Ашмянскі краязнаўчы музей наведалі калядоўнікі

Культура

У Ашмянскі краязнаўчы музей завіталі незвычайныя госці – калядоўнікі. Менавіта калядныя дні, якія доўжацца ад Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча, нашы продкi ўспрымалi як незвычайны святочны час, калi было прынята ўволю адпачыць i набрацца сiл перад новым сезонам работ у полi.

У народзе гэты цыкл называўся Калядамі, святымі вечарамі, шчодрыкамі. Узгадаць беларускую традыцыю святкавання Каляд, якая прайшла праз стагоддзі, вырашылі супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча разам з народным калектывам “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу, якія і выступілі ў ролі калядоўнікаў.

Разам з Казой – сімвалам урадлівасці – яны прынеслі ва ўстанову песні, гульні, зладзілі імправізаваныя сцэны, пацешылі сюрпрызамі. У госці да музейшчыкаў завіталі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту ТЦСАН Ашмянскага раёна. Падчас мерапрыемства госці ўспомнілі сваю маладосць і расказалі, як у гэтыя дні варажылі. Спосабаў варажбы было мноства. Самы вядомы з іх – кідаць боцік з левай нагі праз плячо. У які бок глядзеў насок, адтуль і павінен быў прыйсці жаніх. Варажылі дзяўчаты і на паленцах – па іх вызначалі, якім будзе будучы муж, а таксама “абдымалі” плот – парная колькасць балясін гаварыла сама за сябе.

Цікавасць выклікала ва ўдзельнікаў каляднага мерапрыемства батлейка – лялечны тэатр са сцэнкамі на рэлігійную і бытавую тэмы. Дырэктар музея Настасся Навіцкая разам з супрацоўніцай Марынай Горыд паказалі некалькі інтэрмедый, заснаваных на мясцовым матэрыяле, а таксама калядны спектакль пра цара Ірада.

Удзельнікі народнага ансамбля “Жытніца” выклікаліся развучыць з гасцямі народныя беларускія танцы, якія танцавалі менавіта ў нашай мясцовасці.

Напрыканцы мерапрыемства артысты пажадалі ўдзельнікам свята захоўваць народныя традыцыі і перадаваць іх з пакалення ў пакаленне, берагчы непаўторную самабытную культуру i звычаi, сямейныя традыцыі i памятаць свае каранi.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *