Традыцыйнае народна-фальклорнае свята «Загаўліны» адбылося ў аграгарадку Кальчуны

Культура

Пра тое што ў Кальчунах перад пачаткам Вялікага посту адбываюцца “Загаўліны”, ведаюць ужо не толькі ў Ашмянскім раёне. У гэтым годзе традыцыя захавалася, і ў аўторак фальклорнае свята сабрала ў аддзеле культуры і вольнага часу прыхільнікаў народных традыцый.

Сустракалі гасцей ветлівыя гаспадары, у ролі якіх выступілі Сняжана Кагадоўская і Аляксей Філон, актыўна далучыліся да свята і ўдзельнікі гуртка акцёрскага майстэрства, які працуе пры Кальчунскім аддзеле культуры і вольнага часу.

На працягу вечара гучалі песні ў выкананні мясцовага фальклорнага гурта “Скарбніца” і вакальнай групы “Вечарына”. Па традыцыі, сталыя замужнія жанчыны прынялі ў сваё “кола” Святлану Акулевіч, якая выйшла замуж у гэты мясаед. Нежанатыя хлопцы “цягнулі калодку” і спаборнічалі ў гульнях.

Да кальчунцаў завіталі ў госці народны ансамбль народнай песні Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу “Жытніца” і таленавітая сям’я Інаровіч з Кемелішак Астравецкага раёна, якія радавалі сваімі песнямі.

Завяршылася абрадавае мерапрыемства “прабачальнай бяседай” і накрываннем стала белым абрусам і кажухом, каб дабрабыт і дастатак панавалі  ў хаце. Дарэчы, на стале было шмат мясных прысмакаў вытворчасці Ашмянскага мясакамбіната. Прыемна радавалі вырабы майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *