Вера з дзяцінства. Велікодныя традыцыі сям’і Тарасюк

Общество

У Вялікую суботу я разам з бабуляй заўсёды ішла да вясковага крыжа, каб асвяціць стравы на велікодны стол. Знак хрысціянскай веры быў па-святочнаму аздоблены кветкамі і каляровымі стужкамі. Пасля прыязджаў святар у чорнай шапачцы з пампонам – бірэце, якая ў дзяцінстве мне падавалася незвычайнай і нават смешнай. Усе жагналіся, ксёндз чытаў малітвы, а затым крапіў стравы асвечанай вадой. Пасля заканчэння малітвы частаваў дзяцей цукеркамі. Гэтыя ласункі былі асабліва смачнымі і салодкімі, бо атрыманы былі з рук святара. Некалькі дзесяцігоддзяў прайшло з таго часу. Многае змянілася. Мы выраслі, адышла ў вечнасць бабуля. Людзі старэйшага пакалення пакрысе адыходзяць, пакідаючы пасля сябе добрую памяць і перадаючы хрысціянскія традыцыі сваім нашчадкам. Задача маладога пакалення – захаваць зерне веры ў сваім жыцці, не адысці ад хрысціянскіх вытокаў.

Лічаныя дні аддзяляюць вернікаў каталіцкай канфесіі ад галоўнага хрысціянскага свята – Вялікадня. Ашмянскія сем’і ўжо гатуюць стравы на святочны стол, чакаюць гасцей, рыхтуюць свае сэрцы да сустрэчы з Хрыстом уваскрослым. Маладая сям’я Тарасюк таксама актыўна рыхтуецца да свята. У гэтым годзе Максіма і Марту чакае першы сумесны Вялікдзень. У жніўні мінулага года пара закаханых узяла шлюб, вырашыўшы распачаць сумеснае жыццё з Богам. Гэтае рашэнне не было спантанным ці прадыктаваным модай. Максім і Марта з самага дзяцінства выхоўваліся ў хрысціянскіх традыцыях. Нават іх знаёмства адбылося ў касцёле.

Прыклад старэйшых

Марта з ранняга ўзросту памятае сябе ў храме. Маленькай дзяўчынкай яна прыходзіла на імшу разам з мамай. У стракатай сукеначцы яна бегала па касцёле, спяваючы рэлігійныя песні. Вернікі глядзелі на бялявую дзяўчынку, якая нагадвала анёла, з замілаваннем, частавалі яе цукеркамі. Маленькую парафіянку захапляла велічнасць храма, абразы святых, урачыстае адзенне святара, гукі аргана. Марта расла, а разам з ёй і вера. Праз некалькі год дзяўчынка прыступіла да першай Камуніі. Адносіны з Богам сталі яшчэ больш цеснымі і грунтоўнымі. Марта разам з мамай, братам і сястрой рупліва рыхтавалася да святаў – упрыгожвала вербачкі, гатавала стравы на святочны стол. На кожнае свята сям’я збіралася ў поўным складзе, таму Вялікдзень у Марты атаясамліваецца з еднасцю і шчырасцю.

Падобная сітуацыя была і ў сям’і Максіма. Першым правадніком да веры ў жыцці хлопца стала бабуля. Яна вучыла яго жагнацца, адмаўляць першыя самыя простыя малітвы, вадзіла ўнука ў касцёл. Першапачаткова хлопец многага не разумеў у богаслужэнні, аднак з цягам часу выпрацавалася сталая звычка наведваць храм кожную нядзелю. Ксёндз Павел Паўлюкевіч, заўважыўшы стараннасць і адказнасць юнака, прапанаваў Максіму стаць міністрантам і служыць пры алтары. Тады хлопцу было дзесяць год. Ён згадзіўся. З таго дня Максім не прапусціў амаль ніводнай нядзельнай імшы. Падчас Вялікага посту ён заўсёды ўдзельнічае ў набажэнстве Крыжовага шляху.

Навука любові

Максім і Марта вучыліся ў розных школах, у кожнага былі свае захапленні і кола інтарэсаў. Юнака вабіла тэхніка, дзяўчыну – шыццё. Магчыма, маладыя людзі ніколі б і не пазнаёміліся, каб не заняткі рэлігіі. Пасля школы дзеці збіраліся на катэхезу. Крок за крокам яны спасцігалі невядомыя рэчы, умацоўвалі свае веды. Максім заўважыў усмешлівую дзяўчынку з выразнымі вачыма. Яшчэ тады, у дзяцінстве, яна моцна запала ў душу юнаку. На занятках час ад часу ён кідаў сарамлівыя позіркі на незнаёмку. А пасля наважыўся і загаварыў. З цягам часу Максім і Марта сталі сябраваць. Яны дзяліліся поспехамі ў вучобе, дапамагалі адзін аднаму і размаўлялі аб усім на свеце. У юнацтве сяброўства перарасло ў штосьці большае. Маладыя людзі паступілі вучыцца, пераехалі ў сталіцу, аднак зносіны іх на гэтым не скончыліся. Тры гады таму Максім і Марта зразумелі, што сяброўства трансфармавалася ў шчырае каханне. Пара стала сустракацца, планаваць сумесную будучыню. Вучоба скончылася, маладыя людзі вярнуліся на Ашмяншчыну. Максім уладкаваўся механікам у СУП “АграГродзі”, а Марта распачала прафесійную дзейнасць ва УП “Ашмяны-быт”. Пасля працы закаханыя сустракаліся, каб разам правесці вольны час, падзяліцца думкамі.

Дзве сцежкі – у адну дарогу

9 мая 2023 года – асаблівая дата для Марты. З самай раніцы дзяўчына пачала збірацца на гарадское свята. Праз нейкі час патэлефанаваў Максім і прапанаваў пасля заканчэння свята паехаць у Тракелі на сустрэчу са знаёмым святаром. Той даўно запрашаў маладых людзей прыехаць у госці. Спачатку Марта не згаджалася, спасылаючыся на стомленасць. Аднак Максім не адступаў. Урэшце рэшт малады чалавек адзначыў, што без Марты яму там няма чаго рабіць. Пасля такіх пераканальных слоў дзяўчына здалася. У Тракелях маладых людзей ужо чакаў ксёндз Андрэй. Мястэчка Марыі ўразіла Марту, падаравала дзіўны спакой і гармонію. Калі пара зайшла ў храм, Максім аддаў свой тэлефон святару, папрасіў сфатаграфаваць. Пасля хлопец стаў на адно калена, дастаў пярсцёнак і прапанаваў Марце стаць яго жонкай. На вачах дзяўчыны з’явіліся слёзы. Яна ведала, што Маці Божая Тракельская з’яўляецца апякункай сем’яў. Уразіла дзяўчыну і тое, што прапанову Максім вырашыў зрабіць у маі, які лічыцца месяцам Багародзіцы. Шлюб маладыя людзі запланавалі таксама на асаблівы дзень – парафіяльную ўрачыстасць Маці Божай Чанстахоўскай. Максім хацеў, каб Маці Божая апекавалася іх сям’ёй, закрывала сваім плашчом ад нягод і цяжкасцей, адорвала мірам і гармоніяй.

Традыцыі маладой сям’і

У маладой сям’і ўжо з’явіліся свае традыцыі. Каляды пара святкавала ў бацькоў Максіма, Вялікдзень запланавалі адзначыць разам з сям’ёй Марты. Напярэдадні Вербнай нядзелі Максім прынёс некалькі вербачак. Маладая жонка ўпрыгожыла іх кветкамі, стужкамі, зелянінай. У нядзелю сужонкі пайшлі на ўрачыстую святую імшу. Максім і сёння старанна выконвае абавязкі міністранта, служачы пры алтары. Тры апошнія дні перад святам з’яўляюцца для сям’і асаблівымі. Гэты час называюць пасхальным трыдыумам. Вялікі чацвер нагадвае аб падзеях апошняй вячэры, пятніца – аб смерці Хрыста, субота звязваецца з аднаўленнем абяцанняў, дадзеных на хросце, асвячэннем вады. Максім і Марта лічаць, што без удзелу ў літургіі апошніх дзён свята будзе няпоўным, таму па магчымасці прыходзяць у гэты час у касцёл. Вечар Вялікай суботы для Максіма заўсёды праходзіць аднолькава. Разам са святарамі ён едзе ў Анжадава, выконвае на імшы абавязкі міністранта. Марта гатуе стравы на святочны стол, фарбуе яйкі, а пасля нясе кошык у храм, каб асвяціць велікодныя стравы. Пасля Максім і Марта ўдзельнічаюць у святочнай імшы – рэзурэкцыі. У гэтым годзе яны ўпершыню адзначаць свята ў новым статусе, сядуць за святочны стол, падзеляцца велікодным яйкам, падзякуюць Богу да цудоўны дар сужанства, які яны атрымалі. А пасля звернуцца да гімна любові святога Паўла, прыгадаўшы аб тым, што любоў доўга церпіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць і ніколі не мінае. Яна з’яўляецца шчырай і ахвярнай. Прыклад менавіта такой любові паказаў Хрыстос праз сваю смерць і ўваскрасенне.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара і з архіва сям’і Тарасюк.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *