Навагодні бібліобус наведаў жыхароў Ягелаўшчыны, Грынцоў і Палян

Культура

Новы год — самае цудоўнае свята, якога з нецярпеннем чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Гэта час падарункаў, здзяйснення жаданняў і сапраўднага цуда. Новы год немагчыма ўявіць сабе без святочных віншаванняў.

Бібліятэкары Ашмянскай раённай бібліятэкі, адпраўляючыся на бібліобусе па чарговым маршруце ў вёскі Ягелаўшчына, Грынцы, Паляны, вырашылі дабавіць крыху цуда ў сваю работу і запрасілі з сабой Дзеда Мароза і Снягурку.

Сіні мікрааўтобус, які возіць кнігі і часопісы, добра знаёмы чытачам пяцідзесяці населеных пунктаў, якія абслугоўваюцца бібліобусам. Бібліятэкараў там чакаюць, і гэта заўсёды вельмі прыемна. Кожная такая штомесячная сустрэча – гэта не толькі магчымасць выбраць цікавыя кнігі ці атрымаць папярэдне заказаную літаратуру, але і цёплыя размовы, абмен навінамі. Многія з чытачоў даўно ўжо сталі добрымі сябрамі бібліятэчных работнікаў.

Вось і ў гэты раз бібліобус  сустракалі з радасцю. Паяўленне казачных персанажаў стала прыемным сюрпрызам. Жыхары вёсак ахвотна падтрымлівалі святочны настрой, успаміналі навагоднія вершы, атрымлівалі за стараннасць цукеркі і тут жа імкнуліся пачаставаць, адарыць у адказ. Прывычнае абслугоўванне стала асабліва прыемным дзякуючы ўсмешкам і ўзаемным добрым пажаданням.

Няхай кнігі ніколі не знікнуць з вашых сэрцаў і дамоў, дарагія чытачы! Няхай заўсёды сярод штодзённых клопатаў знаходзіцца ў вас час для цуду сустрэчы з добрай кнігай, любімым аўтарам. А мы, работнікі бібліятэкі, з задавальненнем вам у гэтым дапаможам. Віншуем вас з надыходзячымі святамі.

Алена ЯНКОЎСКАЯ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *