Ашмянскі педагог, кіраўнік, творца

Культура Образование

Згодна з рашэннем савета народнага музея гісторыі сярэдняй школы №1 г. Ашмяны працягваем аповед пра былых кіраўнікоў школы, якія, як ужо адзначалася, былі людзьмі неардынарнымі, з рознымі характарамі і рознымі лёсамі, аднак усіх іх аб’ядноўвала бязмежная адданасць справе, творчасць, самаахвярнасць у працы.

“Мне даспадобы чуллівыя сэрцы.

І працы адданыя людзі …”

У гэтых словах з верша “Я не ўмею зусім прытварацца” Р.Я. Ваўчка, былога дырэктара сярэдняй школы №1 г. Ашмяны, педагога высокага інтэлекту і эрудыцыі, таленавітага паэта, яскрава адлюстраваны адносіны аўтара як да працоўнай дзейнасці, так і да жыцця ў цэлым. Менавіта адданасцю справе, сціпласцю і чуллівым сэрцам быў адметны гэты чалавек, які больш за трыццаць гадоў аддаў працы ў навучальных установах Ашмяншчыны.

Рыгор Якаўлевіч Ваўчок нарадзіўся 3 студзеня 1929 года ў вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Лёсам яму было наканавана яшчэ ў раннім дзяцінстве перанесці шмат выпрабаванняў. Калі хлопчыку споўнілася два гады, памерла матуля. Гаспадыняй у хаце засталася  чатырнаццацігадовая сястра Рыгора. Цяжка сабе ўявіць, як спраўлялася з хатнімі справамі дзяўчынка, бо ў сям’і, акрамя яе, было яшчэ чацвёра меншых дзяцей. Аднак час ішоў, дзеці падрасталі, разам з бацькам працавалі на гаспадарцы, марылі аб будучым, старэйшыя сёстры – аб стварэнні ўласных сем’яў. Але мірнае жыццё парушыла фашысцкае нашэсце. Пачаліся жудасныя часы акупацыі. Адну з сясцёр разам з другімі юнакамі і дзяўчатамі гітлераўцы забралі на работы ў Германію. А праз некаторы час у вёску ўварваліся карнікі. Яны пачалі падпальваць будынкі і расстрэльваць сялян. Ратуючыся ад смерці, людзі разбягаліся хто куды. Падлетку з бацькам і сёстрамі ўдалося схавацца ў глыбокай яме пад абрывістым берагам Нёмана. У гэтым сховішчы яны прабылі амаль тры дні. Вёска згарэла датла. Пагарэльцы, якім пашчасціла застацца ў жывых, разбрыліся па суседніх вёсках. Сям’я Рыгора доўга блукала ў пошуках прытулку, нарэшце знайшла яго ў вёсцы Гарадзея Нясвіжскага раёна (цяпер гэта – гарадскі пасёлак), дзе пасля вайны пабудавалі хату і засталіся жыць. Тут юнак закончыў сярэднюю школу.

Пасля службы ў Савецкай Арміі стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Матэрыяльную падтрымку будучаму педагогу аказваў бацька, які працаваў рабочым на чыгунцы, і старэйшыя сёстры, аднак грошай хапала толькі на ежу. Пасля другога курса юнак усё лета працаваў у студэнцкім будаўнічым атрадзе. На заробак набыў добры касцюм і першы ў жыцці гадзіннік. Наступнае лета зноў правёў на будоўлі.

Закончыў інстытут у 1958 годзе. З гэтага часу ўсё жыццё Рыгора Якаўлевіча звязана з Ашмяншчынай.

У 1958 – 1959 гадах ён працаваў завучам у Антаноўскім дзіцячым доме і адначасова вёў урокі псіхалогіі ў старэйшых класах Барунскай сярэдняй школы.

У канцы 1959 года Рыгора Якаўлевіча прызначаюць дырэктарам дзіцячага дома ў Карлаўшчыне. Кіраўнік добразычліва ставіўся да кожнага выхаванца, не шкадаваў для сірот свайго вольнага часу, даваў ім слушныя парады, дапамагаў выпускнікам у працаўладкаванні. Сведчаннем добрых адносін выхаванцаў і дырэктара з’яўляецца тое, што праз многа гадоў пасля выпуску яны прысылалі яму пісьмы і віншавальныя паштоўкі. Былая выхаванка Ніна Каратай у 1981 годзе нават прысвяціла Рыгору Якаўлевічу верш, у якім гаворыць, што ён быў для дзяцей як родны бацька: заўсёды заклапочаны, строгі, аднак сустракаў кожнага добрай усмешкай.

З 1966 па 1971 год Р.Я. Ваўчок узначальвае сярэднюю школу №1 горада. Падчас працы Рыгора Якаўлевіча яе кіраўніком у школе адбыліся чарговыя пазітыўныя змены. У артыкуле, змешчаным ў раённай газеце ў канцы 1966 года, адзначалася: “У вучэбных майстэрнях першай сярэдняй школы горада ўвесь дзень не змаўкае гул станкоў. На ўроках працы вучні тут авалодваюць тэхнічнымі ведамі. А зусім нядаўна члены гуртка “Юны тэхнік” праявілі цікавую ініцыятыву. Сваімі сіламі яны вырашылі зрабіць некалькі камплектаў інструментаў для вясковых школ. З сабранага металалому вучні ўжо зрабілі 41 зубіла, 18 малаткоў, многа металічных алоўкаў. У хуткім часе зробленыя інструменты будуць перададзены васьмігадовым школам”.

Пад кіраўніцтвам Р.Я. Ваўчка педагагічны калектыў шмат увагі ўдзяляў ваенна-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Штогод праводзіліся ваенна-спартыўныя гульні “Сцяг перамогі”, “Зарніца”, на класныя гадзіны і святы запрашаліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя партызаны і падпольшчыкі. Паміж класамі вяліся спаборніцтвы на лепшы класны калектыў з уручэннем пераходнага вымпела. У школе была добра падрыхтаваная санітарная дружына, якая неаднаразова выходзіла пераможцай на раённых спаборніцтвах. Піянеры і камсамольцы вялі актыўную перапіску з вучнямі многіх рэспублік Савецкага Саюза, а таксама з сем’ямі байцоў, загінуўшых пры вызваленні Ашмяншчыны. Вось радкі з пісьма жонкі В.Л. Ачарэдзькі, украінца, пахаванага ў брацкай магіле ў гарадскім парку: “Вялікае дзякуй вам, вучні СШ №1 г. Ашмяны, што вы садзіце кветкі на магіле загінуўшага воіна, дзе не могуць іх пасадзіць рукі жонкі ці маці”.

У 1967 годзе школа ўрачыста адсвяткавала дзень нараджэння піянерскай арганізацыі. Сярод многіх дасягненняў адзначалася, што школьнікі ў гонар гэтага свята сабралі 58 тон металалому, заклалі гадавальнік, кветнікі.

У гэтым жа годзе ўстанавіліся сяброўскія адносіны паміж вучнямі Пабрадскай сярэдняй школы Літвы і ашмянскімі. Хоць адлегласць паміж горадам Пабрадзе і Ашмянамі больш за сто кіламетраў, аднак гэта не было перашкодай частым сустрэчам, канцэртам, спартыўным спаборніцтвам паміж беларускімі і літоўскімі школьнікамі.

У 1969 годзе школа ў трэці раз стала ўдзельніцай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

З 1971 па 1990 год (да выхаду на пенсію) Рыгор Якаўлевіч працаваў выкладчыкам палітэканоміі і гісторыі ў Ашмянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (цяпер гэта аграрна-эканамічны каледж).

Са студэнцкіх гадоў Рыгор Якаўлевіч захапляўся паэзіяй, асабліва любіў творчасць Ясеніна, многія яго творы ведаў на памяць. Зборнік вершаў Ясеніна заўсёды насіў з сабой. У інстытуце падчас падрыхтоўкі да экзаменаў, калі стамляўся, чытаў вершы. Лічыў гэта лепшым адпачынкам.

Сам пачаў пісаць вершы яшчэ ў юнацтве, аднак лічыў іх недасканалымі. Да паэтычнай творчасці вярнуўся пасля выхаду на пенсію. Яго творы публікаваліся ў раённай газеце, а таксама ў рэспубліканскім друку.

Вершы і байкі Рыгора Якаўлевіча (ужо пасля яго смерці) старанна сабрала жонка – Марыя Феліксаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, у зборнік пад назвай “На пульсе часу”. У школьным музеі захоўваецца адзін з экзэмпляраў гэтага зборніка. Творы паэта, змешчаныя ў ім, разнастайныя па зместу і тэматыцы, вызначаюцца высокай грамадзянскай пазіцыяй, бескампраміснасцю ў барацьбе з недахопамі нашага жыцця:

Я ненавіджу тоўстыя каркі

Тупых чыноўніцкіх твараў,

Спрытных да хабару, “левае” чаркі

І розных там іншых “навараў”.

(Верш “Я не ўмею зусім прытварацца”).

У байцы “Есць і п’е, а дабра не думае” аўтар у вобразе жабы высмейвае тых людзей, якія бачаць у родным краі толькі недахопы:

Паслухаў рак, як жаба плача-лае,

І кажа ёй: “Чаго крычыш, дурная,

Калі табе не любы гэты кут,

Чаго ж сядзіш ты тут?»

Другі плюе нам, беларусам, у вочы,

А купіну змяніць не хоча.

Рыгора Якаўлевіча хваляваў лёс не толькі роднай краіны, але і лёс роднай мовы. У вершы “Балада аб Беларусі” ён успамінае, што калісьці:

Родныя словы над светам луналі,

І хвалі балтыйскія гойдалі іх.

Князі і князёўны на іх размаўлялі,

На іх і вучылі дзетак сваіх.

У гэтым вершы, а таксама ў вершы “Аб родным слове” паэт заклікае не забываць родную мову, не верыць тым, хто хоча “ад сэрца яе адарваць”.

Многа вершаў прысвечана настаўніку, яго высокароднай і разам з тым нялёгкай працы. У аднайменным творы аўтар адзначае:

Ты сееш “разумнае, добрае, вечнае”,

Спакою не знаеш ні ноччу, ні днём.

З цемры выводзіш душу чалавечую,

Яе напаўняючы мудрым святлом.

Рыгор Якаўлевіч вельмі любіў беларускую прыроду, лес, асабліва – бярозавы гай. Любіў збіраць грыбы. Калі сустракаў прыгожы пейзаж, доўга стаяў і любаваўся ім. Часта, седзячы на пяньку або на паваленым дрэве, складаў вершы. Гаварыў, што ў лесе яму “лёгка дыхаецца і добра думаецца”.

Любоўю да Радзімы, захапленнем прыгажосцю яе краявідаў пранікнуты вершы “Каля лесу на ўзвышшы”, “Тры ядлоўцы пад акном”, “Сярод кустоўя хмызняку” і іншыя. Нават у мароз і завіруху, калі дрэвы стаяць у інеі, паэт узрушана ўсклікае:

І ўся прырода, а не толькі дрэвы,

Шле чалавеку радасць і святло.

Здаецца, у царстве снежнай каралевы

Такіх шыкоўных цудаў не было.

(Верш “Прыйшла зіма з марозам, завірухай”).

У зборніку шмат баек, тэматыка якіх адлюстроўвае пульс часу напружаных 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, гадоў так называемай перабудовы. Гэта байкі “Прыстасаванец”, “Як дзед Янка грошы мяняў”, “Пекная асоба”, “Дзед, бабка і візіткі”, “Баран на п’едэстале” і другія.

Поўныя іскрамётнага гумару вершы пра аматараў рыбалкі, іх прыгоды: “Лоўля рыбы паплаўкамі”, “Торба з карасямі”, “Кастусёвы прыгоды”, “Ранкам на возеры”. Гэтыя творы нельга чытаць без усмешкі. Як бы прадмовай да іх з’яўляюцца наступныя радкі:

Заўжды ў рыбацкім акружэнні

Бываюць розныя здарэнні:

Ці то прыгода, ці праявы,

Наогул, выпадак цікавы

Такі, бывала, падвярнецца,

Жывот ад смеху надарвецца.

(Верш “Як Мікола сазана купаў”).

Мяккім духоўным святлом авеяны лірычныя вершы, прысвечаныя вернай спадарожніцы жыцця – Марыі Феліксаўне. Нават непрацяглая разлука з каханай выклікае сум і трывогу.

Я адзін ды адзін … і сягоння, і ўчора.

На падворку вясной замянілась зіма.

Ты сказала: “Прыеду ў наступны аўторак”,

І аўторак прайшоў, а цябе ўсё няма.

(Верш “Я адзін ды адзін”).

За шматгадовую педагагічную дзейнасць, поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Рыгор Якаўлевіч Ваўчок у 1970 годзе ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу”, а таксама шматлікімі ганаровымі граматамі, занесены ў кнігу “Памяць” гісторыка-дакументальнай хронікі Ашмянскага раёна.

Пайшоў з жыцця 14 сакавіка 1997 года.

З глыбокай павагай, як ужо адзначалася, успамінаюць Рыгора Якаўлевіча Ваўчка былыя выхаванцы дзіцячага дома ў Карлаўшчыне. Памятаюць яго настаўнікі і былыя вучні сярэдняй школы №1 горада, а таксама выкладчыкі Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа. Часцінкай памяці аб ім стаў абсталяваны ў народным музеі школы стэнд і тэматычная экскурсія “Педагог і паэт”. Няхай жа такой часцінкай памяці пра педагога, кіраўніка, творцу, гуманіста, прыстойнага і шчырага чалавека стануць і радкі гэтага артыкула.

Рамуальда АНУФРЫЕВА,

кіраўнік народнага музея гісторыі школы № 1 Ашмян.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *