Іван Жукоўскі: “Калі да справы адносішся з душой, час заўсёды знойдзецца”

Общество

У дзень, калі мы наведалі Ашмянскі РАНС, каб падрыхтаваць да прафесійнага свята нарыс пра старшыну групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання Івана Жукоўскага, мужчына спяшаўся на іншае месца працы. Не, ён не звольніўся з аддзела, а проста пайшоў у водпуск — каб у чарговы, дваццаць першы, раз дапамагчы аграрыям Ашмянскага раёна на жніве.

Для ўраджэнца Агароднікаў Навасёлкаўскага сельсавета гэта звыклая справа — падчас адпачынку, які ён заўсёды бярэ летам, перасесці за штурвал камбайна. “КЗС-1218” ужо зачакаўся свайго гаспадара. Тэхніка верай і праўдай служыць Івану Тадэвушавічу не адзін год і за гаспадарскія адносіны аддзячвае працай без збояў.

— Каб камбайн не падвёў у гарачую пару ўборкі, трэба да яго ставіцца з павагай і разумець, што для гаспадаркі гэта вельмі дарагая забаўка, — адзначае Іван Жукоўскі.  — Кожны чалавек павінен быць на сваім месцы. Сумленнасць і чалавечнасць патрэбны ва ўсім: і ў адносінах да людзей, і ў стаўленні да працы, і да вось гэтага металу, без якога немагчыма ўявіць існаванне аграпрамысловага комплексу. Калі чалавек будзе гэта разумець і дбаць не толькі пра ўласны дабрабыт, то і справа будзе ладзіцца.

Менавіта такога падыходу прытрымліваецца ў жыцці Іван Тадэвушавіч. І не важна — сельская гаспадарка гэта ці праца ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Такія прынцыпы заклалі яму яшчэ ў дзяцінстве бацькі, якія ўсё жыццё прысвяцілі працы на роднай зямлі. Маці і зараз, будучы на пенсіі, працуе загадчыкам фермы. Бацькі ўжо даўно няма, але яго мудрыя наказы і сёння дапамагаюць знайсці выйсце са складаных жыццёвых сітуацый.

Шмат неабходных урокаў спасціг Іван і падчас вучобы ў Навасёлкаўскай школе. За навуку і жыццёвы досвед ён удзячны сваёй першай настаўніцы Алене Фёдараўне Топаль, а таксама Алене Вікенцьеўне Місюк і Святлане Мечыславаўне Максуль, якія выкладалі родную мову. Менавіта яны прывілі вясковаму хлопцу любоў і павагу да кнігі і беларускай культуры, да таго месца, дзе нарадзіўся і рос.

Зараз Іван Тадэвушавіч передае свае веды дзецям, Яне і Дар’і, і з гонарам адзначае, што выхавалі яны з жонкай Аленай Францаўнай сумленных і неабыякавых дачок. Творчыя і актыўныя дзяўчынкі скончылі ў свой час Ашмянскую дзіцячую школу мастацтваў. Старэйшая Яна ў гэтым годзе, пасля заканчэння факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, прыйдзе на працу ў СШ № 3 настаўніцай спеваў і харэаграфіі. А вось выпускніца СШ № 1 Даша, нягледзячы на схільнасць да музыкі і танцаў, вырашыла стаць юрыстам.

На пытанне, адкуль Іван Тадэвушавіч чэрпае энергію, — гэта ж не жарты — 21 год без водпуску, — адказ атрымалі просты:

— Напэўна, ад роднай зямлі, якая давала калісьці сілы маім бацькам і прадзедам. Мне ніколі не хацелася ехаць кудысьці далёка. Я адпачываю на вёсцы. У выхадныя любім усёй сям’ёй падарожнічаць па Беларусі. У нас столькі прыгожых мясцін! Адпачынак, як у Бога за пазухай! А калі зусім сур’ёзна, то змена віду дзейнасці — гэта таксама адпачынак!

Пасаду старшыны групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання Ашмянскага РАНС Іван Жукоўскі займае 13 гадоў. Да гэтага на працягу дзесяці год працаваў вадзіцелем пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Барунах. Неяк неўпрыкмет прыкіпеў да сваёй работы і палюбіў. Падрыхтоўка аддзела да асенне-зімовага перыяду, спісанне матэрыяльных каштоўнасцей, пытанні рамонту тэхнікі і памяшканняў, запраўка аўтамабіляў, камандзіроўкі, справаздачы і шэраг іншай дакументацыі — штодня Івану Тадэвушавічу прыходзіцца вырашаць вялікую колькасць задач. А калі ён накіроўваецца ў адпачынак (чытай на жніво ў КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны”), амаль усе гэтыя абавязкі вымушаны чакаць свайго гаспадара.

— А для гэтага ёсць дажджлівыя дні, — смяецца Іван Жукоўскі. — Пакуль прасыхае збажына, у аддзеле накопленыя справы вырашаю. У любым выпадку — я ж далёка нікуды не ад’язджаю. Калі да справы адносішся з душой, то час заўсёды знойдзецца, і ўсе праблемы вырашацца. Нешта не атрымліваецца — ёсць побач людзі, якія прыйдуць на дапамогу, падкажуць, падставяць плячо. Адзін палец на руцэ часам нічога не варты, аднак калі сабраць іх у кулак, то вялікая сіла атрымліваецца!

Аліна САНЮК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *