Кальчунскі творчы тандэм

Культура

“Мы совпали с тобой, совпали…” Так і хочацца працытаваць гэтыя радкі з верша Роберта Раждзественскага ў дачыненні да дзвюх жанчын, якіх аб’ядноўвае адна сфера – культуры і адзін дах, пад якім ужо шмат год месцяцца Кальчунскі Дом культуры і бібліятэка. І хаця гэтыя радкі, пакладзеныя на музыку, безумоўна, з’яўляюцца гімнам каханню, аднак не менш важна супасці сваімі думкамі, поглядамі, адносінамі да абранай прафесіі з калегам.


Каб не толькі выконваць бездакорна сваю работу, але і прыносіць тым самым людзям радасць. Быць ім патрэбным і адчуваць, што мала мець прыгожае рабочае месца і акультураную тэрыторыю вакол будынка, дзе ты працуеш. Куды важней прыносіць людзям карысць. Мажліва, выконваючы пры гэтым не заўсёды свае прамыя прафесійныя абавязкі, траціць на людзей свой вольны час, ніколі не задавацца пытаннем: “А навошта мне ўсё гэта?”, а наадварот, радавацца жыццю і дзякаваць лёсу, што падараваў магчымасць быць камусьці патрэбным. У гэтым яны, бібліятэкар Алена Шкелда і дырэктар Дома культуры Сняжана Кагадоўская, супадаюць, як кажуць, на ўсе сто.

Яны прыкіпелі да гэтай зямлі, да мясцовых людзей і не могуць уявіць сябе ў іншай прафесіі. У кожнай з іх – свой шлях у культуру. Адзінае, што іх звязвае на гэтым шляху, дык гэта жаданне выбраць напачатку зусім іншую прафесію. Алена Адольфаўна хацела быць настаўніцай пачатковых класаў і нават падала дакументы ў педагагічны. Аднак тым летам фартуна яўна была не на яе баку. Між іншым, тады ёй усё ж такі пашчасціла: дзяўчына ўладкавалася бібліятэкарам у Бастунскую бібліятэку-клуб Воранаўскага раёна. Праз некалькі месяцаў прыйшло адчуванне, што бібліятэкар – самая лепшая прафесія на Зямлі. Ужо пераехаўшы на Ашмяншчыну, на радзіму мужа, яна паступае ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.

У Кальчунскай бібліятэцы Алена Адольфаўна Шкелда працуе больш за  сорак год. Калісьці бібліятэчная ўстанова мясцілася ў невялічкім пакойчыку каля 12 квадратных метраў. З кожным годам апантаная жанчына дабівалася, каб плошча пад кнігі павялічвалася. Мясцовыя людзі па-добраму жартуюць: каб Адольфаўне дазволілі, дык яна працягнула б бібліятэку ажно да дарогі! Каб заахвоціць чытачоў, якіх толькі мерапрыемстваў і акцый не праводзіць бібліятэкар. На “дрэве добрых спраў”, што ўжо моцна ўкаранілася ў бібліятэцы, усе вяскоўцы лічаць за гонар пакінуць свой след. Такім чынам Алена Адольфаўна імкнецца не толькі прывіць любоў і павагу да кнігі, але і міласэрнасць, спачуванне да бліжняга. Далёка за межамі раёна ведаюць пра валанцёрскі рух, які бярэ пачатак таксама з Кальчунскай бібліятэкі. Разам з мясцовымі вучнямі жанчына арганізавала школу міласэрнасці. Дзеці прыходзяць, а цяпер ужо і прыязджаюць на веласіпедах да людзей сталага ўзросту, а таксама з абмежаванымі магчымасцямі, каб абмяняць кнігі, данесці цікавую і неабходную інфармацыю, пацікавіцца здароўем і нават змераць артэрыяльны ціск. У гэтым годзе бібліятэкар занялася ажыццяўленнем праекта “Стварэнне і ажыццяўленне клуба старастаў “КУТ”, згодна з якім у бібліятэцы наладжана работа інфармацыйнага цэнтра. Ва ўстанове культуры з’явіўся тэнісны стол з ракеткамі. Цяпер да позняга вечара тут не сціхае гамана. Моладзі і падлеткам ёсць дзе правесці вольны час. За сродкі праекта закуплены ткацкі станок – каб не страчвала моладзь традыцыі сваіх продкаў і адраджала народныя рамёствы, лічыць Алена Адольфаўна. Па ініцыятыве мясцовых жанчын пры бібліятэцы працуе школа здароўя. Пад крылом бібліятэкі і клуба збіраецца фальклорны гурт “Скарбніца”. Пад кіраўніцтвам бібліятэкара сіламі мясцовых жыхароў пабудавана дзіцячая пляцоўка ў Кальчунах. У адной з суседніх вёсак пасаджаны сад. Адрамантаваны стары масток. Усё гэта не можа не радаваць вяскоўцаў. А яна рада таму, што месцічам добра.

На працягу 30 гадоў Алена Адольфаўна выбіралася дэпутатам: і раённага Савета, і мясцовага, да гэтага часу выконвае абавязкі старасты сваёй вёскі. Не пералічыць сёння тых добрых спраў, што запісаны на яе рахунку. Разам з аднавяскоўцамі, са сваімі роднымі яна робіць жыццё вакол лепшым, сваімі ўчынкамі сцвярджаючы простую ісціну, выказаную калісьці матуляй: рабі людзям дабро і не шкадуй на гэта часу і сіл, і яно абавязкова да цябе вернецца.

Гэтую думку раздзяляе са сваёй калегай дырэктар мясцовага Дома культуры Сняжана Кагадоўская. Так склалася, што Сняжана ў сценах Дома культуры гадавалася. Калісьці тут працавала дырэктарам яе мама – Ірына Іосіфаўна Лапейка. Дзяўчынку яна часта брала з сабой на працу. Калі тая стамлялася, разам з Аленай Адольфаўнай паміж стэлажамі з кнігамі жанчына майстравала для яе ложак. Ірына Іосіфаўна не хацела, каб дачка стала культработнікам, і на сямейным савеце было вырашана адправіць Сняжану ў Маладзечанскі ўлікова-планавы  тэхнікум. Ужо ў тэхнікуме ярка праявіліся арганізатарскія здольнасці будучага бухгалтара. Спачатку яна правяла для навучэнцаў дзень імянінніка, а затым навагодняе свята, на якое запрасіла сваіх сяброў з Кальчун – мясцовы вакальна-інструментальны ансамбль. І ўжо да апошніх дзён вучобы ў тэхнікуме  з вялікім запалам пісала сцэнарыі свят і выступала ў ролі вядучай.

Сваю працоўную дзейнасць Сняжана пачала ў сістэме спажывецкай кааперацыі. Маладому прадаўцу было сумна на сваім рабочым месцы, і яна з радасцю бралася за грамадскую дзейнасць. Сакратар пярвічнай арганізацыі Беларускага патрыятычнага саюза моладзі Мураванаашмянкоўскага сельскага Савета арганізавала клуб маладой сям’і, пасяджэнні якога станавіліся ў вёсцы сапраўдным святам. Актыўную творчую дзяўчыну адразу ж заўважылі ў мясцовым клубе. Ала Уладзіміраўна Лыскойць прапанавала ёй пасаду мастацкага кіраўніка. Затым была праца ў Будзёнаўскім і Кальчунскім Дамах культуры, вучоба ў Віленскім педагагічным універсітэце. Трэці год Сняжана Кагадоўская кіруе клубнай установай у сваёй роднай вёсцы.

Па добрай традыцыі ўсе мерапрыемствы клуб і бібліятэка ладзяць разам. Сёння нават цяжка сказаць, якія гурткі і аматарскія аб’яднанні створаны на базе бібліятэкі, а якія – клуба. Дзень дзяцінства, тыдзень дзіцячай кнігі, каляндарныя святы, ранішнікі ў мясцовай школе і дзіцячым садку, наведванні дамоў сацыяльных паслуг у Ленкаўшчыне і Людвікаўшчыне, канцэрты для хлебаробаў – гэта клопат і Сняжаны Іосіфаўны, і Алены Адольфаўны. Мерапрыемствы ў гэтых жанчын заўсёды атрымліваюцца цёплымі і душэўнымі, таму мясцовыя людзі з задавальненнем прыходзяць у клуб і бібліятэку. Калі адпачыць, а калі і падставіць сваё плячо. Клуб і бібліятэка падтрымліваюць цесныя сувязі з калегамі раёна. Заўсёды згаджаюцца прыехаць на святы ў Кальчуны Валянціна Горыд, Наталля Свідрыцкая, Анастасія Дорняк, Наталля Лукашэвіч, Роза Яцуковіч, удзельнікі сямейнага ансамбля “Граўжанцы”. Дапамогу адчуваюць работнікі культуры з боку кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага метадычнага цэнтра, дырэктара ЦБС Марыны Белавус, Сяргея Жыліка, Галіны Палубінскай, Наталлі Садоўскай, Вольгі Тарашкевіч.

Кальчунскія актывісткі не ведаюць стомы. У іх дзясяткі планаў і цікавых ідэй, а таму жыццё ў гэтым краі не прыпыняецца. Сваёй энергіяй Алена Адольфаўна і Сняжана Іосіфаўна заражаюць мясцовых людзей, падштурхоўваюць іх да ажыццяўлення карысных і патрэбных вяскоўцам спраў, дзякуючы якім жыццё становіцца лепшым, насычаным яркімі фарбамі і пазітыўным настроем.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *