На пачатку сакавіка віталі вясну ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна. Мерапрыемства прайшло ў народным стылі і стала сапраўдным святам для душы.
Вядучыя свята — Гаспадар з Гаспадыняй — шчыра віталі ўсіх на святочных пасядзелках і частавалі духмянай гарбатай. А разам з добрымі суседзямі можна было і пагутарыць, і паспяваць знаёмыя ўсім беларускія народныя і аўтарскія песні. Упершыню свята суправаджалі баян і гітара, набытыя за кошт спонсарскіх сродкаў у рамках рэалізацыі праекта “Гэта больш чым музыка”, выдзеленых акцыянерным таварыствам “Атомстройэкспорт”, а таксама раённым аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Менавіта гэтыя музычныя інструменты дазволілі прысутным у поўнай меры атрымаць сапраўдную асалоду ад мерапрыемства.
Неад’емнай часткай свята стаў гумар. Гасцей чакалі жартоўныя гумарэскі, задорныя прыпеўкі, а таксама вяселыя гульні і сапраўдны майстар-клас па народных танцах. Шчыры смех і радасць запоўнілі залу.
Закончыліся пасядзелкі традыцыйным утульным чаяваннем. Наведвальнікі аддзялення з задавальненнем дзяліліся сваімі кулінарнымі шэдэўрамі — ад духмяных бліноў да пірагоў. Паўсюль лунаў водар свежага хлеба і выпечкі. Усе дружна вырашылі, што вясну прывіталі ад душы, і яна абавязкова застанецца з намі!
Спевы, танцы, жарты і, галоўнае, добрыя сябры — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей, незалежна ад узросту. Такія мерапрыемствы, безумоўна, дапамагаюць наведвальнікам аддзялення адчуць радасць жыцця і акунуцца ў атмасферу сяброўства і шчырай падтрымкі.
Дзіяна КУПРЫЯНЮК.


