Урокі на свежым паветры. Дзетвара Ашмяншчыны далучаецца да здаровага ладу жыцця

Образование

Мы прызвычаіліся да таго, што новыя веды можна атрымаць толькі ў класе або аўдыторыі. Атмасфера цішыні і спакою спрыяе  лепшаму засваенню новай інфармацыі. Аднак урокі, пазакласныя мерапрыемствы і выхаваўчыя гадзіны можна праводзіць і ў іншых месцах: у музеі, тэатры або на свежым паветры.

Снежань парадаваў цудоўнай зімовай атмасферай: з’явіўся першы сняжок, а паветра насыцілася кіслародам і лёгкім марозікам. Гэта цудоўны момант, каб выйсці на вуліцу і правесці час з карысцю. Многія школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў нашага раёна ўжо выкарысталі такую магчымасць.

На свежым паветры выхаванцы Гальшанскага дзіцячага садка знаёміліся з правіламі бяспечных паводзін, засвойвалі патрэбную і важную інфармацыю. Прысутнічалі тут і выхаваўчыя гульні, якія ўзмацнялі актыўнасць дзяцей, дапамагалі сагрэцца.

У Барунах выхаванцы дзіцячага садка ўмацоўвалі кармушкі ў межах акцыі “Дапаможам птушкам”. Выхавацелі расказалі дзецям пра важнасць клопату аб крылатых сябрах, нагадалі аб тых птушках, якія застаюцца зімаваць. А пасля дзетвара далучылася да рухомых гульняў.

Працоўны дэсант высадзіўся на тэрыторыі дзіцячага садка № 4 нашага горада. Узброіўшыся лапаткамі, дзеці прымалі ўдзел у ачышчэнні тэрыторыі ад снегу.

Аднак не толькі выхаванцы дзіцячых садкоў актыўна праводзяць час на свежым паветры. У школьнікаў з’явілася цудоўная магчымасць стаць на лыжы і далучыцца да здаровага ладу жыцця. Вучні  Навасёлкаўскай і Барунскай школ выкарысталі гэту цудоўную магчымасць далучыцца да спорту.

Працоўныя акцыі, пазнавальныя віктарыны, нетрадыцыйныя ўрокі  на свежым паветры – усё гэта спрыяе бадзёраму настрою і станоўчым эмоцыям.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *