Добра памятаю свой выпускны вечар. З вялікім хваляваннем рыхтавалася да гэтай падзеі: падбірала сукенку, думала над варыянтамі прычоскі. А вечарамі карцела над кніжкамі, рыхтуючыся да ЦТ. Лічаныя дні заставаліся да выпускнога вечара – падзеі, пасля якой заканчваецца школьнае жыццё. У той час я ўжо ўяўляла сябе студэнткай філалагічнага факультэта. Памятаю і вочы бацькоў, якія ганарыліся маімі поспехамі, і вочы педагогаў, у якіх бачыўся светлы сум ад хуткага растання. У гэты вечар з вялікім гонарам трымала ў руках атэстат, а заўтра чакала новае жыццё, напоўненае незвычайнымі прыгодамі, новымі знаёмствамі і хвалюючымі ўражаннямі. Шмат год мінула з той пары, аднак і сёння думкамі вяртаюся ў той чэрвеньскі прыгожы дзень, прыгадваю шчырыя абдымкі з аднакласнікамі, іскрыстыя ўсмешкі. Менавіта тады я паабяцала сабе вярнуцца ў свой раён праз некалькі год у новым статусе. Тое абяцанне выканала.
Многія выпускнікі і сёння вяртаюцца ў свой раён, каб рупліва працаваць на карысць роднай зямлі. Мы сустрэліся з колішнімі выпускнікамі школ Ашмянскага раёна і папрасілі іх прыгадаць выпускны вечар і прафесійныя намеры.
Калі прызванне — ратаванне
Чэрвень 2019 года. Максім Жукоўскі скончыў СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага. Разам з аднакласнікамі і класным кіраўніком Ганнай Бяляцкай юнак з хваляваннем чакаў выпускнога вечара. Юнак з настальгіяй прыгадвае сустрэчу світання на школьным стадыёне, песні і цёплыя пажаданні. Сэрца адольваў лёгкі сум ад таго, што ў хуткім часе давядзецца пакінуць родны горад, бацькоў і пачаць новае жыццё. З чацвёртага класа хлопец жадаў стаць выратавальнікам. Ён з захапленнем глядзеў фільмы пра адважных герояў, марыў апынуцца на іх месцы. Імкненне сына бацькі падтрымалі. Чакаючы світання, выпускнік думаў пра сваю будучыню, перажываў за вынікі іспытаў і ўяўляў сваё жыццё праз пяць год. Сёння Максім Жукоўскі, начальнік дзяжурнай змены, лейтэнант унутранай службы пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Ашмянскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, можа з упэўненасцю сказаць, што яго мара спраўдзілася. З удзячнасцю малады чалавек узгадвае сваіх педагогаў і аднакурснікаў, з якімі давялося перажыць шмат розных момантаў. Навучанне дапамагло зразумець важнасць працы выратавальніка. За год службы ў Ашмянскім раёне маладому спецыялісту даводзілася сутыкацца з разнастайнымі сітуацыямі, якія загартавалі яго ў прафесійным плане.
— Адпрацаваўшы год на гэтай пасадзе, магу шчыра сказаць – з выбарам прафесіі я не памыліўся. Дапамагаць людзям – гэта высокі абавязак. Удвая прыемна аказваць дапамогу сваім землякам. Вельмі задаволены, што працую менавіта тут. Побач са мной — родныя, сваякі, сябры. У любы момант магу наведаць іх. Акрамя таго, усім сэрцам люблю свой горад і нашых людзей.
Шлях да добрага, чыстага, вечнага
Колішняя выпускніца Мураванаашмянкоўскай школы Анастасія Сырамалот з цеплынёй прыгадвае свой выпускны вечар, аднакласнікаў і класнага кіраўніка Наталлю Войнюш. У 2016 годзе дзяўчына скончыла школу. Яна і сёння прыгадвае раённы выпускны баль, урачыстую абстаноўку, ветлівыя твары аднакласнікаў. Дзяўчына з захапленнем глядзела на сваіх педагогаў, якія далі грунтоўныя веды і добрае выхаванне. Ужо тады Насця ведала, што хутка далучыцца да вялікай педагагічнай сям’і.
У дзяцінстве дзяўчынка ўяўляла сябе ўрачом, стылістам, педагогам. Кожная з гэтых прафесій захапляла, аднак найбольш блізкай была педагагічная сцяжына.
У кожнага ёсць чалавек, які стаў прыкладам. Для мяне такім ідэалам з’яўляецца мама. Яна працавала ў школе, а я ўпотай назірала за яе дзейнасцю. Заўважала, што яна карыстаецца аўтарытэтам сярод калег і павагай сярод вучняў. Гэта вельмі натхняла. На выпускным вечары я дакладна ведала, што хачу стаць дэфектолагам, дапамагаць дзецям спраўляцца з разнастайнымі праблемамі. Мая мара спраўдзілася. Я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Вучыцца мне вельмі падабалася. Я адчувала, што прыняла правільнае рашэнне, паступіўшы сюды. У свой раён вярталася мэтанакіравана. Пачынаць свой шлях дома заўсёды лягчэй. Тут ёсць вялікая падтрымка ад родных. Гэта вельмі натхняе.
Зараз дзяўчына працуе ў гімназіі № 1 нашага горада. Праца ёй прыносіць задавальненне. Дружны калектыў з цеплынёй прыняў маладога спецыяліста, дапамог адаптавацца. Анастасія адзначае, што, калі была б магчымаць вярнуцца на машыне часу ў мінулае, то і сёння яна спыніла б свой выбар на педагогіцы.
Выбар сэрца
Аляксандр Галко з ранняга ўзросту марыў быць міліцыянерам. У дзяцінстве хлопчык акуратна расстаўляў свае машынкі, рэгуляваў рух на ўяўнай аўтастрадзе. Саша з захапленнем глядзеў на свайго бацьку, які ў той час працаваў у міліцыі. Калі таты не было дома, юнак даставаў яго форму і прымяраў на сябе, уяўляючы сябе сапраўдным міліцыянерам. У выпускным класе многія хлопцы вырашылі звязаць сваё жыццё з будаўнічай сферай. Яна падавалася перспектыўнай і цікавай. Аляксандр таксама вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтым накірунку. Ён добра памятае апошнюю лінейку. Тады ў яго душы ішла сапраўдная барацьба: сэрца падказвала крочыць за сваёй дзіцячай марай, а розум прагматычна выбіраў будаўнічую сферу. Выпускнік да гэтага пытання падышоў рацыянальна і выбраў будаўнічую спецыяльнасць. З першых дзён навучання малады чалавек адчуў, што знаходзіцца не на сваім месцы. Дзіцячая мара не адпускала. Бачачы людзей у форме, Аляксандр зноў і зноў вяртаўся да сваёй запаветнай мэты. Хлопец зразумеў, што больш не можа змагацца са сваімі памкненнямі, таму вырашыў атрымаць юрыдычную адукацыю. Паступіўшы, малады чалавек адчуў сапраўдную палёгку. Ён зразумеў, што цяпер знаходзіцца на сваім месцы. У маі 2014 года Аляксандр пайшоў у войска. Падчас службы ён шмат думаў над сваім жыццём, разважаў і абдумваў далейшыя жыццёвыя крокі. Служба дала магчымасць пабыць сам-насам, зразумець многія важныя рэчы. 18 лістапада 2015 года, на наступны дзень пасля вяртання з войска, Аляксандр пайшоў уладкоўвацца на службу ў міліцыю. Так пачаўся яго прафесійны шлях. Сёння Аляксандр Галко працуе ўчастковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх і адзначае, што праца прыносіць яму задавальненне.
Працаваць з дзецьмі складана, але цікава. Заўсёды імкнуся дапамагчы падлеткам знайсці выйсце з заблытанай сітуацыі, стаць на іншы шлях. Прыемна назіраць за тым, як змяняецца моладзь, выпраўляе свае паводзіны. На сённяшні дзень у мой адміністратыўны участак уваходзяць Жупранскі, Гальшанскі, Навасёлкаўскі, Барунскі сельсаветы, а таксама СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага.
Зусім нядаўна сям’я Галко атрымала службовае жыллё па вуліцы Барунскай. Аляксандр з жонкай Дзіянай зараз заняты стварэннем адпаведнай атмасферы ў новай кватэры.
Падрыхтавала Марта БАГДАНОВІЧ.



