Гэту машыну можна назваць не проста магазінам на колах. Для многіх аддаленых вёсак — гэта самы жаданы госць і, калі хочаце, сувязь “з вялікай зямлёй”.
Туды, дзе зімой могуць быць замецены дарогі, а па вясне ці восенню размыты дажджамі, заўсёды прыедзе аўталаўка. Яна проста не мае права не даехаць, бо ў адведзены графікам тэрмін яе чакаюць вяскоўцы. Нават калі за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад райцэнтра пражывае на хутары ўсяго толькі адзін чалавек, аўталаўка ўсё роўна адпраўляецца па маршруце.
У нашым раёне асноўная нагрузка па гандлёвым абслугоўванні сельскага насельніцтва кладзецца на Ашмянскі філіял аблспажыўтаварыства. У сістэме спажывецкай кааперацыі раёна 35 магазінаў, 23 з іх — на сяле, а таксама 6 аўталавак — чатыры абслугоўваюць жыхароў Ашмянскага раёна, дзве — Іўеўскага.
Аўталаўкі абслугоўваюць 187 населеных пунктаў на Ашмяншчыне, а гэта чатыры з паловай тысячы насельніцтва. Плюс яшчэ больш за тысячу жыхароў Іўеўскага раёна.
Тое, што для спажывецкай кааперацыі сельскае абслугоўванне насельніцтва – гэта не бізнес, а сацыяльная нагрузка, відавочна. Тут нават і падлікаў не трэба весці. Вялікія выдаткі не закладзеш у цану, таму што тавары будуць каштаваць значна больш, чым у горадзе, прычым у разы.
Што тычыцца цэн, то на некаторыя пазіцыі яны нават меншыя, чым у гарадскіх сеткавых крамах, патлумачылі ў Ашмянскім філіяле абласнога спажыўтаварыства. Найперш, гэта агародніна і фрукты айчынных вытворцаў, закупам якіх займаюцца кааператары.
У Ашмянскім філіяле дбаюць пра кожнага свайго пакупніка. Адпраўляючы аўтафургоны па сваіх маршрутах, тут думаюць найперш аб важнасці забеспячэння ўсім неабходным жыхароў тых вёсак, дзе няма стацыянарнай крамы. Функцыя гэта затратная і вельмі адказная. І гэтую важную місію работнікі спажывецкай кааперацыі выконваюць, мабілізуючы ўсе магчымыя рэсурсы.
Каб размовы гэтыя не былі галаслоўнымі, карэспандэнт рэдакцыі разам з намеснікам дырэктара Ашмянскага філіяла Нінай Рыбак праехаліся па адным з маршрутаў аўталаўкі, каб пагутарыць з вяскоўцамі і на свае вочы пабачыць, як адбываецца гандлёвае абслугоўванне на сяле.
Так як ехалі мы са стараны Гальшан, то вырашылі дачакацца аўталаўку ў Карабах. У гэтай вельмі доўгай вёсцы аўтамагазін спыняецца ў двух месцах. Мы ж пачакалі яго ў цэнтры. На здзіўленне, месцічаў на звыклым прыпынку не аказалася. Аднак пакуль фургон рабіў разварот у канцы вёскі, людзі высыпалі са сваіх хат.
Хлеб, малако, смятана, каўбаса, крупы – звычайны набор вясковага пакупніка. А вось Святлана, якая прыехала на юбілей маці з Расіі, пажадала купіць ікру мінтая. На жаль, такога тавару ў аўталаўцы не знайшлося. Але жанчына не разгубілася – хутка знайшла, чым яго замяніць. Асартымент крамы на колах дазваляе гэта зрабіць без цяжкасці.
— Беларускія прадукты заўсёды высокай якасці, — адзначыла жанчына. — Мы з вялікім задавальненнем купляем каўбасныя вырабы, сыры, смятану. Усё натуральнае і смачнае. Радуе і тое, што гэта наша, беларускае. А што тычыцца аўталаўкі, то прыходзіць яна заўсёды своечасова і ўсё тое, што патрэбна пакупнікам, тут ёсць.
Дзеці падышлі да фургона за марожаным. Прадавец Вольга Юшкевіч, якая працуе на гэтым маршруце ўжо чатыры гады, прапанавала яго некалькі гатункаў. Следам прыйшоў мужчына, які набыў хлеб.
І хаця пакупнікоў аказалася не так і шмат, намеснік дырэктара філіяла Ніна Рыбак адзначыла, што менавіта гэты маршрут дае адну з самых большых выручак — звыш 61 тысячы рублёў у месяц.
Вольга Юшкевіч разам з вадзіцелем Андрэем Свідрыцкім наведваюць штодня 13 населеных пунктаў.
— Ведаю, што хочаце ў мяне запытаць, ці не надакучыла мне трэсціся цэлымі днямі па вясковых дарогах, — смяецца мая суразмоўца. — Не! Менавіта тут, у гэтых вёсках, я адчуваю сябе патрэбнай людзям. Штодня чую ў свой адрас цёплыя словы падзякі. Радуюся, калі дагадзіла людзям, прывезла тое, што яны хацелі. А аўтамагазіну нашаму толькі другі год. Ён амаль новы, утульны і прасторны – са зручнымі стэлажамі і халадзільнай вітрынай. Вось толькі часам па зарослых вясковых вуліцах складана на нашай вялікай машыне праехаць.
Калі гаварыць пра аўтапарк філіяла спажывецкага таварыства, то яшчэ адзін новы аўтамагазін з’явіўся тут дзякуючы абласному спажывецкаму таварыству ў гэтым годзе.
Трэба дадаць, што пятага жніўня Прэзідэнт нашай краіны падпісаў Указ № 309 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі». Дакумент прыняты з мэтай стварэння ўмоў для павышэння якасці абслугоўвання сельскага насельніцтва, а таксама фінансавага аздараўлення арганізацый спажывецкай кааперацыі. Гэта дазволіць палепшыць умовы для развіцця гандлю ў сельскай мясцовасці і ашмянскім кааператарам.
Пакуль мы размаўлялі з Вольгай Юшкевіч, мясцовыя жыхары, набыўшы тавар, разышліся. Хаця, па словах прадаўца, хіба што зімой, у добры мароз, людзі хуценька шыбуюць дамоў. А летам — без размоў пра жыццё аніяк! Некаторыя пакупнікі да прылаўка падыходзяць двойчы, а то і тройчы. Возьме адзін каўбасу, пачне расхвальваць — і зноў усе прыліпнуць да вітрыны. Такі вось ён, сельскі гандаль! Рабочы дзень у аўталаўкі можа скончыцца і пазней, чым звычайна. З маршруту ніхто не сыдзе, пакуль не даедзе да кожнай вёскі. Пакупнікі чакаюць…
Аліна САНЮК.



