Іх імёны – у вечнасці. На тэрыторыі Ашмянскага раёна ўстаноўлена 19 помнікаў, 9 абеліскаў, 4 курганы і 2 стэлы

80 лет ВЕЛИКОЙ ПОБЕДЫ Общество

Павага. Падзяка. Памяць. Для Беларусі, якая страціла кожнага трэцяга, гэта не пустыя словы. У нашай краіне некалькі накірункаў працы па ўвекавечанні гераічнага подзвігу і памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

У лютым перастала біцца сэрца апошняга ветэрана на Ашмяншчыне — Станіслава Юльянавіча Бралкоўскага, аднак мужнасць людзей, якія здабывалі мір і незалежнасць, назаўсёды застанецца ў памяці нашчадкаў.

Першыя крокі па яе захаванні былі зроблены яшчэ ў 1942 годзе. На сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Саюза савецкіх архітэктараў і Саюза савецкіх мастакоў БССР была зацверджана «Праграма на складанне эскіза-ідэі помніка героям Айчыннай вайны». Праграма прадугледжвала таксама ўсталяванне помнікаў у буйных гарадах і райцэнтрах Беларусі, на тэрыторыі якіх адбываліся значныя ваенныя падзеі і здзяйсняліся подзвігі. Пасля, у 1944 і 1946 г., Саветам народных камісараў БССР і ЦК КП(б)Б былі прыняты некалькі пастаноў, згодна з якімі магілы людзей, якія аддалі жыццё за вызваленне Беларусі, павінны стаць народнымі святынямі і месцамі пакланення на вякі. Была распачата справа па ўзяцці на ўлік воінскіх пахаванняў, іх добраўпарадкаванні і захаванні брацкіх магіл.

Паводле звестак, якія захоўваюцца ў Ашмянскім раённым савеце ветэранаў, на 21 лютага 1946 года мясцовыя ўлады ўзялі на ўлік 40 брацкіх і 99 індывідуальных пахаванняў. Адначасова ў цэнтры сельскіх Саветаў і буйныя населеныя пункты раёна звозіліся астанкі загінулых.

Першапачаткова ў Ашмянах былі 4 брацкія магілы (дзве – у гарадскім парку, 1 – за агароджай праваслаўнага храма, 1 – на праваслаўных могілках) і 2 індывідуальныя магілы (у гарадскім парку). У іх было пахавана 38 чалавек.

Падчас узбуйнення ў Ашмянах засталіся дзве брацкія магілы. У 1958 годзе ў гарадскім парку адбылося адкрыццё помніка загінулым воінам і партызанам. Аўтарам яго стаў Заір Азгур.

Ужо ў 1963 годзе з вёскі Ліпнікі (зараз Астравецкі раён, у 1962-1964 гг. уваходзіла ў склад Ашмянскага раёна), дзе размяшчаўся ваенны шпіталь, у ашмянскі гарадскі парк  былі перанесены астанкі воінаў, якія ў 1944 годзе памерлі ад ран у шпіталі.

Кволыя саджанцы бэзу… Яны былі высаджаны побач з помнікам загінулым воінам і партызанам па ініцыятыве сям’і Віктара Чарныша, які быў пахаваны ў брацкай магіле ў далёкім 1973 годзе.

Вучні СШ № 2 пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ганны Іванаўны Бабарыкінай правялі пошук родных і блізкіх малодшага лейтэнанта Віктара Мікалаевіча Чарныша. У далёкім сібірскім горадзе Омску яны адшукалі маці і брата Віктара. Маці салдата не змагла прыехаць з-за цяжкой хваробы, а вось брат Аляксандр з жонкай Тамарай і сынам Аляксандрам прыязджалі ў наш горад. Яны сустрэліся з юнымі следапытамі з СШ № 2, пабывалі ў Ашмянскім краязнаўчым музеі, якому падарылі шэраг сямейных рэліквій, сярод іх — фотаздымкі Віктара.

У 1985 годзе была праведзена першая рэканструкцыя помніка, заменены мемарыяльныя пліты.

У пачатку 2000 г. на ўскрайку горада былі знойдзены астанкі савецкіх воінаў, вязняў Ашмянскага лагера ваеннапалонных, якія былі расстраляны летам 1941 года. Урачыстая цырымонія перазахавання адбылася 12 снежня 2000 года.

У 2020 г. была завершана комплексная рэканструкцыя воінскага пахавання ў гарадскім парку. Ля адноўленага помніка традыцыйна праводзяцца мітынгі-рэквіемы, урачыстыя мерапрыемствы. Па шматгадовай традыцыі ў дзень шлюбу сюды прыходзяць маладыя, каб ускласці кветкі да помніка і аддаць даніну павагі загінулым.

У брацкай магіле пахавана 294 чалавекі, імёны 159 з іх вядомы. Беларусы і рускія,  чувашы і татары, украінцы і казахі – усе яны мужна змагаліся за свабоду ад фашысцкай навалы. Сярод тых, чые прозвішчы вядомы, — адважныя лётчыкі Аляксандр Аўдзееў і Пётр Страленка. Яшчэ 135 воінаў застаюцца невядомымі. Яны загінулі пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Пошукавыя работы па ўстанаўленні імён герояў працягваюцца, у памяці людской подзвіг герояў павінен жыць вечна.

На тэрыторыі Ашмянскага раёна ўстаноўлена 19 помнікаў, 9 абеліскаў, 4 курганы і 2 стэлы. Усе яны – маўклівыя сведкі трагедый і подзвігаў, што адбываліся падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не толькі даніна памяці людзям, якія змагаліся дзеля Перамогі, але яшчэ і летапіс. Па ім можна знаёміцца з гісторыяй, вучыцца мужнасці і патрыятызму, любові да сваёй Радзімы. Дзякуючы праекту “Незагойныя раны зямлі” мы паспрабуем узгадаць пра тых, хто не дажыў да светлага дня – 9 Мая 1945 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *