На тэрыторыі Ашмянскага раёна ўжо зафіксавана 5 выпадкаў выпальвання сухой расліннасці пад корань. У сувязі з гэтым ратавальнікі Ашмянскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях актывізавалі прафілактычную работу сярод насельніцтва па недапушчэнні выпальвання сухой расліннасці.
Работнікі МНС разам з карэспандэнтам раённай газеты пабывалі ў патэнцыяльных пажарна-апасных сельсаветах раёна – Жупранскім, Барунскім і Гальшанскім.
Падчас рэйдаў работнікі МНС праводзілі прафілактычныя гутаркі з насельніцтвам і растлумачвалі небяспеку выпальвання сухой расліннасці, давалі рэкамендацыі, якія дапамогуць пазбегнуць надзвычайных сітуацый. Яны нагадалі пра абавязковы пастаянны кантроль за агнём і падрыхтаваныя месцыдля спальвання смецця: пляцоўка павінна быць ускапана, а побач — знаходзіцца сродкі тушэння.
Для замацавання інфармацыі ратавальнікі ўручылі жыхарам раёна тэматычныя сувеніры прафілактычнага характару.
МНС нагадвае, што выпальванне сухой расліннасці катэгарычна забаронена. Тым, хто ўсё ж плануе наводзіць парадак на тэрыторыі шляхам спальвання смецця, рэкамендуецца рабіць гэта ў бязветранае надвор’е, пад пастаянным кантролем і з выкарыстаннем першасных сродкаў пажаратушэння, а таксама выбіраць бяспечную адлегласць ад жылых дамоў і пабудоў.


