Дзевяноста год як адзін дзень. Сакрэт даўгалецця ад Марыі Багуслаўскай

Общество

Суботнім вечарам мы прыехалі ў вёску Луды. Спакой і цішыня пануюць ў населеным пункце. Чуваць толькі шчабятанне птушак і час ад часу брэх сабак. Я разглядаю каляровыя хаты, што падсунуліся да самай дарогі. Ля іх буяюць півоні, цягнуцца да сонца браткі. Дом Марыі Рафалаўны Багуслаўскай бачны здалёк — ля яго бегаюць дзеці, завіхаюцца жанчыны, а на лаве аб нечым сваім размаўляюць мужчыны. Заходжу ў хату. У невялічкім пакоі мяне сустракае гаспадыня Марыя Рафалаўна. Сёння жанчына адзначае свой юбілей — ёй спаўняецца 90 год.

У хаце прыемна пахне кветкамі. На сцяне вісяць абразы Хрыста і Багародзіцы, а крыху ніжэй — геніялагічнае дрэва. Мае яно безліч галінак і адгалінаванняў, бо сям’я ў Марыі Багуслаўскай надзвычай вялікая. У свой час жанчына была ўзнагароджана ордэнам “Мацярынская слава”. Яна нарадзіла і выхавала 7 дзяцей: Тарэсу, Валерыю, Яна, Часлава, Войцеха, Лілію і Юзафа. Дзеці выраслі годнымі людзьмі, ажаніліся і павыходзілі замуж, сям’я яшчэ больш павялічылася.

Марыя Багуслаўская называе ўнукаў і праўнукаў кветкамі жыцця. Зараз у яе “кветніку” дванаццаць унукаў і васямнаццаць праўнукаў. Большая частка нашчадкаў спецыяльна прыехала ў Луды, каб павіншаваць жанчыну з прыгожым юбілеем. Марыя Рафалаўна туліць праўнукаў да сябе, лагодна абдымае, а яе вочы шчыра ўсміхаюцца. У сваім жыцці яна паспяхова рэалізавалася як мама, дала дзецям добрае выхаванне.

Акрамя гэтага, у Лудах і навакольных вёсках жанчыну ведаюць як добрую гаспадыню і руплівую працаўніцу. Усё жыццё яна прысвяціла сельскай гаспадарцы, працуючы паляводам, а пасля — свінаркай у калгасе імя Крупскай. Дзеці адзначаюць, што мама заўсёды да сваіх абавязкаў падыходзіла старанна і адказна. Менавіта яна была прыкладам працалюбства, адданасці сваёй справе.

За добрасумленную і шматгадовую працу жанчына была ўзнагароджана ордэнамі “Знак почета”, “За доблестный труд”, медалём “Ветеран труда”, нагрудным знакам “Победитель социалистического соревнования 1980 года”. Яе фотаздымак не раз размяшчаўся на старонках раённай газеты. Марыя Багуслаўская і сёння захоўвае тыя старонкі і ўзнагароды. Час ад часу звяртаецца да іх, заглыбляючыся ва ўспаміны.

Здаецца, на машыне часу пераносіцца ў той перыяд працоўнага жыцця. Жанчыну і сёння памятаюць у гаспадарцы і паважаюць у сельсавеце. Прадстаўнікі мясцовай улады, сельскай гаспадаркі, культуры і духавенства не засталіся ў баку ад прыгожага юбілея і прыехалі павіншаваць Марыю Рафалаўну.

Генадзій Тармасевіч, старшыня Граўжышкоўскага сельсавета, пажадаў жанчыне здароўя, жыццёвых сіл і невычэрпнай энергіі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай адзначыла вялікі ўклад жанчыны ў развіццё сельскай гаспадаркі. Яна падкрэсліла, што Марыя Рафалаўна заўсёды плённа і добрасумленна працавала, паказваючы станоўчы прыклад моладзі. Пасля Раіса Мікалаеўна ўручыла жанчыне падарунак. Да віншаванняў далучыліся і супрацоўнікі мясцовай гаспадаркі, якія і сёння не забываюць сваю былую работніцу. Іна Пад’ельская, начальнік аддзела ЗАГС Ашмянскага райвыканкама, адзначыла, што Марыя Багуслаўская паспяхова рэалізавалася не толькі ў прафесіі, але і ў мацярынстве.

Гаспадыня дома была вельмі ўзрушана віншаваннямі і пажаданнямі. Аднак найбольш уразілі юбілярку не кветкі і падарункі, а ўвага і памяць. Яна шчыра дзякавала гасцям, якія знайшлі час наведаць і павіншаваць яе. Жанчына адзначыла, што ўсім сэрцам любіць сваю вёску з яе маляўнічымі краявідамі, гаючым паветрам і шчырымі людзьмі. Не раз дзеці прапаноўвалі ёй перабрацца ў горад, аднак яна заўсёды адмаўлялася. Тут, у Лудах, асаблівым чынам адчуваецца повязь з продкамі, каранямі і традыцыямі. Марыя Рафалаўна зазначае, што менавіта вёска дае ёй здароўе і сілы. У гэтым і ёсць галоўны сакрэт даўгалецця. Ёсць у жанчыны і невялікая гаспадарка — кот і чатыры курачкі. Гаспадыня ўсё жыццё клапацілася аб кімсьці. І цяпер яна не можа адысці ад гэтай традыцыі. Дачка юбіляркі, Валерыя, адзначае:

— Мама ва ўсе часы была сэрцам нашай сям’і. Шчырая і лагодная, яна знаходзіла падыход да кожнага, вучыла нас быць дружнымі, сябраваць і дапамагаць адзін аднаму. З дзяцінства нам прывіваліся найлепшыя якасці: адказнасць, добрасумленнасць, працалюбства.

Цёплыя адносіны юбілярка захавала і з суседзямі. Суседка Тарэса штодня прыходзіць да Марыі Рафалаўны, аказвае ёй дапамогу і проста гутарыць. За гады суседства жанчыны сталі блізкімі. Апошнім часам Марыю Багуслаўскую сталі падводзіць ногі, таму яе дочкі арганізавалі сапраўднае “дзяжурства”: кожная прыязджае на некалькі месяцаў у Луды да матулі, каб адсочваць стан здароўя і аказваць дапамогу ў бытавых справах.

— У 2021 годзе мама захварэла і перанесла складаную аперацыю. Тады была сур’ёзная пагроза яе жыццю і здароўю, аднак урачы раённай бальніцы спрацавалі вельмі зладжана і паставілі матулю на ногі. Мы, дзеці, і сёння ўдзячны ім за той цуд, які яны зрабілі. Я ўзгадваю і цяпер хірургаў і брыгаду рэанімацыйнага аддзялення ў сваіх малітвах, — адзначае дачка Валерыя.

Марыя Рафалаўна і яе родныя не забываюцца пра Бога. У дзень нараджэння за здароўе жанчыны была адпраўлена ўрачыстая святая Імша, у якой прынялі ўдзел родныя і блізкія, аднавяскоўцы і знаёмыя юбіляркі. Разам яны дзякавалі Богу за кожны пражыты год, дабрабыт і здароўе жанчыны, а таксама прасілі бласлаўлення на далейшае жыццё.
Ад’язджаючы з Лудаў, я разважала над рознымі пытаннямі. А перад вачыма яшчэ доўга заставаўся вобраз руплівай жанчыны, якая сваім жыццём паказала, што на зямлі не адпачываюць. Жыццёвы адрэзак даецца для рупнай працы, рэалізацыі ў бацькоўстве. Менавіта з гэтых рэчаў і складаецца яно — простае чалавечае шчасце.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *