Час летніх канікул – гэта не толькі пара адпачынку, але яшчэ і пазнання новага, уласнага самаразвіцця. У гэты перыяд фарміруецца ўменне самастойна здабываць веды, пазнаваць невядомае. Зразумела, што знаёміцца з новай інфармацыяй на сённяшні дзень дапамагае інтэрнэт. Там можна знайсці вялікую колькасць адукацыйных і выхаваўчых матэрыялаў – мастацкіх кніг, фільмаў, даведнікаў. Але і на сённяшні дзень карыстаецца попытам бібліятэка, якая прадстаўляе багаты выбар ад класікі да сучаснай літаратуры. Дзеці і падлеткі, узброіўшыся спісамі для чытання на лета, прыходзяць сюды, каб узяць неабходныя творы. У адзін з ліпеньскіх дзён мы наведалі бібліятэку нашага горада, каб паразмаўляць з юнымі чытачамі аб мастацкім гусце, значэнні кнігі і вартасці чытання.
У чытальнай зале пануе цішыня. Схіліўшыся над кнігамі, хлопчыкі і дзяўчынкі заглыбіліся ў свет мастацкага слова. На стэлажах можна заўважыць і беларускія народныя казкі, і дзіцячыя апавяданні, і нават дзіцячыя раманы. Усё гэта пацвярджае разнастайнасць інтарэсаў дзяцей і падлеткаў. Некаторыя прыйшлі сюды, каб змяніць звыклую абстаноўку, для іншых бібліятэка з’яўляецца месцам пошуку новых сяброў па інтарэсах. Юныя аматары кнігі сцвярджаюць, што чытальная зала дапамагае засяродзіцца на творы, абстрагавацца.
Гімназістка Ксенія Цапліна – старэйшае дзіця ў сям’і, таму ёй часам складана знайсці цішыню дома. Чытальная зала ў гэтым дапамагае.
— У бібліятэцы свая атмасфера, таму чытаецца тут вельмі лёгка. Прыходжу сюды, каб пачытаць мастацкую літаратуру. Вельмі падабаюцца творы з элементамі фантастыкі, паважаю дэтэктывы і раманы. Але час ад часу звяртаюся і да энцыклапедый і даведнікаў. Яны дапамагаюць паглыбіць веды па прадметах. За лета прачытала некалькі кніг, якія па-сапраўднаму спадабаліся і запалі ў душу. Чытальная зала спрыяе большаму заглыбленню ў сутнасць твора, — дзеліцца ўражаннямі Ксенія.
Але ёсць і тыя, хто аддае перавагу чытанню дома. Аляксандр Раманоўскі, напрыклад, сістэматычна прыходзіць у бібліятэку з цэлым спісам літаратуры. Літаральна за некалькі дзён хлопчык “глытае” кніжныя навінкі.
— Найбольш камфортным і ўтульным месцам для чытання лічу свой пакой. Тут асабліва добра ўспрымаецца прачытанае. Найлепш чытаецца тады, калі ідзе дождж. Зразумела, што выйсці з сябрамі на шпацыр у такі дзень немагчыма. А вось кніга дапамагае перанесціся ў іншы свет, перажываць разам з героямі розныя сітуацыі, радавацца іх поспехам і сумаваць з-за няўдач. Летам чытаю творы з рэкамендаванага спісу. Акрамя гэтага, выбіраю і нейкія іншыя кнігі. Штосьці рэкамендуюць сябры, водгукі на іншыя творы знаходжу ў інтэрнэце. Больш падабаюцца папяровыя выданні, чым электронныя. Ад іх не так стамляюцца вочы. І твор ўспрымаецца зусім па-іншаму, — расказвае юны чытач.
Ганна Уласік прыйшла ў бібліятэку разам з татам. Дзяўчынка вырашыла пазнаёміцца з творам Аляксандра Грына “Пунсовыя ветразі”. Узяць гэты твор дзяўчынцы параіла стрыечная сястра. Цяпер Аня ведае, чым будзе займацца ў апошні месяц канікул.
У летні час у бібліятэцы дзейнічаюць адмысловыя выставы дзіцячай кнігі, а атмасферныя фотазоны дапамагаюць зрабіць каларытныя здымкі. Дзіцячая бібліятэка з радасцю сустракае кожнага чытача, стараючыся зрабіць час летняга адпачынку не толькі вясёлым, але і карысным.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



