Памяць пакаленняў. Эдуард Сарока

80 лет ВЕЛИКОЙ ПОБЕДЫ Общество

У Гальшанах шмат звілістых вулачак, якія, бы павуцінкі, расцягнуліся ў розныя бакі. Кожная мае сваю гісторыю, а таксама славіцца людзьмі, якія тут жывуць або калісьці жылі. Вуліца Барунская — адна з цэнтральных, тут заўсёды людна і шумна: імчаць аўтамабілі, спяшаюцца па справах людзі. Толькі вечарам усё заціхае. Тады можна пачуць шчэбет птушак, перашэпт траў і кветак, адчуць лагодны павеў вясновага ветрыку. Добра шпацыраваць тут у вечаровы час, калі гаспадары вярнуліся дадому, а з некаторых двароў даносіцца пах смажанай бульбы, рыбы і духмянай здобы. На кожным падворку красуюцца цюльпаны, цыбулькі, стакроткі. Вось позірк спыняецца на невялічкім доме, абсаджаным чырвонымі цюльпанамі. Хата ветэрана — менавіта так у Гальшанах называюць гэты дом. Калісьці тут жыў ветэран вайны Эдуард Антонавіч Сарока.

На лаўцы побач з домам сядзіць яго сын Раман і праўнучка Ксенія. Яны гартаюць альбом, заглыбляючыся ва ўспаміны, прыгадваючы самыя яркія і запамінальныя моманты з жыцця роднага чалавека. Дасціпны, мудры, з пачуццём гумару — такім запомніўся Раману бацька. Ён умеў трапна пажартаваць, унесці драбнічку пазітыву ў самы змрочны дзень, хоць жыццё яго не было лёгкім і простым. Нарадзіўся Эдуард Антонавіч у 1927 годзе ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася васьмёра дзяцей.

Зразумела, што дзяцінства ад самага пачатку было звязана з цяжкай працай. Аднак сваіх абавязкаў Эдуард ніколі не цураўся, імкнуўся іх выконваць сумленна і старанна. Хлопец паспяваў не толькі дапамагаць бацькам па гаспадарцы, але яшчэ і падпрацоўваў у свайго дзядзькі. Той меў вялікі зямельны надзел у вёсцы Дворышча. Аднак спакойнае і размеранае жыццё раптоўна перакрэсліла вайна.

Страх, невядомасць, адчай — гэтыя пачуцці сталі пастаяннымі спадарожнікамі ў ваенны час. Восенню 1944 года, калі Эдуарду не было яшчэ і сямнаццаці год, ён пайшоў добраахвотнікам на фронт. Ваенную падрыхтоўку юнак праходзіў у артылерыйскім войску пад Ленінградам, быў наводчыкам 152-й гаўбічнай батарэі рэзервовага палка. Разам з баявымі таварышамі радавы мужна змагаўся, прымаў удзел у баях на тэрыторыі Польшчы. Не раз ён сустракаўся тварам у твар са смерцю, аднак Бог ратаваў маладога салдата. Пасля заканчэння вайны Эдуард Сарока яшчэ шэсць год служыў у арміі, а пасля прыехаў у Гальшаны, каб тут пачаць новае і спакойнае жыццё.

Ксенія з гонарам трымае ўзнагароды прадзядулі. За кожнай з іх — мужнасць, стойкасць і гераізм. Яна ведае назву кожнай узнагароды і добра памятае, як штогод 9 мая прадзядуля апранаў свой святочны пінжак з медалямі і прымаў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, а пасля, расчуліўшыся, заглыбляўся ва ўспаміны. Ён заклікаў цаніць спакой і мір, імкнуцца быць узорам для астатніх. З цягам часу па стане здароўя ветэран ужо не мог наведваць святочныя мерапрыемствы. Тады вучні Гальшанскай школы разам з настаўнікамі самі прыходзілі да Эдуарда Антонавіча. Яны ладзілі для яго сапраўдны канцэрт: спявалі песні, расказвалі вершы і шчыра дзякавалі за яго ўклад у вялікую справу міру і дабрабыту. На вачах ветэрана тады выступалі слёзы.

Знаходзіцца з усімі ў міры і сумленна працаваць — так імкнуўся жыць Эдуард Антонавіч. У 1951 годзе ён прыехаў у Гальшаны і ўладкаваўся конюхам у школу пчаляроў, затым — у заатэхнікум, а перад пенсіяй быў загадчыкам саўгаснай канюшні. Неаднаразова ўдзельнічаў у разнастайных спаборніцтвах. У 1966 годзе з жарабцом Красаўцам прымаў удзел у выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Па выніках выставы быў узнагароджаны бронзавым медалём за поспехі ў народнай гаспадарцы СССР. За карпатлівую шматгадовую працу ў 1970 годзе атрымаў медаль. У архіве сям’і захоўваецца шмат падзячных лістоў і грамат рознага ўзроўню.

Дзядуля Эдзя — так ласкава і шчыра называла прадзеда праўнучка Ксенія. Прыязджаючы з бацькамі ў Гальшаны, яна брала Эдуарда Антонавіча за руку і дапамагала выйсці на вуліцу. Прадзядуля даставаў з кішэні шакаладныя цукеркі, частаваў маленькую Ксюшу, распытваў у яе пра жыццё. А пасля прыгадваў свае маладыя гады, ваенныя падзеі. Тыя аповеды амаль не захаваліся ў памяці дзяўчыны, аднак ветлая ўсмешка і светлы позірк роднага чалавека і зараз усплываюць у свядомасці.

Калі Эдуард Антонавіч зусім занядужаў, на сталае месца жыхарства да яго пераехаў сын Раман з жонкай Ірынай. Яны атулілі бацьку клопатам і апекай. Апошнія гады жыцця ветэрана былі надзвычай складанымі: падводзіў зрок, мужчына ўжо не мог самастойна хадзіць. Каб парадаваць бацьку, Раман і Ірына засаджвалі клумбы каля хаты чырвонымі цюльпанамі, якія ранняй вясной, бы агеньчыкі, гарэлі на клумбах, нагадваючы пра галоўнае вясновае свята — Дзень Перамогі.

— Я стала дарослай, паехала вучыцца ў Мінск, але, прыязджаючы да бацькоў, імкнулася заехаць у Гальшаны, каб пабачыцца з прадзядулем. Тады стала разумець, што ён зусім слабы, у любы момант можа адысці. Кожная такая сустрэча выклікала боль і тугу ў сэрцы. Я бачыла яго маленькім і нядужым. Апошнія візіты былі асабліва шчымлівымі. Вельмі хацелася, каб прадзядуля яшчэ пажыў, таму ціха паўтарала: “Дзядуля Эдзя, трэба жыць, трэба дачакацца чарговага Дня Перамогі”, — адзначае Ксенія.

Дзень Перамогі заўсёды быў для ветэрана асаблівым днём. Нават у апошнія гады жыцця мужчына прасіў дапамагчы апрануць касцюм з усімі ўзнагародамі. Кожны год ён абяцаў сваім родным, што дажыве да наступнага свята Перамогі. І сваё абяцанне заўсёды стрымліваў. 9 мая 2020 года ветэран адсвяткаваў знакавую падзею апошні раз. Ён прыняў віншаванні, яшчэ раз пачуў па радыё песню “День Победы”, абвёў позіркам пакой, развітваючыся з самымі роднымі людзьмі, і заплюшчыў вочы назаўсёды. Відаць, лёсам было наканавана, каб адышоў ветэран менавіта ў гэту сімвалічную дату. Ён пражыў прыгожае жыццё, напоўненае мужнасцю, працай, сямейнымі клопатамі. Аднак у доме ветэрана і сёння віруе жыццё: на клумбах хваляцца някідкай прыгажосцю чырвоныя цюльпаны, у цяпліцы красуюцца таматы, а з коміну час ад часу бачыцца шараваты дымок. Пасля смерці бацькі сын Раман вырашыў застацца ў бацькоўскім доме. Апошнія чатыры гады сям’я адзначае Дзень Перамогі па-іншаму: усе збіраюцца разам, каб памаліцца ў храме за бацьку і дзядулю, падзякаваць за яго прыгожае жыццё, а пасля ўскласці чырвоныя цюльпаны на магілу дарагога чалавека.

Чалавек-легенда, чалавек-гісторыя — так называе Ксенія свайго прадзядулю. Яна беражліва захоўвае яго фотаздымкі, каб пасля расказаць сваім дзецям пра славутага прадзеда, які прынёс мір на нашу зямлю. Дзяўчына шчыра верыць, што асоба жыве да таго часу, пакуль жыве памяць аб ёй. Менавіта памяць з’яўляецца той нябачнай ніткай, якая звязвае пакаленні.

Марта БАГДАНОВІЧ.

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *