Крама ў вёсцы ва ўсе часы была цэнтрам прыцяжэння. Сюды прыходзяць не толькі за пакупкамі — гэта само сабой зразумела, але і каб падзяліцца навінамі, абмеркаваць мясцовыя падзеі ды проста сустрэцца з аднавяскоўцамі.
Не страціла такой важнай і ўсебаковай функцыі і крама Ашмянскага філіяла аблспажыўтаварыства ў Міхайлоўшчыне. Сёння ў гэтай даволі вялікай вёсцы Гальшанскага сельсавета
пражывае больш за 120 жыхароў. Тут неабходна дадаць, што колькасць насельнікаў значна прырастае летам. У бацькоўскія куты вяртаюцца з цесных гарадскіх кватэр дзеці і ўнукі — каб надыхацца гаючым паветрам роднай зямлі і пасадзіць грады ды пару кошыкаў бульбы. Як ні круці, сваё ж заўсёды лепшае, чым «куплёнае».
Між іншым, менавіта летам павялічваецца і тавараабарот мясцовай крамы. Па словах прадаўца Святланы Чымбар, сумаваць ёй тут не прыходзіцца. У гэтым упэўніліся і самі, наведаўшы гандлёвы аб’ект раніцай мінулага панядзелка.
Панядзелак, серада і пятніца ў краме — хлебны дзень. Месцічы падстройваюцца якраз пад прывоз хлебабулачных вырабаў, каб набыць свежы тавар. Хлеб некалькіх найменняў, батоны, здобныя булкі з карыцай і макам, расфасаваныя ў невялічкія цэлафанавыя пакеты булачкі рэгулярна дастаўляюцца ў вясковыя крамы. У сераду і пятніцу радуе месцічаў сваімі ласункамі ашмянскі кандытарскі цэх. Печыва, смажанкі, пірагі заўжды карыстаюцца ў вяскоўцаў павышаным попытам.
Крама ў Міхайлоўшчыне, хоць і невялікая, але тут ёсць усе неабходныя тавары — заўсёды знойдзецца што прыкупіць і да хлеба. Некалькі разоў на тыдзень дастаўляюцца малочныя і каўбасныя вырабы практычна ўсіх вытворцаў Гродзенскай вобласці. І тут перавагу пакупнікі аддаюць усё ж такі свайму, ашмянскаму мясакамбінату. Любяць месцічы і ашмянскае масла. Добра бяруць малако — сёння ўжо ніхто не трымае карову. Дый навошта?! Практычна ўсю лінейку малочных вырабаў можна набыць у вёсцы, нават у горад ехаць не трэба. Ёсць свае прыхільнікі і ў ашмянскай кавы — молатай і распушчальнай. Не залежваецца на паліцах і кафейны напітак ААТ “Белкофе”.
Назіраючы за пакупнікамі, заўважыла, як жанчыны абмяркоўвалі, якія вяршкі смачнейшыя. Параіўшыся, абедзве спыніліся на тэтрапаку “Малочнага міру”. Летам добра расходзіцца марожанае. Практычна кожны другі пакупнік замовіў у прадаўца гэты ласунак — для сябе і ўнукаў.
Дачніца Алена прыйшла ў краму з унучкай Алісай. Дзяўчынка адразу ж павяла бабулю да прысмакаў.
— У краму наведваемся практычна штодня. Ніколі з пустымі рукамі не выходзім, — смяецца Алена і дадае, што дома яшчэ некалькі ўнукаў чакаюць. — Дзякаваць богу, пенсіі хапае не толькі на марожанае і цукеркі. Ёсць за што і мяса купіць, і фрукты, і гародніну. Хутка ўжо свае агуркі і памідоры вырастуць, сёлета добра ўрадзіла бульба.
Да размовы далучаецца мясцовая жыхарка Тамара Данілевіч. Жанчына задаволена і работай крамы, і самім прадаўцом.
— Няма лепшага прадаўца за нашу Святлану. Прыветлівая, уважлівая, заўсёды з усмешкай, яна і тавар неабходны прапануе, і заказ хутка зробіць, калі мы штосьці папросім. Усе прадукты якасныя, асартымент шырокі, — падкрэслівае Тамара.
Хваліць прадаўца і сацыяльны работнік Іна. Жанчына наведваецца ў гандлёвую кропку часта — найперш, каб задаволіць патрэбы сваіх падапечных, бо мала хто з іх можа дайсці да магазіна. Зараз Іна ў адпачынку, таму пакупкі робіць для сябе. У звыклы прадуктовы набор яна дадае марожанае.
– У спякотны дзень хочацца сябе парадаваць прахалодай. Марожанае ёсць у нас у продажы нават і зімой. Святлана заўсёды клапоціцца пра нас. Можам купіць усё, чаго душа пажадае, — прызнаецца Іна.
Кожны з пакупнікоў, які завітаў у мясцовую краму, набраў цэлую торбу прадуктаў. Практычна ўсё, што замаўлялі вяскоўцы, было ў наяўнасці. Макароны, каўбаса, мясныя паўфабрыкаты, вяршкі, масла сметанковае, сыр, сок натуральны, цукеркі ад «Камунаркі», свежыя агуркі, зубная паста, мыла… З крамы вяскоўцы выходзілі з добрым настроем.
— А гэта самае галоўнае ў нашай рабоце, — лічыць Святлана Чымбар. — Вядома, у малым населеным пункце нялёгка краме зарабляць грошы, але шмат у чым спрыяе гандлю высокая якасць прадукцыі і разуменне таго, што патрэбна людзям. У мяне ледзь ці не індывідуальныя замовы. Людзі бачаць, што да іх прыслухоўваюцца, іх разумеюць, таму і задаволены работай гандлёвага аб’екта. У нас можна заказаць і будаўнічыя матэрыялы, і складаную бытавую тэхніку, і дываны айчынных вытворцаў, і мэблю.
Святлана Станіславаўна працуе ў Міхайлоўшчыне ўжо тры гады. Сама яна з Гальшан. Бухгалтар па прафесіі — у свой час скончыла Ашмянскі сельгастэхнікум — прыйшла на працу ў сістэму спажывецкай кааперацыі ў другі раз. Пачынала працаваць у краме ў Гальшанах, пасля выбрала гандлёвую кропку індывідуальнага прадпрымальніка, а затым — пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Калі кіраўніцтва філіяла папрасіла выйсці на працу ў Міхайлоўшчыну, згадзілася паспрабаваць — спачатку на месяц, а пасля і на пастаянную работу засталася.
— Хутка прывыкла да людзей. Ведаю кожнага пакупніка асабіста, у курсе іх густаў, — расказвае Святлана Станіславаўна. — Кіраўніцтва філіяла заўсёды ідзе мне насустрач.
Святлана Чымбар карыстаецца павагай не толькі сярод міхайлоўшчынскіх жыхароў. Напярэдадні Дня работнікаў гандлю разам са сваёй калегай Луцыяй Залескай з Цудзенішак яна была запрошана на ўрачыстасць у Гродна, дзе атрымала Ганаровую грамату ўпраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама і абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва.
Аліна САНЮК.



