра падсоленай вадзе. Варыць неабходна 45-50 хвілін. Пасля гэтага трэба падрыхтаваць марынад. Для прыгатавання марынаду спатрэбіцца сталовая лыжка цукру, чайная лыжка солі, чайная лыжка лімоннай кіслаты. На наступным этапе грыбы неабходна раскласці ў стэрылізаваныя слоікі, заліць марынадам. Пасля стэрылізаваць на працягу 20-25 хвілін.

Вашы рэцэпты традыцыйных мясцовых страў таксама могуць увайсці ў кулінарны летапіс Ашмяншчыны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў турыстычны інфармацыйны цэнтр (г. Ашмяны, вул. Савецкая, 128, памяшканне краязнаўчага музея) або патэлефанаваць па нумары 2-11-48.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Па баравічкі

Ішлі ў лес дзве жанчыны.

Знайшлася на тое прычына:

Баравічкі павысыпаліся –

Пад хваінкамі схаваліся.

Паляванне ціхае пачынаецца,

Лесавічок на шляху сустракаецца.

Адна жанчына ў елачках знікла хутка,

А другая пайшла ціха-ціхутка.

 

Разышліся, грыбочкі збіраюць,

Прыроду па-рознаму ўспрымаюць.

Да добрай душы і прырода адгукаецца –

Баравічкамі крамянымі кошык напаўняецца.

Жанчыну, што хцівую душу мае,

Прырода па-іншаму прымае:

Грыбочкі перад ёй так хаваюцца,

Што на вочы не трапляюцца.

У адной кошык поўны – радуе вока,

А ў другой – і палавіны далёка.

Лесавічок прымушае лесу пакланяцца,

Кусціку і кветачцы праўдзіва здзіўляцца.

Закон у прыроды просты:

Не любіць яна зайздросных.

Удачу таму пасылае,

Хто яе сакрэты раскрывае.

Тарэса Адашкевіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *