Якія творы на роднай мове падабаюцца жыхарам Ашмянскага раёна?

Общество

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

Для мяне беларуская мова – гэта больш, чым літары, гукі і словы. На ёй гавораць блізкія мне людзі. Гэта казкі з майго дзяцінства і пазнавальныя творы, з якімі знаёмлюся на ўроках беларускай літаратуры ў школе.

А якія творы на роднай мове падабаюцца жыхарам Ашмянскага раёна? З такім пытаннем я звярнулася да ашмянцаў.

Святлана Максуль, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

– Са школьнай праграмы больш за ўсё люблю творчасць Уладзіміра Караткевіча – цудоўнага чалавека, пісьменніка і інтэлектуала. Не ўяўляю свайго жыцця і без паэзіі, бо яна дапамагае ў фарміраванні нашага светапогляду, дае магчымасць убачыць і пачуць думкі. Мне вельмі імпануе лірыка Максіма Багдановіча. А пакуль на календары яшчэ зіма, то працытую радкі класіка пра гэту пару года:

Здароў, марозны, звонкі вечар!

Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

I волен лёгкіх санак бег…

Архіп Гардзей, вучань сярэдняй школы № 2 г. Ашмяны:

– Любоў да кнігі і чытання мне прывіла мая бабуля Тарэса Адашкевіч, якая ў свой час працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Таму і не дзіўна, што свае першыя кнігі я прачытаў на роднай мове. Мой любімы твор – апавяданне «Сябры » Алены Васілевіч. Люблю яго за цікавае развіццё падзей, шмат напружаных і захапляльных момантаў і дзіўную развязку.

Алена Янкоўская, супрацоўнік Ашмянскай раённай бібліятэкі:

— Такім творам для мяне з’яўляецца гістарычная аповесць Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Чытаючы, не магла адарвацца ад кнігі – вельмі захапіў сюжэт. Гэты дэтэктыў створаны паводле класічных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, ён мае і нешта сваё, адметнае, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць, а можна хіба адчуць. Раю ўсім прачытаць гэты твор.

Мікалай Лаздзін, ветэран вайны ў Афганістане:

— На маю думку, кожны беларус, які вучыўся ў школе, ведае неўміручыя радкі з “Новай зямлі” Якуба Коласа:

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае ўбогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю…

На беларускай мове напісана шмат цудоўных твораў. Яны мне родныя, бо больш за ўсё кранаюць душу. Наша мова вельмі прыгожая. Маю гонар гаварыць на ёй.

Віялета ГАЛАШЭЎСКАЯ, вучаніца СШ № 2 г. Ашмяны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *