Патрыятычнаму выхаванню ў нашай краіне адводзіцца надзвычай важнае месца. Выхаваць сапраўднага патрыёта — справа адказная і складаная. Любіць сваю краіну, паважаць беларускую гісторыю, ведаць уласныя карані — усё гэта павінен рабіць маленькі грамадзянін. На ўроках гісторыі і літаратуры, класных гадзінах настаўнікі ствараюць умовы для фарміравання адпаведных якасцей. У Гальшанскай сярэдняй школе з 1 верасня 2023 года дзейнічае ваенна-патрыятычны клас.
На днях тут прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.Пяцікласнікі падрыхтавалі вершы і песні, якія ўпрыгожылі мерапрыемства. З прывітальным словам да вучняў звярнулася Марына Гайдукевіч, дырэктар установы. Яна пажадала дзецям быць стараннымі, адказнымі, любіць свой край, дбаць аб яго дабрабыце. Кіраўнік патрыятычнага выхавання Ігар Каралевіч адзначыў важнасць патрыятызму ў жыцці асобы, яго выключную ролю для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Ён прапанаваў пачаць з простых рэчаў: дапамогі бацькам, клопату аб малодшых, стараннай вучобы.
Прысутнічалі на мерапрыемстве і спецыяльна запрошаныя госці. Кацярына Ілюковіч, старшы памочнік пракурора, павіншавала пяцікласнікаў з важнай падзеяй у жыцці. Яна заклікала дзяцей з гонарам насіць форму і быць вернымі сваім абавязкам. Пасля школьнікі дружна прамовілі словы прысягі. Яны абяцалі быць неабыякавымі, сумленнымі, адказнымі і дапамагаць тым, хто гэтага асабліва патрабуе. У зале прысутнічалі і бацькі пяцікласнікаў, якія прыйшлі падтрымаць іх у гэты важны і хвалюючы момант. Старшы лейтэнант в/ч 25887 Аляксандр Крэгер уручыў школьні-кам пасведчанні. Ён прыгадаў аб сваім прафесійным самавызначэнні, а таксама выказаў спадзяванне, што хтосьці з дзяцей у далейшым звяжа жыццё з прафесіяй ваеннага, якая лічыцца адной з найбольш высакародных і адказных.
Лізавета Яскель:
— Займаючыся ў ваенна-патрыятычным класе, мы разумеем, што на нас ускладзены дадатковыя абавязкі. Будзем імкнуцца да адказнасці і стараннасці. Я імкнуся быць актыўнай, удзельнічаю ў шматлікіх мерапрыемствах, добра вучуся. Цяпер буду яшчэ больш старацца, каб стаць прыкладам для астатніх.
Ян Вайшнаровіч:
— У нашым класе не так шмат хлопцаў. Большасць класа — дзяўчынкі. Таму мы, хлопчыкі, павінны стаць апорай і падтрымкай для сваіх аднакласніц. Так нас вучылі рабіць і настаўнікі, і бацькі. Спадзяюся, што мы апраўдаем надзеі дарослых.
Сафія Кулак:
— Сённяшні дзень нам запомніцца надоўга. Да нас на свята прыйшлі самыя родныя — бацькі, брацікі і сястрычкі. Малодшыя глядзяць на нас з захапленнем, хочуць быць падобнымі, таму мы не можам іх падвесці.
Марта Багдановіч.
Фота аўтара.




