Дзе ў Ашмянах знайсці брукаванку?

Культура

Часам хочацца перанесціся ў іншую эпоху, адчуць атмасферу былога. Для гэтага можна ўключыць гістарычны фільм або пагрузіцца ў свет мастацкай літаратуры. Адразу перад вачыма разгортваецца таямнічая карціна: вобразы паненак у адмысловых убраннях, фурманкі і брукаваныя дарожкі. Зразумела, што сустрэць фурманку на нашых дарогах дастаткова складана, а вось фрагменты брукаванак захаваліся да нашага часу. Што такое брукаванка? Гэта паверхня вуліцы або плошчы, узмоцненая з дапамогай шчыльна прылеглых камянёў, якія ўкладваліся на адмыслова падрыхтаваную аснову з друзу і пяску. Брукаванне дарог і вуліц гарадоў набыло папулярнасць яшчэ ў старажытным свеце. Беларускае слова “брук” перакладаецца як “мост”. Гэта тлумачыцца тым, што ў старажытныя часы стан вуліц быў дастаткова дрэнным, а ў дажджлівае надвор’е складана было перайсці нават з аднаго боку вуліцы на другі, таму ў некаторых месцах сталі класці драўляныя бэлькі, а пазней вуліцы пачалі выкладаць камянямі.

Прыгадваючы брукаванку, адразу ўспамінаецца наш абласны цэнтр. У цэнтры Гродна цэлыя вуліцы выкладзены камянямі. Калі ідзеш па такой дарозе, адразу адчуваеш подых мінулых стагоддзяў.

А ці ёсць брукаванка ў Ашмянах і ваколіцах? І дзе знайсці фрагменты такой дарогі? Сама назва нашага горада цесна звязана з камянямі. Іх на тэрыторыі Ашмян – вялікая колькасць. У свой час брукаваныя вулкі былі амаль у кожнай вёсцы нашага раёна, надаючы населенаму пункту статуснасць і адметнасць. На жаль, з цягам часу брукаванкі пачалі паступова знікаць, аднак пэўныя фрагменты ўсё ж захаваліся. Карэспандэнты раённай газеты звярнуліся ў Ашмянскі турыстычны інфармацыйны цэнтр, каб больш даведацца пра брук у нашым горадзе.

— Асфальт на гарадскіх вуліцах з’явіўся адносна нядаўна. Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя цэнтральныя вуліцы ў Ашмянах былі выкладзены з каменю. Аб гэтым сведчаць гістарычныя фотаздымкі. Невялікія фрагменты брукаванак захаваліся да нашага часу. Адным з найбольш прываблівых месцаў для гараджан і гасцей райцэнтра з’яўляецца вуліца Лейбы Стругача, якая знаходзіцца побач з сядзібай. Вулка дастаткова працяглая і мае аўтэнтычны выгляд. Яшчэ адзін участак з брукаванкай можна знайсці на вуліцы Аўдзеева, непадалёк ад старога каталіцкага могільніка. Людзі заўжды імкнуліся ўшанаваць памяць сваіх продкаў, таму дарогам да могільнікаў удзялялі асаблівую ўвагу. Можна знайсці брукаванку і на вуліцы Міцкевіча. Брукаванка прымыкае да старога будынка школы. Невялічкія фрагменты бруку захаваліся на вуліцы Францішканскай. Асобныя ўчасткі ёсць і ў вёсках. Добра захавалася брукаванка ў Бянюнах, асобныя ўчасткі бруку можна ўбачыць у Дзертніках, — расказала Алеся Маліноўская, дырэктар Ашмянскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *