Праект завяршыўся,добрыя справы жывуць

Главное

Вось і падведзены канчатковыя вынікі праекта «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак «КУТ», які на працягу года рэалізоўваўся ў Кальчунскім сельскім Савеце. За гэты час тут адрамантаваны масток на Будзёнаўку і дзіцячая пляцоўка ў Кальчунах, пасаджаны сад у вёсцы Мардасы, праведзены конкурсы «Гаспадар-2014», «Мой родны кут», адзначаны дыпломамі арганізатары добрых спраў.

На працягу амаль цэлага года Кальчунская сельская бібліятэка была эпіцэнтрам добрых і карысных спраў, якія паўплывалі на жыццё жыхароў усяго сельскага Савета, ды і не толькі. Мастком на Будзёнаўку сёння без боязі, бо грунтоўны, могуць карыстацца ўсе.


Думаецца, што і яблыкамі, якія саспеюць праз некалькі год у садзе, пасаджаным жыхарамі Мардасоў, пашчасціць паласавацца ўсім, хто трапіць у гэту мясцовасць. Дый дзіцячая гульнявая пляцоўка ў Кальчунах з радасцю прыме любую матулю, якая захоча пагуляць тут са сваім дзіцем.

Хтосьці скажа, а пры чым тут бібліятэкар? Гэта ж зусім не яе справа. Выдаў кнігі, правёў мерапрыемства  і — будзь спакойны. Аднак так пра каго іншага можна сказаць, толькі не пра Алену Адольфаўну Шкелда. Дэпутат мясцовага Савета, стараста вёскі са шматгадовым стажам, напачатку яна і сама не думала, што так усё закруціцца і, задуманы  як культурны, праект выйдзе за межы бібліятэчнай прасторы.

Гаспадыня бібліятэкі Алена Адольфаўна Шкелда стала пераможцам у конкурсе міні-праектаў ТАНДЭМ – II, фінансуемых на тэрыторыі Беларусі ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі асветніцкім грамадскім аб’яднаннем “Фонд імя Льва Сапегі”. У выніку праект бібліятэкара “Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак “КУТ” быў адобраны Еўракамісіяй у намінацыі “Партнёрства паміж мясцовымі ініцыятывамі і ўладай”, а Алена Адольфаўна  стала арганізатарам і правадніком цікавых ідэй у свет.

— Напачатку была задача палепшыць работу з жыхарамі аддаленых населеных пунктаў, якія застаюцца без інфраструктуры – бо закрываюцца бібліятэкі і клубы, — адзначыла Алена Адольфаўна падчас выніковага семінара “Значэнне праекта “КУТ” для жыхароў сельскага Савета”. — Але ж людзі чытаюць, яны павінны мець доступ да інфармацыі. Як трымаць сувязь з гэтымі маленькімі вёскамі? Безумоўна, праз старастаў. На гэта і быў скіраваны праект па стварэнні клуба старастаў на базе  нашай бібліятэкі. Але ён не абмежаваўся толькі інфармацыйнымі і культурнымі мэтамі.

Любая ідэя альбо ініцыятыва патрабуе падтрымкі грамадскасці, актыўных і неабыякавых людзей. Таму праект свой ажыццяўляла жанчына ў партнёрстве з сельвыканкамам, раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Задаволена Алена Адольфаўна, што праз праект змагла ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу бібліятэкі. Створаны пры бібліятэцы сацыяльна-інфармацыйны цэнтр дазволіў набыць сучаснае абсталяванне (ноўтбук, праектар, экран, стэнды), якое актыўна выкарыстоўваецца ў рабоце. Пры бібліятэцы працуе група валанцёраў, у склад якой уваходзяць вучні старэйшых класаў мясцовай школы. У іх распараджэнні тры веласіпеды. Акрамя таго, што валанцёры аператыўна могуць данесці інфармацыю да людзей у аддаленыя вёскі, усім жадаючым актывісты-падлеткі змераюць артэрыяльны ціск: на сродкі праекта набыты танометр. Дарэчы, пакарыстацца медыцынскім прыборам можна і  ў бібліятэцы. Дзякуючы праекту ў холе ўстановы культуры размясціўся тэнісны стол, што прыйшлося дасподобы мясцовым дзецям. А вось той, хто цікавіцца народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, можа праявіць сябе ў ткацтве: з праекта прафінансавана пакупка ткацкага станка.

Падчас ажыццяўлення праекта клубам старастаў вёсак “КУТ” быў праведзены “круглы стол” і семінар з удзелам органаў мясцовай улады і грамадскасці. Асноўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на такіх сустрэчах, тычылася ўдзелу грамадзян у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Менавіта праект стаў яскравым прыкладам таго, як мясцовыя жыхары згуртоўваюцца для вырашэння ўзнікшых вясковых праблем.

Важнае месца ў праекце занялі конкурсы, арганізаваныя клубам. Іх вынікі былі падведзены на фестывалі народнай культуры “КУТарскі фэст”, у якім узялі ўдзел жыхары ўсіх вёсак сельсавета. Дыпломы і прызы атрымалі пераможцы конкурсаў “Гаспадар-2014” – на самы прыгожы і ўтульны вясковы падворак, а таксама конкурсу дзіцячай мастацкай творчасці “Мой родны кут”. Дыпломамі адзначаны  і арганізатары  добрых спраў.

На рэалізацыю праекта грамадскім аб’яднаннем “Фонд імя Льва Сапегі” было выдаткавана 9000 еўра. Падрабязную справаздачу на семінары аб выкарыстаных сродках зрабіла бухгалтар праекта Марына Мантур.

У рэалізацыі праекта “Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак “КУТ” пастаўлена кропка. А што далей? На гэтае пытанне Алена Адольфаўна Шкелда адказала:

— Будзем іншыя справы рабіць. У клуба старастаў ужо ёсць новыя ідэі. Ды і мясцовыя жыхары добра разумеюць: калі захацець, то можна многае зрабіць. У гэтым не трэба нават і сумнявацца.

Што ж датычыцца  далейшых праектаў, завадатарамі якіх выступаюць работнікі культуры, то начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Балінская падзялілася новай задумай: ужо гатовы праект па добраўпарадкаванні і наданні статуса турыстычнага аб’екта  Нявесцінаму каменю — помніку прыроды, размешчанаму на тэрыторыі Навасёлкаўскага седьсавета. Да яго ажыццяўлення супрацоўнікі культуры прыступяць у наступным годзе. Фінансавацца ён будзе таксама з фонда імя Льва Сапегі.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *