Свята людзей найважнейшай прафесіі

Образование

Першыя дні кастрычніка для іх асабліва знакавыя і прыемныя. І не толькі таму, што кожны восеньскі ранак сустракае цудоўным сонечным надворем, ні з чым не параўнальным водарам сакавітых яблыкаў, вогненным дываном пажухлага апаўшага лісцяЯк ніколі, у гэтыя дні яны ў цэнтры ўвагі: атрымліваюць шчырыя віншаванні і паштоўкі ад былых і сённяшніх вучняў, бо адзначаюць сваё прафесійнае святаДзень настаўніка.


Асаблівы сэнс першая нядзеля кастрычніка мае не толькі для педагогаў, але і для тых, каму яны аддалі часцінку свайго сэрца, каго навучылі не толькі прамудрасцям школьных прадметаў, але і іншым таямніцам жыцця, каму дапамаглі вызначыцца з выбарам прафесіі, стаць асобай. А гэта ўсе мы, кожны з нас.

З удзячнасцю ўспаміналі сваіх педагогаў і ўдзельнікі святочнай імпрэзы, прысвечанай Дню настаўніка. У мінулую пятніцу ва ўрачыста прыбранай зале Дома Саветаў сабраліся кіраўнікі ўстаноў адукацыі, іх намеснікі, настаўнікі і выхавацелі. Шчыра віталі яны сваіх калег, тых, з кім шмат гадоў працавалі поруч, у каго набіраліся вопыту і мудрасці, – ветэранаў педагагічнай працы. Многім з іх, як і ветэрану-франтавіку, былому дырэктару Жупранскай сярэдняй школы Міхаілу Іосіфавічу Крайнову, давялося рабіць першыя крокі ў прафесію ў нялёгкія пасляваенныя гады. Аднак яны з радасцю ўспамінаюць свае першыя ўрокі, зацікаўленых вучняў і тое добрае, чаму заўсёды хацелася вучыць; і сёння з удзячнасцю прыгадваюць імёны сваіх любімых настаўнікаў – тых, што паўплывалі на іх станаўленне.

Цёплыя словы падзякі за плённую працу, шчырыя віншаванні настаўнікам выказалі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Анатольевіч Саванец, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Мікалаеўна Баркоўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Мікалаевіч Кунцэвіч. Сапраўдным падарункам да свята сталі музычныя нумары ў выкананні вучняў і настаўнікаў, а таксама выхаванцаў дзіцячых садкоў.

Па традыцыі на ўрачыстасці заслужаныя ўзнагароды атрымалі тыя, хто плённа працаваў і дасягнуў асаблівых вынікаў у мінулым навучальным годзе. Граматамі і падзякамі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, граматамі раённага ўзроўню адзначаны каля пяцідзесяці педагогаў.

Імёны лепшых настаўнікаў папоўнілі спіс заслужаных работнікаў галіны, занесеных у віртуальную Кнігу гонару Ашмянскага раёна. Гэта былыя і сённяшнія кіраўнікі ўстаноў адукацыі Якаў Міхайлавіч Цукерзіс, Яніна Іванаўна Жвірыдоўская, Сафія Іосіфаўна Кавалёнак, Уладзімір Аляксандравіч Бізюк, Святлана Іванаўна Яблонская, шэраг вопытнейшых настаўнікаў. Новы раздзел Кнігі гонару “Маладосць, перспектыва і талент” адкрылі Марта Мацкевіч з Барунскага ВПК, Вікторыя Місюта з гімназіі №1, Вольга Ярошка, якая працуе ў СШ №3, Наталля Станчык з СШ №2.

Святочны настрой падарыў прысутным ваенны аркестр і калектыў мастацкай самадзейнасці Смаргонскай пагранічнай групы, які далучыўся да віншаванняў людзям найпрыгажэйшай і найважнейшай прафесіі — настаўнікам.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *