Валянціна Бельская. Прайсці праз полымя вайны

Общество

Валя Бельская нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей. Яна была трэцім дзіцём. Яе дзяцінства прайшло ў вёсцы Мокіш Хойніцкага раёна. У той час бацька Валі працаваў старшынёй калгаса, быў камуністам. У іх доме часта збіраліся аднавяскоўцы па розных пытаннях. Маленькая Валя была заўсёды рада новым людзям. Яна прыслухоўвалася да размоў, стараючыся зразумець сутнасць справы. Аднак многага з тых дарослых дыялогаў усё ж не разумела. Уцяміла толькі адно – бацька яе дапамагае людзям у важных пытаннях. У бацькоўскай хаце было шматлюдна і весела. Здавалася, што так будзе заўсёды. Аднак у адзін міг усё раптоўна змянілася. Дзяўчынцы тады было дванаццаць год. Размераны быт, спакой і гармонія замяніліся на роспач, слёзы і тугу. Пачалася Вялікая Айчынная вайна…

Дзяўчынка назірала за тым, як людзі цэлымі сем’ямі адпраўляюцца ў эвакуацыю, з цяжкім сэрцам пакідаючы родны дом і ўсе нажытыя рэчы. Закранулі перамены і сям’ю Валянціны. Тата адразу ж увайшоў у склад партызанскага атрада, а мама з дзецьмі была вымушана адправіцца ў эвакуацыю. Тады бабуля папрасіла Валю, якая была яе любімай унучкай, не ехаць разам з маці і астатнімі дзецьмі. “Дзетачка, вайна праз тры месяцы скончыцца. Маці вернецца. А ты заставайся са мной. А то што ж мне адной рабіць!” – прасіла бабуля. І дзяўчынка вырашыла застацца. У той час была вялікая колькасць здраднікаў. Менавіта яны і выдалі тату Валянціны, які быў у складзе партызанскага атрада. У хуткім часе фашысцкія карнікі расстралялі бацьку. Гэта вестка раніла дзіцячае сэрца, зруйнавала ўсе мары і спадзяванні на шчаслівую будучыню. Аднак смерць роднага чалавека была не апошнім ударам. Сапраўдны жах яшчэ быў наперадзе. Чарговым днём па вёсцы пайшла погаласка аб тым, што нямецкія карнікі ўварваліся ў населены пункт. Тады бабуля схавала ўнучку ў прыпечак, дзе сядзелі кураняты. Дзяўчынка ад страху выдаць сябе амаль не дыхала. Немцы ж увайшлі ў хату і забілі бабулю, закалоўшы яе. Слёзы беглі па твары дзяўчынкі. Здавалася, што гэтаму жаху не будзе канца.

Так Валя засталася зусім адна ў роднай вёсцы. Зразумела, што ў суседніх хатах жылі далёкія родзічы, сябры, суседзі, але спачатку ніхто не адважваўся ўзяць да сябе дачку члена партызанскага атрада і камуніста. Крыху пазней адна з цётак усё ж узяла пляменніцу да сябе. Як псіхіка дванаццацігадовай дзяўчынкі вытрымала ўсе гэтыя выпрабаванні, сказаць складана, бо і пасля на вачах Валі разгортваліся трагічныя сцэны. Была забіта яе сяброўка, а яна сама падчас абстрэлу ляжала на голай зямлі, малюючы на пяску крыжыкі і спадзеючыся выжыць. Яе дзяцінства было апалена вайной, а ўспаміны складаліся з балючых і горкіх момантаў. Хацелася, каб хутчэй скончылася вайна, перасталі паміраць людзі, вярнулася мама з астатнімі дзецьмі з эвакуацыі. І яе мара спраўдзілася. Вайна скончылася. І мама з дзецьмі вярнуліся ў вёску.

За гэты час Валя зусім адвыкла ад мамы. Ёй складана было вымавіць гэтае слова, а жыццё ў сям’і спачатку выклікала моцны дыскамфорт. Але неабходна было жыць далей, будаваць уласную будучыню, працягнуць школьную адукацыю. Валя зноў пачала хадзіць у школу. Але ўжо не было той гарэзлівай і бесклапотнай Валі Бельскай. Была сур’ёзная і разважлівая Валянціна, якая ведала высокі кошт міру і жыццю.

У дваццацігадовым узросце дзяўчына паступіла ў Мазырскі настаўніцкі інстытут на літаратурны факультэт. Яна разумела вялікую патрэбу ў настаўніках і выхавацелях, бо шмат іх загінула на франтах. У 1951 годзе пасля заканчэння навучальнай установы маладая спецыялістка была размеркавана ў Маладзечанскую вобласць, а ўжо адтуль – у Палянскую сямігодку Ашмянскага раёна. Тут, у Палянах, пачаўся іншы жыццёвы этап. Новыя людзі, новая мясцовасць, абавязкі – усё гэта хоць неяк перакрывала трывожныя ўспаміны пра вайну.

Першапачаткова Валянціна Цітаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, моцна саромелася праводзіць урокі, бо яе першыя вучні амаль не адрозніваліся па ўзросце ад яе. Хлопцы не раз бянтэжылі маладую настаўніцу жартамі. Аднак з цягам часу прыйшоў вопыт і прафесіяналізм. Школа стала сапраўднай аддушынай для маладой настаўніцы, якая жыла сваім прадметам, з павагай адносілася да дзяцей, старалася выхаваць кожнага. Менавіта ў школе яна сустрэла свайго будучага мужа, які аднойчы прывёз сюды брыкет. Пазней у сям’і нарадзілася трое дзяцей – дзве дачкі і сын. Аднак Валянціна Цітаўна не прызнавала доўгіх дэкрэтных адпачынкаў. У хуткім часе пасля нараджэння дзяцей жанчына выходзіла на працу, а яе дзеці з малых гадоў шмат часу праводзілі ў школе.

Валянціна Цітаўна вельмі любіла мастацкую літаратуру. Творы беларускіх аўтараў захаплялі педагога. Яна магла перачытваць іх бясконца і адкрываць для сябе ўсё новыя дэталі. На ўроках літаратуры школьнікі з захапленнем слухалі аповеды настаўніцы. Асабліва трапяткой і хвалюючай заўсёды была тэма вайны. Разглядаючы творы на ваенную тэму, у вачах педагога не раз стаялі слёзы, бо пра вайну жанчына ведала не толькі з кніг і мастацкіх фільмаў.

У 2022 годзе жанчыны не стала. Яна пражыла няпростае жыццё. Былі ў ім боль, горыч, расчараванне, страты, але была і любімая справа, сапраўднае каханне, удзячнасць. І сёння дзеці ашчадна захоўваюць чамадан з паштоўкамі ад удзячных вучняў, якія дасылалі лісты з розных куткоў. Валянціна Цітаўна, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не раз даставала гэтыя паштоўкі, сядала за стол і яшчэ раз перачытвала цёплыя словы віншаванняў ад сваіх вучняў. Некаторыя асабіста прыязджалі да настаўніцы, каб павіншаваць са святам або проста сустрэцца і пагутарыць, бо настаўніца была ўвасабленнем дабрыні, справядлівасці і міласэрнасці. За 40 гадоў педагагічнай дзейнасці яна выхавала шмат адукаваных і культурных асоб. Прайшоўшы праз агонь ваеннай навалы, яна здолела ўсвядоміць важныя рэчы і зразумець, што жыццё – гэта вялікі дар, які нельга змарнаваць.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *