Наталля Акушка і яе сакрэт сямейнага шчасця

Общество

Сям’я – гэта маленькі свет, напоўнены любоўю і гармоніяй. Сям’я выхоўвае, вучыць, развівае. Дзякуючы ёй наша грамадства папаўняецца адказнымі, глыбокімі і таленавітымі людзьмі. У былыя часы ў сем’ях выхоўвалася вялікая колькасць дзяцей. Гэта не лічылася гераізмам, а жанчыны рэалізоўвалі сябе ў мацярынстве. Зараз можна рэдка сустрэць сем’і, дзе выхоўваецца пяцёра або шасцёра дзяцей. Аднак усё ж такія сем’і ёсць. Там не сціхае дзіцячы смех, а любоў і шчырасць ліецца магутнай ракой. Сям’я Акушка менавіта з такіх.

Наталля з настальгіяй узгадвае сваё дзяцінства. Яна была няўрымслівай і актыўнай дзяўчынкай, не любіла адзіноту і ўвесь час прасіла ў мамы малодшую сястрычку ці браціка. Мама адмаўляла, спасылаючыся на тое, што ў Наталлі ўжо ёсць старэйшы брат. Да таго ж, некаторыя праблемы са здароўем не дазвалялі рэалізаваць даўнюю мару дачкі. Наталля стала падрастаць, з цягам часу яна забылася пра тую далёкую мрою, якая не давала ёй спакою доўгі час. Выходзячы замуж, яна і падумаць не магла, што стане шматдзетнай мамай, а ў маладой сям’і народзіцца ажно шасцёра дзяцей.

У 1997 годзе нарадзіўся першынец Сяргей. Наталля імкнулася аддаваць усю любоў і шчырасць нованароджанаму. Яна растварылася ў сваім мацярынстве, а статус маладой мамы не стаў для яе цяжарам. Праз тры гады з’явілася дачка Алена. Маладыя бацькі не маглі нарадавацца гэтай падзеі. Здавалася, што зараз сям’я поўнасцю “ўкамплектавана” – ёсць і дачка, і сын. Аднак праз кароткі час нарадзілася трэцяе дзіця – дачушка Ганна. Сям’я набыла статус шматдзетнай. Многія лічылі, што спраўляцца з дзецьмі жанчыне будзе складана, аднак памыляліся: маладая мама ўмела арганізоўвала свой быт, знаходзіла час на заняткі з дзецьмі і шпацыр. Жанчына зразумела, што шматдзетнасць – гэта вялікая радасць. Крыху пазней у сям’і з’явіўся Вадзім, а яшчэ праз некаторы час – Андрэй.

-Усе мае дзеці розныя па характары. Старэйшы Сярожка – спакойны і ўраўнаважаны, міласэрны і добры. Алена вельмі прынцыповая і адказная. У школе яна прымала ўдзел у конкурсах і алімпіядах, да якіх старанна рыхтавалася. Для нас не стаў сюрпрызам і яе выбар. Алена паступіла на юрыдычны. Наша Аня больш спакойная, аднак да вучобы таксама заўжды адносілася сур’ёзна і адказна. А Вадзім – сапраўдны гаспадар. Змалку яго можна было адправіць у краму. Ён паспяваў абысці некалькі крамаў, параўнаць кошт на прадукты і толькі тады закупіцца. Сын і зараз з лёгкасцю вырашае гаспадарскія пытанні. Малодшаму Андрэю цяпер 13 год. Ён цалкам захоплены спортам. Заняткі яго вельмі дысцыплінуюць, — зазначае шматдзетная мама.

Шэсць гадоў таму сям’я ўзбагацілася яшчэ на аднаго чалавека – на свет з’явілася дачушка Ева. Няўрымслівая і гарэзлівая, яна з’яўляецца сапраўднай радасцю і для бацькоў, і для старэйшых сясцёр і братоў. Дзяўчынка ўпэўнена стаіць на лыжах, прымае ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

Старэйшыя дзеці ўжо трывала стаяць на нагах, малодшыя – радуюць першымі поспехамі. Падаецца, што Наталля поўнасцю рэалізавала сябе і як жанчына, і як маці. Аб чым зараз марыць Наталля? Гэтае пытанне напрошваецца само па сабе.

-Усё жыццё марыла патрапіць на мора. Аднак, зразумела, што на гэта ў мяне не было часу і фінансавых сродкаў. Думала, што мая мара так і застанецца марай. Аднак дачка Алена, ведаючы пра гэту маю мрою, вырашыла здзейсніць яе. У мінулым годзе мы разам з дачкой адправіліся ў невялічкае падарожжа. Падавалася, што гэта адбываецца не са мной. Калі дачка сказала мне аб гэтым, я не магла паверыць. Яе жэст вельмі расчуліў мяне. Менавіта тады я зразумела, што мы з мужам далі годнае выхаванне сваім дзецям, навучылі іх паважаць сваіх бацькоў.

Дзеці вельмі дружныя і згуртаваныя. Яны імкнуцца дапамагаць адзін аднаму, а на святы збіраецца ўся вялікая сям’я. Наталля загадзя пячэ духмяны пірог, малодшыя дзеці сервіруюць стол, а старэйшыя – прывозяць прадукты і падарункі. У такія моманты бацькі адчуваюць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі, яны ганарацца сваімі дзецьмі, якія выраслі адказнымі, дысцыплінаванымі, а галоўнае – міласэрнымі і чалавечнымі. Менавіта такімі і бачылі іх бацькі.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *