Падарожжы, пчолы, творчасць: як на пенсіі не страціць смак жыцця?

Общество

У творчай скарбонцы Рыгора Барадуліна ёсць верш, радкі якога прымушаюць задумацца над многімі рэчамі: “Чалавек не ўзнікае так — ён збываецца, адбываецца, як ратай, як дзівак, як мастак, ад якога свет адбіваецца”.

Сапраўды, асоба адчувае сябе камфортна толькі ў тым выпадку, калі рэалізуе ўласныя таленты і жыве актыўным жыццём, падтрымлівае парадак і ў сваім сэрцы, і ў сваім падворку. Гэта дапамагае напоўніць быццё дынамізмам і рухам. На жаль, не ўсе могуць пабудаваць сваё жыццё згодна з гэтымі прынцыпамі. Але тыя людзі, якія спрабуюць так жыць, адчуваюць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі і патрэбнымі.

Марыю Макевіч ведаюць многія ў горадзе. Жанчына з’яўляецца сталай наведвальніцай аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, спявае ў хоры ветэранаў, удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца на базе аддзялення. Акрамя таго, яна паспявае ўдзяляць час сваім любімым справам. У свой час жанчына атрымала спецыяльнасць заатэхніка, а пасля на працягу дваццаці двух гадоў працавала старшым заатэхнікам па пчалаводстве. Любоў да пчалярскай справы жанчына пранесла праз усё жыццё. І сёння на лецішчы дбайнай гаспадыні ёсць месца каляровым домікам. У сезон жанчына некалькі разоў на тыдзень прыязджае ў вёску. Перш-наперш яна апранае пчалярскі касцюм, ідзе прывітацца з крылатымі гадаванцамі. Яна адзначае, што заўсёды размаўляе з пчоламі, а яны яе чуюць і разумеюць. Марыя Іосіфаўна папярэджвае — пчолы не любяць пах алкаголю, касметычных сродкаў, парфюму. Таксама яны варожа адносяцца да людзей, якія вельмі гучна паводзяць сябе на пасецы. Астатніх гасцей крылатыя насельнікі сустракаюць гасцінна.

Аднак не толькі пчолы вабяць жанчыну. Працяглы час яна займаецца развядзеннем трусоў. Шэрыя, рудыя, белыя — ад разнастайнасці колераў і парод разбягаюцца вочы. Кожная парода па-свойму патрабавальная. Непадалёк ад клетак заўсёды знаходзіцца кошка. Віляючы пухнатым хвастом, яна сцішана назірае за суседзямі. Гаспадыня адзначае, што кошка паспела падружыцца з трусамі. На канікулы да бабулі любяць прыязджаць і ўнукі. Іх вабіць жывы заапарк, які размясціўся на падворку. Марыя Іосіфаўна дазваляе малечам пакарміць трусоў, дапамагчы ачысціць клеткі. Ад гэтага гарэзлівыя вочкі дзяцей загараюцца сапраўднай радасцю.

Марыя Макевіч не можа сядзець без справы. Яна стараецца рэалізоўваць уласныя здольнасці і таленты. У зімовы час яе нярэдка можна заўважыць з лыжамі, у летні — з кійкамі для скандынаўскай хадзьбы. Любіць яна і падарожнічаць. З гонарам жанчына апавядае, што аб’ездзіла амаль усю Беларусь, завітала ў кожную вобласць, пабывала ў многіх раёнах. З захапленнем Марыя Іосіфаўна распавядае пра архітэктурныя помнікі, якія ёй давялося ўбачыць, рачулкі і азёры. Вандроўкі прымушаюць адкрыць сваю краіну па-новаму, яшчэ больш яе палюбіць.

Нядаўна жанчына захапілася саломапляценнем. Вырабы з саломы падаюцца Марыі Іосіфаўне незвычайнымі, каларытнымі і па-сапраўднаму беларускімі. Яны быццам звязваюць з мінулым, не даюць забыцца пра свае карані.

Акрамя гэтага, жанчына кіруе аўтамабілем. Супрацоўнікі ДАІ ведаюць у твар аўтамабілістку са стажам і пры сустрэчы ветліва ўсміхаюцца. Марыя Іосіфаўна адзначае, што ёй даводзілася сядзець не толькі за рулём аўто. У свой час яна ездзіла яшчэ і на матацыкле. Гледзячы на жанчыну, прыходзіць разуменне, што галоўнае ў жыцці — маладосць душы. Людзі, якія не звяртаюць увагі на свой узрост, паспяваюць рэалізоўвацца ў многіх накірунках. Марыя Макевіч таксама не ставіць перад сабой абмежаванняў і гэтым самым дае прыклад маладому пакаленню.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *