Сёлета ў сценах краязнаўчага музея акцыя “Ноч музеяў” прайшла ў 15-ы раз. Аб гэтым расказала падчас чарговага мерапрыемства дырэктар музейнай установы Настасся Навіцкая. Вітаючы ўдзельнікаў акцыі, сярод якіх работнікі раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, семікласнікі СШ № 2 разам з класным кіраўніком Вольгай Дваранскай, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылага ўзросту ТЦСАН і проста зацікаўленыя гісторыяй свайго рэгіёна людзі, Настасся Васільеўна заінтрыгавала сюрпрызамі і падарункамі, якія чакалі падчас насычанай вячэрняй праграмы, і пажадала ўсім прыемных уражанняў. Загадчык сектара культуры Ашмянскага райвыканкама Вольга Барысенка-Рабко павіншавала гасцей з юбілейным мерапрыемствам і падзякавала за цікавасць да гісторыі роднага краю, якая з’яўляецца падмуркам айчыннай культуры, уплывае на нашы каштоўнасці, традыцыі, звычаі і іншыя аспекты грамадскага жыцця.
Першая частка музейнай імпрэзы пад назвай “І ажывуць гісторыі старонкі…” распачалася на вуліцах горада. Нягледзячы на дождж, удзельнікі акцыі рушылі па маршруце распрацаванага супрацоўнікамі музея квэсту. На кожным прыпынку іх чакаў цікавы аповед з гісторыі горада і чарговае заданне, справіўшыся з якім, можна было перамяшчацца далей. Тэма Вялікай Айчыннай вайны скразной ніткай праходзіла праз усе кропкі маршруту. Яўрэйскае гета і сінагога, партызанскі рух, жыццё ў акупаваным горадзе, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы вуліцы нашага горада, звычайныя на першы погляд будынкі, якія сталі часткай нашай гісторыі… Крок за крокам удзельнікі квэсту перамяшчаліся да фінальнай кропкі маршруту – брацкай магілы ў гарадскім парку. У знак памяці аб 294-х пахаваных тут вайскоўцах на гранітны пастамент ляглі кветкі – сімвал нашай вечнай памяці аб пакаленні воінаў-вызваліцеляў.
Мерапрыемства прадоўжылася ў сценах музея. Падсілкаваўшыся салдацкай кашай і гарачым чаем, госці сталі ўдзельнікамі канцэртнай праграмы, зладжанай артыстамі народнага ансамбля “Жытніца” Кракоўскага сельскага клуба Святланай Ганусевіч, Валянцінай Горыд, Марынай Горыд і Аляксандрам Пашкоўскім. Песні ваеннай пары спявалі ўсе разам, слухалі цікавыя звесткі пра гісторыю іх напісання і не верылі, што “Вясна 45-га года” ўпершыню прагучала ўжо ў пасляваенны час. Напісаны Міхаілам Ясенем і Ігарам Лучанком у 1985 годзе “Майскі вальс” усе мы лічым хітом пераможнай вясны, што гучыць штогод на кожным свяце 9 Мая, гэтак жа як і “Дзень Перамогі” – свяшчэнны гімн мільёнаў людзей, створаны да 30-годдзя Вялікай Перамогі.
Франтавыя песні неўпрыкмет з’ядналі людзей розных пакаленняў – падлеткаў, жыццё якіх яшчэ толькі пачынаецца, і людзей сталага веку, якія на ўласныя вочы бачылі вайну. Дзіцячыя ўспаміны Клаўдзіі Васілеўскай – 1938-га года нараджэння і Святланы Лемешавай, якой пра вайну расказвала маці, аповеды школьнікаў пра ваенныя падзеі са слоў прабабуль і прадзедаў – гэта повязь пакаленняў, з’яднаных памяццю пра гераічнае мінулае сваёй краіны.
На мерапрыемстве, зладжаным супрацоўнікамі краязнаўчага музея, гэта памяць была падмацавана гістарычнымі фактамі, фотадакументамі, фільмам (да прагляду гасцям была прапанавана кінастужка “Вайна пад стрэхамі”) і непамерным жаданнем несці звесткі пра гэтыя падзеі сваім землякам – каб ваенная навала больш ніколі не кранула нашу зямлю.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.








