«Спрыяем развіццю футбола»

Спорт

Лета – выдатная пара для гульняў на вольным паветры. А калі за гульню можна атрымаць яшчэ і памятную ўзнагароду, то і ўвогуле лепш не прыдумаеш. Кіраўнік прыватнай футбольнай школы “Нёман” Алесь Кушнер расказаў пра адно з такіх мерапрыемстваў, якое адбылося на піку лета – у сярэдзіне ліпеня.


– Хто выступіў з ідэяй правядзення спаборніцтваў у Ашмянах?

– Ідэя правядзення спаборніцтваў належыць ПФШ “Нёман” Ашмяны. Маючы такую добрую пляцоўку як у нас ля фізкультурна-аздараўленчага комплекса, варта рэгулярна праводзіць спаборніцтвы, бо гэта спрыяе развіццю і папулярызацыі футбола.

Бацькі маюць магчымасць прыйсці і падтрымаць падчас спаборніцтваў сваіх дзяцей, пазнаёміцца з бацькамі і дзецьмі з іншых гарадоў, ды і проста добра бавіць час. Для дзяцей такія спаборніцтвы вельмі важныя з пункту гледжання набыцця гульнявога вопыту і ўсталявання сяброўскіх адносінаў з іншымі дзецьмі.

– Хто адгукнуўся на заклік паўдзельнічаць у турніры?

– Сярод запрошаных камандаў былі ўдзельнікі са Смаргоні 2001 і 2002 г.н., Іўя, Астраўца і Паставаў. На спаборніцтвы не здолелі даехаць толькі смаргонскія каманды з-за складанасцяў з транспартам.

– Калі ласка, раскажыце пра ход гульняў. Асабліва нас цікавяць вынікі ашмянскіх футбалістаў.

– Для нашай каманды турнір склаўся такім чынам. Першую гульню ашмянцы саступілі Астраўцу з лікам 0:5. “Нёман” на першых хвілінах зарабіў недарэчны пенальці, парушыўшы правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы. Потым каманда з Ашмян даволі актыўна атакавала, але памылкі ў абароне прывялі да прыкрых галоў. Пасля трэцяга прапушчанага гола каманда і зусім апусціла рукі.

Другая гульня прайшла пад дыктоўку ашмянцаў, каманда атрымала перамогу з лікам 6:2 над іўеўчанамі. Нёманцы не пакідалі ў спакоі сапернікаў, добра гулялі пазіцыйна і часта білі ў вароты, што і знайшло свой адбітак на канчатковым выніку гульні.

Трэцяя сустрэча ашмянскіх футбалістаў, з камандай ПМЦ-Паставы, праходзіла ў бескампраміснай барацьбе. Ашмянцы увесь першы тайм вялі з лікам 1:0, і толькі ў канцы тайма Паставы здолелі адгуляцца. Каманда Ашмянаў даволі ўдала гуляла на контратаках і добра абаранялася пазіцыйна. Да сярэдзіны другога тайма гульня праходзіла на роўных. Каманды ўзаемна атакавалі, ашмянцы мелі шанцы схіліць гульню на свой бок. Але ўсё зламаў “неабавязковы” гол у нашыя вароты. Другі прапушчаны гол пагоршыў стан каманднай гульні “Нёмана”, што прывяло да яшчэ двух прапушчаных галоў. Такім чынам вынік гульні 1:4.

Агульныя вынікі турніру такія: першае месца – ПМЦ-Паставы, другімі сталі астравецкія футбалісты, а ашмянцам дасталася трэцяя прыступка п’едэстала. Усе каманды-ўдзельніцы, нават іўеўчане, якія занялі крыўднае чацвёртае месца, атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

– Ці не выклікала цяжкасцяў спёка, ці былі выпадкі звароту да медыцынскай службы?

– Безумоўна, спякотнае надвор’е ўнесла свае карэктывы. Гуляць і дыхаць было цяжкавата. Але як вядома, спаборніцтвы праходзяць пры любым надвор’і. Гульцы праявілі характар і волю.

Сур’ёзных здарэнняў не было, за выключэннем пашкоджання рукі, атрыманага варатаром каманды Іўя.

– Як вы ацэньваеце вынікі спаборніцтваў?

– Безумоўна, заўсёды хочацца перамагаць і займаць толькі першыя месцы. Але яшчэ раз падкрэслю, у нашай каманды не стаіць задача перамагчы любой цаной. Для нас найбольш істотным фактарам з’яўляецца набыццё хлопцамі гульнявога вопыту. Мы працуем на перспектыву і дбаем пра ўсебаковае развіццё дзяцей.

– Хто з’яўляўся спонсарам гульняў?

– Усе выдаткі па правядзенні турніру, уключаючы набыццё прызоў, аплату працы суддзяў і аплату працы ўрача несла футбольная школа.

Хацеў бы выказаць падзяку камандам, што адгукнуліся на запрашэнне паўдзельнічаць у турніры. Будзем спадзявацца, што Ашмяны яшчэ не аднойчы прымуць футбольныя спаборніцтвы!

Гуляйце ў футбол!

Гутарыў Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *