У Ашмянскай раённай бібліятэцы аформлена выстава да Дня памяці ахвяр спаленых вёсак

Культура

22 сакавіка 1943 года фашысцкімі карнікамі была знішчана беларуская вёска Хатынь: 149 чалавек, з іх 75 дзяцей, жыўцом згарэлі ці былі расстраляны фашыстамі і іх памагатымі. Вёска была спалена дашчэнту.

Трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да мірнага насельніцтва. У 1969 годзе на месцы крывавай трагедыі быў узведзены архітэктурна-скульптурны ансамбль пад адкрытым небам у знак памяці аб ахвярах фашызму на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1945 гады.

Супрацоўнікі Ашмянскай раённай бібліятэкі таксама свята захоўваюць памяць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Імкнуцца данесці да наведвальнікаў інфармацыю аб зверствах фашысцкіх акупантаў і гераізме беларускага народа, які разам з усім савецкім народам адстаяў незалежнасць і здабыў Перамогу над ворагам.

У чытальнай зале бібліятэкі аформлена кніжная выстава “Хатынь: трагедыя і памяць”, на якой прадстаўлены кнігі, ілюстраваныя альбомы, дакументальна-публіцыстычныя матэрыялы, ксеракопіі, мастацкія творы, прысвечаныя Хатынскай трагедыі. Сярод экспануемых выданняў – кнігі “Хатынь” (укладальнік Наталля Кірылава), “Хатынь. Трагедыя беларускага народа” (Артур Зельскі), аповесці Алеся Адамовіча “Карнікі”, “Хатынская аповесць”, зборнік Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі…” і іншыя.

Матэрыяламі літаратурнай выставы цікавяцца як дарослыя, так і падлеткі, моладзь. Асабліва западаюць у душу вершаваныя радкі Аркадзя Куляшова “Над спаленай вёскай”, Bасіля Жyкoвiча “Бyceл нaд Xaтынню”, Aнатоля Bяpцiнcкага “Beчны coн, вeчны звoн”.

Праз мастацкае слова чытачы больш даходліва ўспрымаюць падзеі мінулых гадоў, трагедыю, мужнасць і гераізм нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Галіна ПАЛУБІНСКАЯ, метадыст сектара маркетынгу Ашмянскай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *