Даволі часта па тэлебачанні ці па радыё, а таксама ў газетах і інтэрнэце, мы можам натыкнуцца на прыкметы, якімі карысталіся нашы продкі, каб прадказаць, якім будзе надвор’е праз дзень ці праз тыдзень, а ў некаторых выпадках нават праз паўгода.
І трэба адзначыць, часцей за ўсё прыкметы спраўджваліся. А якімі прыкметамі карыстаюцца ашмянцы зараз, высвятляў наш карэспандэнт на вуліцах горада.
— Зараз клімат на зямлі і ў прыватнасці ў Беларусі неяк змяніўся, на маю думку: зімы ў нас сталі цёплыя, снега мала, тэмпература ў асноўным вагаецца ў межах мінус 5-10 градусаў, затое вясна і лета — халодныя, таму лічу, што прыкметам зараз верыць няма сэнсу.
Паколькі я люблю працаваць на градах, то ў мяне ў галаве заўсёды круціцца такая прыкмета: калі за зіму не было сорак чатыры маразы, то вясна будзе халоднай.
Вераніка Самаль, госця горада:
— Якія я ведаю прыкметы пра надвор’е? Ёсць некалькі такіх прыкмет, з якімі я асабіста сутыкалася і якія спраўджваліся. Напрыклад, калі летнім вечарам лётае шмат камароў — заўтра будзе спёка. Зімой, калі пад вечар яснае сонца, то заўтра будуць маразы.
Але ў большасці сваёй у народныя прыкметы, звязаныя з надвор’ем, я не веру. Калі б усё было так проста, то сіноптыкі б ніколі не памыляліся.
А вось у прыкметы кшталту, калі левая рука свярбіць – гэта да грошай, правая — да сустрэч, левая нага — да непрыемнасцей, а правая — да вандроўкі, я веру.
Уладзімір Кандратовіч, грузчык:
— Некалі ў маім дзяцінстве бабулі і дзядулі рабілі даволі дакладныя прагнозы, якое надвор’е будзе заўтра ці нават праз тыдзень, ведалі, калі пачынаць саджаць гародніну і калі рыхтавацца да маразоў. Але з таго часу шмат гадоў мінула, і я ўжо многія з іх прадказанняў нават і не ўспомню. Да таго ж многія прыкметы, асабліва тыя, якія робяць прагноз на працяглы час, зараз, лічу, не вельмі дакладныя, бо чалавек вельмі моцна ўмешваецца ў прыроду, тым самым робячы ўсялякія прагнозы падманлівымі.
Самы праўдзівы прагноз, на мой погляд, у ластавак: калі яны лётаюць нізка да зямлі — хутка будзе дождж.
Яўгенія Якубоўская, пенсіянерка:
— Ёсць такія дні ў календары, якія называюцца “градавыя”. Адзін з іх — серада на Велікодным тыдні. Другая Градавая серада — перад Тройцай, ці Сёмікам. І яшчэ серада пасля Тройцы таксама называецца Градавой. У гэтыя дні, наколькі я памятаю, катэгарычна забаранялася працаваць пад пагрозай таго, што летняя навальніца магла спаліць хату, а град — нанесці шкоду градам і пасевам.
На наступны дзень — “сухі” чацвер — нельга капаць, саджаць, палоць, акучваць або якім-небудзь іншым спосабам “варушыць зямлю”, бо гэта пагражае засухай або гібеллю ўраджая.
Антон Мальшэўскі.
Фота аўтара.

