Традыцыі святкавання Каляд у сям’і Герасім

Общество

Атмасферу цяпла, незвычайнай утульнасці і гармоніі, якую даюць Каляды, напэўна, не можа даць ніякае іншае свята.

У сям’і Герасім загадзя рыхтуюцца да свята, думаюць над тым, як будуць упрыгожваць каляднае дрэва. Кожны год дзеці, Насця, Мікалай і Каця, імкнуцца ўнесці штосьці новае і незвычайнае, зрабіць ёлку асаблівай. Аднак мама Юлія і тата Антон сочаць за тым, каб падрыхтоўка была не толькі знешняй, але і ўнутранай — напярэдадні свята ўся вялікая сям’я ідзе ў касцёл, каб прыступіць да споведзі.

Раніца напярэдадні свята з’яўляецца асаблівай для кожнага члена сям’і. Жаночая палова загадзя прадумвае спіс страў, якія аздобяць стол. Ёсць на ім месца не толькі для традыцыйнай куцці, але і для смажанай рыбы, кісялю, посных пампушак і іншай смакаты. Разам з сынам Мікалаем Антон скручвае стол, за якім магла б размясціцца ўся вялікая сям’я, прыносіць сена, рыхтуе аснову для ўсталявання ёлкі. Усё гэта з гадамі ўвайшло ў трывалую звычку.

Гаспадыня дома Юлія адзначае, што Каляды — сямейнае свята, якое вяртае да каранёў і вытокаў, вечарам сям’я Герасім збірае прыгатаваныя стравы і едзе ў Кальчуны — да прабабулі Гэлены Феліксаўны. Менавіта яна з’яўляецца захавальніцай хрысціянскіх традыцый, пільна сочыць за рэлігійным выхаваннем праўнукаў.

Жанчыне нядаўна споўнілася 85 год. У Юліі Герасім з бабуляй звязаны самыя цёплыя ўспаміны. У дзяцінстве менавіта яна вучыла дзяўчынку асновам хрысціянскай веры, знаёміла з традыцыяй святкавання Каляд. Гэлена Замбрыцкая імкнулася, каб дзеці выраслі годнымі і сумленнымі людзьмі, а без пазнання Бога гэта было б немагчымым. Чалавек без веры — што птушка без крылаў. У гэтым Гэлена Феліксаўна ўпэўнена і сёння. На яе долю выпала шмат складанасцей, аднак з дапамогай Бога ўсё вырашалася. Вера была той жыццядайнай сілай, якая ратавала ад дэпрэсіі і духоўнага ўпадку. Сёння, гледзячы на адзінаццаць праўнукаў, якія растуць добрымі людзьмі, жанчына разумее, што калісьці правільна выхоўвала новае пакаленне. Дзеці і ўнукі не толькі самі практыкуюць веру, але і далучаюць да хрысціянскіх традыцый свае сем’і.

Мама, а ты ведаеш, што мне Божае Нараджэнне падабаецца больш, чым Новы год”, — гэтую думку некаторы час таму выказаў сын Мікалай.

Перад Раством Антон і Юлія задумваюцца над тым, што падарыць дзецям на свята. Насця вучыцца ў адзінаццатым класе, аднак і сёння яна чакае свайго падарунка. Сямікласнік Мікалай мудры і дарослы не па гадах. Некаторы час таму хлопчык захапіўся канструяваннем. Малодшая дачушка Каця цікавіцца музыкай. Пакрысе яна асвойвае гітару. Антон і Юлія зазначаюць, што дзеці заўсёды задаволены падарункамі. Яны не выказваюць негатыву і не крыўдзяцца, што атрымалі не тое, што хацелі. І самі імкнуцца парадаваць бацькоў маленькімі прэзентамі. Так яны праяўляюць да таты і мамы сваю любоў і ўдзячнасць.

Вечарам Насця, Мікалай і Каця пільна ўглядаюцца ў неба, жадаючы заўважыць там доўгачаканую зорачку, якая абвесціць радасную навіну аб тым, што Хрыстос прыйшоў у гэты свет у вобразе маленькага дзіцяці. Тады ўся сям’я накіруецца да святочнага стала. Гэлена Феліксаўна як самы старэйшы член сям’і распачне малітву, якую падхопяць усе. Пасля кожны, хто прысутнічае за святочным сталом, выкажа падзяку за станоўчыя моманты, што мелі месца. Вось шчыра ўсміхаецца бабуля Гэлена, лагодна гладзячы па галаве сваіх праўнукаў. А вось унукі дзеляцца аплаткам, жадаючы адзін аднаму поспехаў і здароўя. На сцяне бомкае гадзіннік. Ён нагадвае аб тым, што час ідзе. Аднак свята Божага Нараджэння па-за часам. Як і 2024 гады таму яно нагадвае пра любоў, што нараджаецца не толькі ў віфлеемскіх яслях, але і ў сэрцы кожнага з нас.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *