Ні разу не была ў Трасечанятах, хіба што праездам – па дарозе з Барун на Гальшаны. І прызнацца, была вельмі здзіўлена, калі даведалася, што ў гэтай невялікай вёсцы Барунскага сельсавета ёсць стацыянарная крама Ашмянскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства.
Аказалася, што і вёска не зусім малая: зарэгістравана тут дзесьці каля 60 жыхароў. Аблюбавалі населены пункт і некалькі сямей са сталіцы: набылі вясковыя хаты пад лецішча і корпаюцца на сваіх участках з ранняй вясны да позняй восені. Нават буслы не супраць пасяліцца ў Трасечанятах. Праўда, не здагадваюцца птахі, што ўжо нікому “не прынясуць” яны немаўля – сталы ўзрост мясцовых жыхароў таму прычына. Сёлета толькі адно дзіця пойдзе адсюль у школу.
Трасечаняты ніколі не вызначаліся аб’ектамі інфраструктуры. Магчыма таму, што да цэнтральнай сядзібы сельсавета і мясцовай гаспадаркі рукой падаць – усяго каля двух кіламетраў. А вось магазін у вёсцы быў заўсёды. Прадавец Алёна Пясецкая, якая працуе тут на працягу 15 гадоў, адзначае, што новы будынак крамы быў узведзены ў цэнтры вёскі яшчэ да яе прыходу – дзесьці ў 2007 годзе, на месцы старога.
Кампактная цагляная пабудова адразу кідаецца ў вочы: найперш, сваёй дагледжанай тэрыторыяй. Двор тут заўсёды абкошаны, а на клумбах аж да позняй восені цвітуць кветкі. Адразу адчуваецца, што працуе ў краме сапраўдная гаспадыня. Парадак, чысціня і ўтульнасць адчуваюцца і гандлёвай зале – зусім невялікай, усяго толькі 20 квадратных метраў. Але дзіву даешся – паліцы і халадзільныя вітрыны шчыльна застаўлены таварам. Здаецца, што тут ёсць усё! А і насамрэч – для вясковай крамы асартымент проста шыкоўны. І, што немалаважна – амаль увесь ён беларускай вытворчасці. Мяса і каўбасныя вырабы пяці беларускіх мясакамбінатаў, дзе без перабольшвання першую пазіцыю трымае ашмянскі. Вялікая лінейка малочных вырабаў: малако, кефір, смятана, тварог, сыр, сметанковае масла, ёгурт і, канечне ж, марожанае! Улетку гэта прадукт нумар адзін. Набываюць яго не толькі дзеці, якія прыязджаюць на вёску да сваіх бабуль. Людзі сталага веку таксама не супраць паласавацца гэтай смакатой.
– Сёння на вёсцы ўжо ніхто не трымае карову. Лягчэй прыйсці ў краму і выбраць тое, што па душы, – адзначае Алёна Іванаўна і ўспамінае, што калісьці ў Трасечанятах было больш за сто кароў. Вядома ж, тады ў мясцовай краме малака не было. А сёння гэты прадукт якой хочаш тлустасці, розных вытворцаў і ў рознай тары.
У размове Алёна Іванаўна адзначыла, што пакупнікі сталі больш выборлівымі: перавагу аддаюць найперш якасці, а не кошту. Калі каўбаса, то вышэйшага гатунку; калі сметанковае масла, то не менш за 80 працэнтаў тлустасці.
Так як крама знаходзіцца пад бокам, прадукты людзі не бяруць пра запас. Некаторыя пакупнікі прыходзяць штодня. І не толькі, каб набыць свежы тавар. Гэта свайго роду рытуал – прыбрацца і пайсці ў краму, сустрэцца з аднавяскоўцамі, падзяліцца навінамі, пагутарыць з Алёнай Іванаўнай. У двары магазіна стаіць лаўка. Штомесяц сюды прыязджае паштовая машына – прывозіць пенсію мясцовым жыхарам. У гэты дзень практычна ніхто не мінае гандлёвы аб’ект. Ідуць у ход тады свежае мяса і мясныя паўфабрыкаты, цукеркі і пячэнне, нават і кава не залежваецца на паліцах.
Алёна Іванаўна за гады працы ў Трасечанятах вывучыла густы ўсіх сваіх наведвальнікаў. Чалавек толькі ступіў на парог, а яна ўжо ведае, што яму прапанаваць і чым пацешыць душу. Назіральнасць прадаўца дазваляе дакладна вызначыць, колькі неабходна заказаць буханак хлеба і хлебабулачных вырабаў (яны, дарэчы, пастаўляюцца з мясцовага хлебазавода тройчы на тыдзень), каб усім хапіла, а з другога боку – і не счарсцвела. Так і з іншым таварам. Часам лепш менш заказаць, але каб заўсёды было свежым, лічыць Алена Пясецкая.
Кіраўніцтва філіяла спажывецкага таварыства заўсёды прыслухоўваецца да просьбаў прадаўца. Каб у спякоту тавар не псаваўся, у зале працуе кандыцыянер. Зімой ён будзе саграваць памяшканне, хаця асноўнае ацяпленне дае кацёл – у халодную пару года ў памяшканні камфортна.
Нумар тэлефона Алёны Іванаўны ёсць у кожнага вяскоўца. У краму можна пазваніць і на стацыянарны тэлефон. І людзі звяртаюцца, хаця кожны і так ведае, калі па графіку прывязуць ашмянскі хлеб, калі прыедзе машына з малочнымі вырабамі “Белакт”, а калі чакаць “Малочны свет” ці “Савушкін прадукт”.
Нягледзячы на тое, што акцэнт у краме робіцца на прадукты харчавання, тут можна заказаць цэмент, шыфер і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Карыстаецца папулярнасцю і камбікорм для жывёлы. Падчас сезону загатовак Алена Іванаўна актыўна вядзе нарыхтоўку яблыкаў. Хаця апад каштуе ўсяго 10 капеек за кілаграм, але калі ўраджай добры і нарыхтоўшчыкі прыедуць з вагамі пад дом, то чаму б і не.
Алёна Іванаўна заўсёды ідзе насустрач людзям. Можа і ў выхадны дзень краму адчыніць, калі край як чалавеку нешта спатрэбіцца. Альбо сабраць торбу прадуктаў для пажылога чалавека, а затым пасля працы яму іх занесці. А калі не атрымаецца ў самой, то адправіць мужа на веласіпедзе.
За такія адносіны людзі ўдзячны свайму прадаўцу. Для іх крама як цэнтр прыцяжэння, дзе цябе не толькі абслужаць як пакупніка, але і заўсёды выслухаюць і дапамогуць.
Аліна САНЮК.
Фота аўтара.


