Заўсёды разам. Сям’я Солдзень з Граўжышак

Общество

Шлях кожнага чалавека ў жыццё пачынаецца з бацькоўскага дому. Сямейныя традыцыі, погляды на жыццё, уменне кантактаваць і пераадольваць цяжкасці, будаваць узаемаадносіны, весці гаспадарку — усё гэта пачынаецца з сям’і. І як добра час ад часу вяртацца да бацькоўскага дома, каб зноў адчуць сябе ў бесклапотным дзяцінстве.

Такі сямейны прытулак — дзе лёгка на душы, дзе заўсёды падтрымаюць, — ствараюць для сваіх траіх дачок Алёна і Дзмітрый Солдзень з Граўжышак.

Дзмітрый добра ведае, што такое страціць сям’ю — дзесяцігадовым хлапчуком ён застаўся без маці. Выхаванне траіх дзяцей лягло на плечы бабулі. Няма ўжо побач ні яе, ні дзядулі, пайшоў з жыцця і бацька. Адзіным чалавекам, які звязвае Дзмітрыя з дзяцінствам, засталася другая жонка бацькі, да якой амаль кожныя выхадныя наведваецца ўся сям’я Солдзень. Гэтыя паездкі на малую радзіму Дзмітрыя, у Клявіцу, — адна з сямейных традыцый і асабліва падабаюцца дочкам — Мілане, Ілоне і Ксеніі. Кожны раз дзяўчаты даведваюцца пра новыя старонкі з дзяцінства бацькі і пазнаюць новыя куточкі свайго краю. Такія паездкі згуртоўваюць сям’ю, даюць адчуванне еднасці.

Алёна і Дзмітрый ведаюць адзін аднаго з дзяцінства, разам наведвалі па нядзелях касцёл у Граўжышках, дзе ўпершыню і пазнаёміліся. Ёй было 10, Дзіме 14. Сур’ёзныя пачуцці ўзніклі пазней, а ў 2013 годзе з’явілася новая сям’я.

І Дзмітрый, і Алёна ў розны час скончылі ашмянскі каледж і атрымалі прафесіі: ён — трактарыста-машыніста, яна — повара. Адразу сям’я жыла ў бацькоў Алёны ў Граўжышках, а ў 2016 годзе перабралася ў асобны дом непадалёк. Дзмітрый працуе паляводам у СУП “АграМолРай”, Алёна — повар Граўжышкоўскай базавай школы.

Старэйшая дачка, Мілана, у верасні бягучага года стане вучаніцай прававога класа Кальчунскай сярэдняй школы. Адзінаццацігадовая Ілона і дзевяцігадовая Ксенія — вучаніцы Граўжышкоўскай базавай школы. Наперадзе — новы навучальны год, да якога дзяўчаты ўжо збіраюцца — купляюць канцылярскія прыналежнасці, абнаўляюць вопратку для школы.

З нецярпеннем чакае новую форму Мілана — у вучняў прававога класа яна адмысловая. У вольны час дзяўчаты дапамагаюць даглядаць агарод, прыбіраць дом. Мілана любіць маляваць, а часам іграе на гітары, якую ёй на дзень нараджэння падарылі дзядуля з бабуляй. Малодшыя сястрычкі бавяць час за доглядам дзвюх пар рыжых трусянят, якіх набылі пасля ўдзелу ў абласным этапе сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” ў чэрвені. “Вось каб былі ў нас тыя пухнацікі ў час конкурсу, мы б занялі першае месца, а так — трэцяе”, — мяркуе Ксенія. Пакуль малыя вушасцікі заўзята хрумкаюць зялёную траву, Дзмітрый думае зрабіць ім новыя, большыя, клеткі. Ёсць чым заняцца на вясковым падворы летам!

Вельмі здружыў сямейнікаў удзел у праекце “Уладар сяла”. Дапамогу ў падрыхтоўцы аказвалі работнікі мясцовага клуба Вацлаў Сідаровіч, Эдвард Булкевіч, Алена Сальмановіч, а таксама кіраўнік сельвыканкама Генадзій Тармасевіч. Не аднойчы па вечарах Солдзені спяшаліся ў клуб на рэпетыцыі. Стаць пераможцамі раённага этапу і увайсці ў тройку лідараў на абласным сям’і дапамаглі не толькі згуртаванасць і творчыя здольнасці. І Алёна, і Дзмітрый прывычныя да любой вясковай працы. Таму папілаваць і пасячы дровы, запрэгчы каня не было для іх праблемай. Да таго ж дапамаглі народная сметлівасць і спрыт у рабоце.

Пра тое, што ўдзел у сумесных конкурсах важны для сям’і, гавораць шматлікія дыпломы і падзякі, што размясціліся на сцяне ў зале.

І Алёна, і Дзмітрый прызнаюцца, што ў іх жыцці бываюць складанасці, не заўсёды ўсё ідзе роўна і гладка, але галоўнае — быць разам, умець прабачаць і падтрымліваць адзін аднаго. Часам Дзмітрыю прыносяць турботы яго гарачы тэмперамент і нястрымнае жыццялюбства. Алёна, насупраць, ураўнаважаная і разважлівая, поўная жаночай мудрасці. Яна ведае, калі трэба крыху астудзіць “гарачую” галаву мужа, а калі падставіць яму плячо. І ён удзячны ёй за падтрымку. “Муж — галава, а жонка — шыя”, — так адказалі сямейнікі на пытанне, хто ў сям’і галоўны.

Яны не імкнуцца паказаць адзін аднаму сваё верхавенства і хатнія абавязкі не дзеляць на “мужчынскія” і “жаночыя”. Хто першы прыходзіць дамоў, той і рыхтуе вячэру. А дзяўчаты аднолькава любяць плоў у выкананні таты і маміны мясную запяканку і торт з ананасамі. А Мілана ўжо можа пачаставаць наварыстым баршчом.

Сям’і Солдзень уласцівы грунтоўнасць, працавітасць, гумар, шырыня душы, гасціннасць і шчырасць, чым здаўна славіцца беларуская сям’я.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *