Усе на бульбу!

Главное

Нягледзячы на тое, што да нас завітала  восеньская непагадзь, паўсюдна ў Беларусі вядуць уборку бульбы. Працаўнікі вобласці ўбралі больш за палову з запланаваных 6096 гектараў. З палёў звезена 87230 тон клубняў. Шчыруюць і ашмянскія земляробы. Усяго па раёне на 21 верасня ўбрана 163 гектары бульбы. Засталося ўбраць яшчэ 67 гектараў. Ашмянскі ўраджай пакуль пацягнуў на 3989 тон.

Працаўнікі эксперыментальнай базы “Баруны” прыступілі да ўборкі ў пачатку верасня. На полі ля вёскі Чаркасы працуюць тры бульбаўборачныя камбайны. Адзін з іх – самы новы, вырабілі яго на Мінскім мотавелазаводзе па ліцэнзіі галандскай кампаніі. На кожным агрэгаце заняты па чатыры памочнікі – адкідаюць камяні. У іх ліку – Уладзімір Маркоўскі, ён звычайна працуе слесарам у майстэрні, але на час уборкі ўраджаю ён “перакваліфікуецца”: на жніве дапамагаў на зернесушылцы, зараз – вось тут, на бульбаўборачным камбайне.

Працуюць з неблагой аддачай – штодзень убіраюць каля шасці гектараў, накапалі звыш 2700 тон пры ўраджайнасці каля 250 цэнтнераў з гектара. Хоць свае карэктывы ўносяць капрызы тэхнікі і надвор’я, барунцам засталося ўбраць трэць плошчаў.

Прыцягваюць працаўнікоў з іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Так, далучыўся да барунскай талакі Пётр Казіміравіч Лісоўскі. Яго пастаяннае месца працы – торфабрыкетны завод у Кальчунах, аднак падчас уборкі бульбы яго МАЗ перайшоў цалкам  у распараджэнне сялян. За дзень атрымліваецца зрабіць шэсць-сем рэйсаў. Нядрэнна, калі ўлічваць што ў кузаве змяшчаецца каля дзесяці тон клубняў.

Нягледзячы на вялікі план – 155 гектараў, у Барунах практычна поўнасцю адмовіліся ад дапамогі навучальных устаноў. Пры гэтым убрана больш за дзве трэція ад плана. Сяляне вырашылі самі рабіць усё, каб справіцца з пастаўленымі задачамі ў час. Калі мы ўжо пакідалі месца, на поле зарульваў адрамантаваны чацвёрты камбайн.

А вось у СВК “Кракоўка” ад дадатковых рук не адмаўляюцца – абодва гарадскія каледжы і школы раёна выпраўляюць на дапамогу сялянам аўтобусы з працоўным дэсантам. Юныя “дэсантнікі” працуюць прыкладна з дзевяці раніцы да трох гадзін дня з непрацяглымі перапынкамі пасля таго, як завяршаюць чарговую баразну.

У мінулую сераду памочнікі дакопвалі “беларускае золата” на полі ля вёскі Працкаўшчына. З аграрна-эканамічнага каледжа тут працавалі тры групы навучэнцаў – Б-21, Б-22 і У-31. Будучыя бухгалтары і ўпраўленцы шчыравалі, імкнучыся зарабіць працоўны рубель. Куратар адной з груп Алена Іосіфаўна Гаўрыловіч паведаміла, што дапамога ад іх установы разлічана ўсяго на два тыдні – трэба выконваць не толькі працоўны, але і вучэбны план.

Адказнасць за ўборку бульбы ўскладзена на інжынера па ахове працы Івана Францавіча Амбражэвіча. Яму даводзіцца няпроста, бо трэба трымаць руку на пульсе часу, кантраляваць і заахвочваць усіх, так бы мовіць, удзельнікаў працэсу. З дваццаці трох гектараў на гэтым полі заставалася яшчэ чатыры. Працы на дзень, але наперадзе яшчэ другое поле памерам каля пятнаццаці гектараў.

На дзвюх капалках занятыя Іосіф Свірскі і Станіслаў Шукеловіч.

Адвозку бульбы выконваюць чатыры самазвалы і два трактары. Сярод вадзіцеляў вылучаецца Анатоль Станіслававіч Шымановіч, які ў гаспадарцы ўжо сорак тры гады і выйшаў на заслужаны адпачынак. Гэты ўбелены сівізной працаўнік зусім не страціў зухаватага выгляду і бадзёрага настрою. Пастаяннае месца працы другога вадзіцеля, Пятра Адольфавіча Багдзевіча – ПЭС. На сваім трактары ён паспявае рабіць усяго два рэйсы за дзень, у прычэпе месціцца каля шасці тон бульбы. Водзіць трактар гадоў дванаццаць, а на сезонныя работы ў гаспадаркі накіроўваюць зрэдчас, так, як цяпер.

За дзень у сярэднім атрымліваецца ўбраць каля сарака тон бульбы. Усяго ў гаспадарцы пад гэту сельскагаспадарчую культуру адведзена 37 гектараў, ужо убрана больш за палову плошчаў.

Нездарма бульба – самая любімая культура нашага народа,  бо яна сапраўды яднае ўсіх.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *