Відавочна, што працаваць у сельскай гаспадарцы складана. Аднак гэтая сцяжынка ніколі не палохала Уладзіміра Блажэвіча. Да працы на зямлі ён прызвычаены з дзяцінства, якое прайшло ў Мураванай Ашмянцы.
Разам з братам і сёстрамі з маленства дапамагаў бацькам, якія працавалі ў калгасе. Маці даглядала жывёлу на ферме, пасля была загадчыцай зернесклада. Бацька працаваў механізатарам. Увесь вольны час сыны-падлеткі праводзілі каля яго, сачылі за ўвішнымі рухамі мужчыны. Відаць, яго прыклад вызначыў прафесійны і жыццёвы шлях сыноў – абодва абралі няпростую, але высакародную сялянскую справу. Віталь працуе ў КСУП «Крэйванцы» вадзіцелем, Уладзімір — у СУП «АграГродзі» трактарыстам-машыністам. Абодва — на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадарак.
— Ніякага сакрэту поспеху няма, — сцвярджае Уладзімір. — Галоўнае — старанна і адказна ставіцца да абранай справы, любіць тэхніку, сачыць за ёй, тады і вынік будзе.
Пасля школы Уладзімір атрымаў спецыяльнасць механізатара, затым перад службай у войску адвучыўся на вадзіцеля катэгорыі «В» і «С», пазней адкрыў катэгорыю «Е».
Уладзімір працуе ў СУП «АграГродзі» амаль тры гады, кіруе «Амкадорам». Механізатар са стажам, ён лёгка спраўляецца з вялізнай машынай і ювелірна выконвае даручаную работу. Падыход да магутнай тэхнікі ён знайшоў яшчэ падчас работы ў КСУП «Прыгранічны», дзе працаваў вадзіцелем, а пасля перасеў на пагрузчык.
У «АграГродзі», як і ў любой другой гаспадарцы, для такой універсальнай машыны заўсёды ёсць работа. Блажэвіч на сваім «Амкадоры» выконвае шэраг задач: летам трамбуе сянаж ды сілас у траншэі, выконвае пагрузку і разгрузку розных матэрыялаў — саломы, арганікі, кармоў для буйнай рагатай жывёлы. У маршрутным лісце механізатара не толькі Гродзі, але і Дружба, Журавы, Талмінава, Станцыя Ашмяны, Працкаўшчына.
Застаць Уладзіміра Блажэвіча дома ў гарачы сезон, безумоўна, складана, бо працуе ён з раніцы да позняга вечара, а вось зімой застаецца больш часу для сям’і. Увосень Блажэвічы атрымалі кватэру, зараз займаюцца добраўпарадкаваннем. Уладзімір разам з жонкай Ганнай клапоцяцца, каб было прыгожа і ўтульна і самім, і абодвум сынам — Аляксею і Арцёму. У вольны час усёй сям’ёй Блажэвічы спяшаюцца да бацькоў — у Мураваную Ашмянку або ў Цялежышкі, дзе жыве цешча Уладзіміра. Дапамога на вёсцы заўсёды дарэчы.
Гледзячы на бацьку, стаў цягнуцца да тэхнікі і старэйшы сын Арцём. Безумоўна, цікавасць хлопца Уладзімір стараецца падтрымліваць. Зрэшты, якую б прафесію ні выбралі ў будучыні сыны, галоўнае для бацькі, каб яны былі годнымі і адказнымі людзьмі.
Людміла РЫБІК.

