Праязджаючы праз населеныя пункты, заўсёды вывучаю вясковыя хаты. Найбольшую ўвагу прыцягваюць тыя, дзе даўно спынілася жыццё. У многіх з іх забіты вокны. Падаецца, што старыя хаціны закрылі твар дашчатымі пальцамі, не верачы ў тое, што ніколі тут больш не ўключыцца святло, не загучаць цёплыя размовы, не запахне блінамі і бабкай. Памерлі гаспадары – спыніўся рух, знікла жыццё. Толькі старыя фотаздымкі ды абразы на сценах нагадваюць аб колішнім шчасці, веры і размераным быце. Вось так і стаяць гэтыя адзінокія хаткі. З цягам часу ўсё больш прыходзяць у стан занядбання і запусцення. Аднак не ўсе нашчадкі выракаюцца сваёй вёскі і бацькоўскай хаты. Многія вяртаюцца сюды зноў і зноў, каб набрацца сіл ад родных каранёў, адчуць голас маленства і маладосці. Яны аднаўляюць бацькоўкія хаты, ператвараючы іх у лецішчы, а многія нават пераязджаюць у сваю мясцовасць на сталае месца жыхарства. Для невялічкай вёскі Міхайлоўшчына такая практыка стала даволі распаўсюджанай. Суседзі, беручы прыклад адзін з аднаго, вяртаюць родным хацінам былы велічны выгляд.
Бацькоўская хата любоўю багата
Іван Сцяпанавіч Кулакоў з настальгіяй прыгадвае той перыяд, калі быў маленькім хлопчыкам. Разам з малодшымі братамі вольны час ён праводзіў на прыродзе, купаючыся ў рэчцы або збіраючы грыбы ў суседнім ляску. Бацька, Сцяпан Станіслававіч, у той час працаваў у калгасе вадзіцелем, а матуля, Яніна Антонаўна, – швачкай. Хутка прабег час. Тры сыны выраслі і ажаніліся. У кожнага з’явілася кола сваіх абавязкаў. Аднак па-ранейшаму сыны вярталіся ў Міхайлоўшчыну, каб дапамагчы бацькам у выкананні хатніх спраў. У 2017 годзе бацькі не стала, а ў 2018 – памерла і маці. Бацькі пакінулі дом старэйшаму сыну Івану. У гэты час у яго ўжо быў уласны дом у Мінску і невялікі зямельны надзел ля яго. Суседзі меркавалі, што вясковая хата застанецца пуставаць, аднак Іван Кулакоў вырашыў па-іншаму. Амаль адразу пасля смерці маці ён узяўся за аднаўленне хаты. Спачатку дбайны гаспадар замяніў дах, пасля паклапаціўся аб новай агароджы, крыху пазней сваімі рукамі пабудаваў утульную тэрасу, каб разам з жонкай цёплымі летнімі вечарамі піць гарбату і назіраць за тым, як сонца хаваецца за гарызонт.
Яшчэ праз некаторы час гаспадар зацэментаваў дарожкі і паклаў плітку каля дома. Унутры мужчына вырашыў не рабіць вялікіх змен. Па-ранейшаму ў кутку вісяць абразы святых і Багародзіцы, а над ложкам – распяцце. На месцы засталася і швейная машына матулі. Яніну Антонаўну ў вёсцы ведалі як выдатную рукадзельніцу. Яе вышываныя сурвэткі ды абрусы і сёння ўпрыгожваюць сціплы хатні інтэр’ер. Зусім нядаўна руплівыя рукі гаспадара дайшлі і да кафлянкі. Дбайна і акуратна Іван Сцяпанавіч аднавіў галоўную крыніцу цяпла, надаўшы ёй прывабны і эстэтычны выгляд.
Сям’я Кулаковых прыязджае ў вёску ў сакавіку, а ў Мінск вяртаецца ў канцы лістапада. У Міхайлоўшчыне муж і жонка садзяць невялікі агарод, а тэрыторыю каля дома аздабляюць кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі. Іван Сцяпанавіч прызнаецца, што яго зусім не бянтэжыць адсутнасць цэнтральнага ацяплення і іншых выгодаў, бо родная вёска сагравае яго маляўнічымі краявідамі і даўнімі прыемнымі ўспамінамі.
У сваім краі, як у раі
Насупраць дома Кулаковых знаходзіцца дом Ядзвігі Данілевіч. Гаспадыня, якой нядаўна споўнілася 93 гады, павольна пахаджвае па падворку, назіраючы за сваімі праўнукамі, якія прыехалі пагасціць сюды на лета. Хлопчыкі гарэзліва смяюцца, даганяюць адзін аднаго. Прабабуля пляскае ў далоні, падтрымліваючы іх вясёлы занятак. Акуратны двор, прыгожы дом, невялічкая баня, адмысловая дзіцячая пляцоўка, стракатыя клумбы – усё гэта прыцягвае ўвагу. Ядзвіга Афанасьеўна прыгадвае ваенныя падзеі. У той далёкі час яна жыла на Віцебшчыне, у невялічкай вёсцы Асінаўка. Вялікая сям’я жанчыны паспытала ўсе складанасці ваеннага ліхалецця. Жанчына ўспамінае моманты, калі ёй і старэйшым сёстрам прыходзілася галадаць. Тады сям’я ўжывала ў ежу лебяду, а скарынка хлеба падавалася чымсьці недасягальным. Сёння яна жыве ў іншы час. Дачка Алена і ўнук Дзмітрый адрамантавалі хату, надалі ёй сучасны выгляд, зрабілі ўзорнай тэрыторыю каля дома. Алена пераехала з Мінска да мамы, каб дапамагаць ёй спраўляцца з хатнімі абавязкамі.
— Мама і сёння добра памятае ўсе падзеі, якія адбываліся ў жыцці. З вялікім задавальненнем яна адгадвае крыжаванкі. Яна поўнасцю клапоціцца аб сабе. Мама – гэта душа нашага дома. Сёння мы многае зрабілі ў бацькоўскай хаце, а многае яшчэ толькі запланавалі. Хочацца, каб гэты куточак, у якім вырасла я і мае сёстры, па-ранейшаму квітнеў і развіваўся.
Да Ядзвігі Афанасьеўны часта прыходзяць сяброўкі, а таксама стараста вёскі Наталля Копач. Стараста распытваецца ў жанчыны пра здароўе і жыццё, падбадзёрвае яе і натхняе, падкрэсліваючы, што галоўнай кветкай у прыгожым двары з’яўляецца сама гаспадыня.
Родная зямелька – зморанаму пасцелька
Хата Юрыя Уладзіміравіча Каткоўскага апусцела ў 1986 годзе. Менавіта тады адышоў у вечнасць бацька, а дзесяццю гадамі раней памерла мама. У адзін міг радавое гняздо асірацела: змоўклі родныя галасы, апусцеў агарод, пылам зацярушылася мэбля. Падавалася, што на гэтым гісторыя дома скончана. У самым лепшым выпадку яго прададуць іншым людзям, у горшым – з цягам часу ён паступова разбурыцца. Аднак Юрыю Каткоўскаму не спадабаўся ніводзін варыянт. Ён цвёрда вырашыў для сябе захаваць радавое гняздо, падтрымліваць тут чысціню і парадак.
Паступова гаспадар і яго жонка ўзяліся за працу: аднавілі плот, пафарбавалі фасад, устанавілі арэлі для ўнучкі. Гаспадыня прывезла са сталіцы розныя віды дэкаратыўных кветак, якія ўпрыгожылі клумбы. Хата патанула ў стракатых рамонках, духмяных флоксах, сонечных аксамітках. Гаспадар далучыўся да сталярнай справы. Дзякуючы невялічкаму станку атрымліваюцца якасныя рэчы, без якіх нельга абысціся ў гаспадарцы. Пакуль муж заняты гэтай справай, гаспадыня займаецца агародам: палівае гурочкі, падвязвае перцы, збірае ўраджай таматаў. А вечарам Юрый Каткоўскі сядае на веласіпед, аб’язджае вёску, любуецца яе адмысловымі краявідамі. Менавіта тады яму ўзгадваецца яго маленства, маладыя бацькі, родная хата. Ад гэтых успамінаў робіцца надзвычай цёпла і ўтульна. Яны, быццам машына часу, вяртаюць у мінулае, якое даўно сплыло ў нябыт.
Усякай птушцы сваё гняздо міла
Ніна Уладзіміраўна Дземідзюк дастае з шафы прыгожы фотаальбом, які захоўвае цэлую гісторыю. На чорна-белых фотакартках мільгаюць усмешлівыя твары людзей, а вось і родная хаціна Ніны Уладзіміраўны. Яна ашчадна захоўвае гэтыя фотаздымкі і добра ведае свой радавод. Жанчына ўпэўнена, што шчаслівым быць можна, толькі памятаючы пра свае карані і захоўваючы цесную сувязь з імі. Большую частку свайго жыцця жанчына пражыла ў горадзе Маладзечна, аднак сваім родным краем лічыць Міхайлоўшчыну. Тут яна рабіла свае першыя крокі, вучылася сябраваць, спасцігала таямніцы навук. Акуратным і разборлівым почыркам жанчына падпісала кожны фотаздымак у альбоме. Шчымлівыя подпісы кранаюць сэрца, дапамагаюць адчуць важнасць сямейных каштоўнасцяў у жыцці кожнага з нас.
Жанчына адзначае, што з цягам часу выгляд роднай хаты моцна змяніўся: быў адноўлены фасад, заменены дзверы, адрамантаваны фундамент. Дагледжаная хата, акуратная тэрыторыя вакол яе, маляўнічыя краявіды – усё гэта прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей Міхайлоўшчыны. Часам суседзі пытаюцца аб тым, чаму гаспадары, маючы жыллё ў горадзе, не прадаюць бацькоўскую хату. Гаспадыня ж на гэтае пытанне адказвае мудра: прадаць хату – значыць вырачыся сваёй гісторыі, родных людзей, самага шчаслівага адрэзка жыцця. Бацькоўская хата суцяшае ў складаныя моманты, дапамагае перажыць боль і страту, дорыць крылы і … ніколі не прадаецца.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.









Дзякуй за цудоўны цёплы артыкул на яскравай роднай мове на такую важкую тэму! Сапраўды адноўленыя вясковыя хаты радуюць не толькі вока, але і сэрца. У гэтым глыбокая мудрасць і сапраўдная моц як для роду, так і для ўсяго народу. Хочацца яшчэ каб ў артыкуле былі згаданыя разам з імёнамі гаспадароў хатаў імёны і гаспадынь: жаночы ўклад ў аднаўленне сядзібы і яе жыццё безумоўна заслугоўвае таго.