Ёсць будынкі, пра якія ведаюць ва ўсім свеце – велічныя саборы і замкі, знакамітыя палацы, дамы-музеі, дзе нарадзіліся вядомыя людзі культуры і мастацтва, вучоныя і палітыкі. А ёсць іншыя – невялікія па памерах, звычайныя вясковыя хаты, якія на працягу некалькіх пакаленняў былі прытулкам для пэўнай сям’і. У іх таксама ёсць свая гісторыя, і ў свой час яны былі напоўнены дзіцячым смехам, гукамі вясельнага гармоніка, жалобным плачам. У іх раслі дзеці, тут пачынаўся іх шлях у жыццё, тут засталіся іх карані. Таму так моцна трымае бацькоўская хата, таму час ад часу так трымціць сэрца і цягне вярнуцца да вытокаў.
Дружба, 9
На жаль, сёння многія вясковыя хаты, у якіх некалі віравала жыццё, стаяць пустыя. Некаторыя выкарыстоўваюцца ў якасці аграсядзіб, некаторыя ажываюць толькі летам, а многія наогул будуць знесены, таму што даўно ўжо страцілі сваіх гаспадароў.
А вось ураджэнка былой вёскі Калатуны (з 1963 года – Дружба) Галіна Селістроўская не спяшаецца развітвацца з хатай бацькоў. Хоць жанчына даўно ўжо з’яўляецца жыхаркай Ашмян, бацькоўскі дом яна наведвае кожны дзень і нават трымае невялікую гаспадарку. Галіна Міхайлаўна падзялілася з карэспандэнтам раённай газеты ўспамінамі пра сваё дзяцінства, якія непарыўна звязаны з гісторыяй бацькоўскай хаты. А гісторыя ў яе цікавая…
Хата з нумарам 9 стаіць на самым выездзе з вёскі Дружба, калі ехаць на Талмінава. Будавалася яна прыкладна з 1928 па 1930 год дзедам і бабуляй Галіны Міхайлаўны – Вікенціем і Стэфаніяй Русецкімі. Як і ўсе вясковыя хаты, пабудавана яна з драўляных бярвёнаў, а пасля ўжо ашалявана. Зразумела, што з цягам часу выгляд дома стаў больш сучасным – нанова пашаляваныя сцены, пластыкавыя вокны. Вось толькі разьбу над вокнамі, якую некалі зрабіў бацька, Галіна Міхайлаўна захавала аўтэнтычнай.
У гэтым доме вырас і бацька жанчыны – Міхаіл Русецкі – і трое яго дзяцей. Хата адразу стаяла крыху наводшыбе ад іншых, пазней дабудаваліся суседзі. На падворку дома некалі стаяла кузня, ад якой сёння мала што захавалася – некалькі прылад, якія Галіна Міхайлаўна ашчадна беражэ і шкадуе. Бацька жанчыны быў майстрам на ўсе рукі. Доўгі час ён быў адзіным на вёску кавалём. Дзяцей Міхаіла Русецкага так і называлі – кавалёвы дзеці, а хату – кавалёвай. Пазней Міхаіл Вікенцьевіч стаў больш сталярнічаць, і да хаты была прыбудавана майстэрня. Яна не захавалася, а вось масіўнае люстэрка ў драўлянай раме і дзверы, зробленыя бацькам, і сёння напамінаюць пра былога гаспадара.
Вясковая гасцініца
Хата Русецкіх была самай вялікай у вёсцы – плошчай крыху больш за 70 квадратных метраў. І гаспадары яе былі людзьмі гасціннымі і спагадлівымі. Галіна Міхайлаўна ўспамінае, як у яе дзяцінстве ў хаце цэлы год кватаравала пачатковая школа. Вельмі прасіў бацьку старшыня тагачаснага калгаса імя Дзяржынскага даць прытулак дзецям, і Міхаіл Русецкі згадзіўся. А яго сям’я тады складалася з шасці чалавек: ён з жонкай, маці, незамужняя сястра Мальвіна ды двое дзяцей, Эдзік і Галя. Дзе месцілася сямейства, Галіна Міхайлаўна сёння і сама не можа патлумачыць, але добра памятае, што большая і чысцейшая палова хаты была адведзена школе. Субяседніца паказвае, дзе вісела класная дошка, дзе стаялі сталы і лаўкі. Акрамя самой школы, Русецкія далі прытулак і маладой настаўніцы Тамары Захараўне Шурмілёвай з братам Мікалаем. Галіна Міхайлаўна і сёння памятае чырвоную шаўковую сукенку, у якой яна сустракала маладую настаўніцу. У той год у вясковай школе ў Калатунах вучылася каля 15 дзяцей. Сама Галіна яшчэ не вучылася – не дарасла. Мама і тата, акрамя працы на гаспадарцы і ў калгасе, дапамагалі і ў школе: мама прыбірала, а бацька сталярнічаў. Бацьку свайго Галіна ўспамінае як чалавека з гумарам. Магчыма, гэтая якасць і давала яму сілы пераадольваць усе жыццёвыя цяжкасці з годнасцю. Праз год школа перамясцілася ў іншае памяшканне, а вось настаўнікі так і працягвалі кватараваць у Русецкіх.
Мама Галіны, Марыя Феліксаўна, добра ўмела шыць і нават вучыла свайму майстэрству дзяўчат з вёскі. Маміну швейную машынку Галіна Міхайлаўна беражэ, хоць сама да шыцця не вельмі туліцца. Вось вышыўка – гэта яе. Вышываць пачала яшчэ ў дзяцінстве, а навучыла яе настаўніца, якая таксама кватаравала ў Русецкіх, Антаніна Іванаўна Каласкова, калі ўбачыла, як дзяўчынка ўпотайкі падглядвае матывы яе ўласных узораў і спрабуе вышываць. Галіна вышывала ў кожную вольную хвілінку, нават на перапынках у школе. Сёння ў Галіны Міхайлаўны больш за сто вышывак, якія яна неаднойчы ўжо дэманстравала на розных выставах – і ў Ашмянскім краязнаўчым музеі, і ў тэрытарыяльным цэнтры. А пачынала яна з сурвэтак і абрусоў, занавесак, якія ўпрыгожвалі дзверы. Многія работы жанчына раздарыла родным і сябрам, але што-нішто засталося і ў бацькоўскай хаце – карціны з заморскімі птахамі-паўлінамі, букетамі бэзу ды руж.
Калі вы думаеце, што ў хаце Русецкіх кватаравалі толькі настаўнікі, то памыляецеся. Пасля ў доме жылі і ўсе загадчыкі фермы, і рабочыя, якія праводзілі радыё і будавалі тэлевізійную вышку ў Стрэльчыках, і тыя, хто пракладваў лінію электраперадачы, і армяне, якія клалі праз вёску асфальт. Так кавалёва хата пакрысе стала вясковай гасцініцай. Калі заезджыя людзі пыталіся, дзе можна пераначаваць, ім заўсёды адказвалі: “Ідзіце да каваля”. Сустрэчы з рознымі людзьмі, іх аповеды пра жыццё і працу, цікавыя гісторыі, зразумела, аказвалі ўплыў на дзяцей, рабілі іх больш цікаўнымі, пашыралі кругагляд. А гаспадары хаты ўжо не ўяўлялі свайго жыцця без новых людзей і знаёмстваў.
Бацькоўская хата – пачатак дарог
Калі Галіне было трынаццаць гадоў, нарадзіўся малодшы брат Віктар. Дзяўчынка стала для яго нянькай і другой мамай, таму што старэйшыя члены сям’і працавалі, каб на стале заўсёды быў кусок хлеба ды сала. Дзеці з маленства былі прывучаны да працы. Працаваць бацькі вучылі не абы як, а сумленна і аддана. І хоць жыццёвыя шляхі Русецкіх склаліся па-рознаму, але ўсе яны выраслі адказнымі людзьмі і сталі сапраўднымі прафесіяналамі.
Старэйшы брат Галіны, Эдуард, сам асвоіў баян і іграў спачатку для родных на падворку пад акном бацькоўскай хаты, пазней – на вясковых танцах і святах, а затым і наогул стаў працаваць у клубе ў Палянах. Хлопец быў вынаходлівым музыкантам. Галіна памятае, як ён іграў адразу на трох інструментах: дудка – у роце, баян – у руках, а ногі – на ўдарніках.
Нялёгкім было жыццё ў вёсцы ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, але людзі былі дружнымі – усёй вёскай сустракалі святы і перыжывалі гора, усё ведалі адзін пра аднаго. У госці хадзілі часта, танцы моладзь ладзіла па чарзе ў кожнай хаце, дзе былі маладыя хлопцы і дзяўчаты.
І Галіна Міхайлаўна любіць музыку, яна спявае ў кожную вольную хвіліну, наведвае вакальны гурток у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спявае ў хоры ветэранаў. А старэйшы брат, хоць і змяніў прафесію і працаваў у дарожнай арганізацыі, захаваў любоў да музыкі і спявае ў хоры пры касцёле Святога Міхаіла Архангела ў Ашмянах.
З вялікім гонарам расказвае Галіна Міхайлаўна пра свайго малодшага брата, якога лёс закінуў аж у Казань. У Расіі імя Віктара Русецкага вядома многім. Ён – заслужаны лётчык-выпрабавальнік Расійскай Федэрацыі, лётчык-выпрабавальнік першага класа. У 2000 годзе менавіта ён праводзіў лётна-канструктарскія іспыты верталёта “Ансат”, які быў спраектаваны і пабудаваны на Казанскім верталётным заводзе.
Пра сябе Галіна Міхайлаўна расказвае сціпла. Але яе імя добра вядома ашмянцам. Жанчына 23 гады ўзначальвала Ашмянскі хлебазавод. І хоць жыла ў горадзе, вёску заўсёды любіла больш.
Сёння яна – захавальніца сямейных традыцый. Кавалёва хата дала дарогу ў жыццё некалькім пакаленням Русецкіх. Цяпер ужо ў іх і розныя прозвішчы, і жывуць яны ў розных краінах, але па-ранейшаму збірае ўсіх бацькоўская хата ў вёсцы Дружба. І толькі тут усе адчуваюць еднасць, тут мацней б’ецца сэрца, і быццам ад гаючай жывой вады, з’яўляюцца сілы жыць далей.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ.


