Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага раёна запрашае за пакупкамі

Культура

Да сустрэчы Новага года засталося няшмат часу. Нехта ўжо падрыхтаваў падарункі для сваіх родных і сяброў, а тым, хто яшчэ не паспеў, мы раім зазірнуць у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага раёна, каб прыгледзіць прыгожыя сувеніры, зробленыя рукамі майстроў.

– Падрыхтоўка да галоўнага зімовага свята ў нашым аддзеле ідзе ўжо не першы тыдзень, – расказала метадыст аддзела рамёстваў Анастасія Чэкалоўская. – Кожны майстар да гэтага пытання падышоў адказна і арыгінальна. Многія работы заслугоўваюць самых высокіх адзнак, і яны абавязкова стануць упрыгожаннем любой кватэры і дома ў гэтыя святочныя дні. У аддзеле рамёстваў вялікі асартымент падарункаў, зробленых працавітымі рукамі майстроў: тут вам і вырабы з гліны, і мяккія цацкі, і лялькі з тэкстылю, і саламяныя кветкі, і яшчэ шмат іншага. На ўсё гэта можна не толькі любавацца, але і варта набыць нешта для сябе.

Сімвалы надыходзячага года – Дракон, Дзед Мароз, Снягурка — і іншыя казачныя персанажы, а таксама разнастайныя лялькі, цацкі і сувеніры зроблены таленавітымі майстрамі Валянцінай Свірскай, Марыяй Заянчкоўскай, Марынай Ягела, Вольгай Кавалеўскай, Валянцінай Пакульневіч, Юліяй Пуцейка, Мар’янам Козарам спецыяльна для святочных выстаў-продажаў. Адной з кропак, дзе можна паглядзець і набыць іх, стане рэзідэнцыя Дзеда Мароза, якая расчыніла свае дзверы побач з раённым цэнтрам культуры, а таксама ў аддзеле рамёстваў па адрасе: вул. Савецкая, 83, у працоўныя дні – з 08.00 да 17.00.

Дарэчы, кожны жадаючы можа не проста набыць сувенір, які яму спадабаўся, але і  зрабіць падобны сваімі рукамі падчас майстар-класаў, якія будуць даваць прафесіяналы аддзела рамёстваў.

Праглядзець увесь асартымент, каб выбраць нешта даспадобы, можна загадзя на старонцы аддзела ў сацыяльнай сетцы Instagram: addzel_remesel_ashmiany.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *