Аздараўленчы лагер “Вясёлка” і працоўная брыгада працуюць у Граўжышкоўскай базавай школе

Образование

Чым заняць дзіця падчас канікулаў? Гэтым пытаннем задаюцца бацькі кожны раз, калі ў школах пачынаецца любімая дзецьмі пара адпачынку. Канешне, калі дзіцяці ўжо дастаткова гадоў і яно даволі самастойнае, можна пакінуць яго дома аднаго. А можна размеркаваць яго ў школьны лагер, дзе пад кіраўніцтвам настаўнікаў-выхавацеляў ён цікава і з карысцю правядзе свой вольны час. Аздараўленчы лагер “Вясёлка”, які працуе на восеньскіх канікулах у Граўжышкоўскай базавай школе, сабраў дзяцей 6-13 гадоў. Для іх тут створаны найлепшыя ўмовы для адпачынку і аздараўлення, арганізавана трохразовае харчаванне.

Кожны дзень выхавацелі рыхтуюць для дзетак спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года міру і стваральнай працы. Так, падчас акцыі “Жывая памяць пакаленняў” хлопчыкі і дзяўчынкі прыбралі і добраўпарадкавалі тэрыторыю ля помніка зямлякам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну. Кожны дзень тэма, змест і накіраванасць мерапрыемстваў змяняецца, аднак усе яны аб’яднаны адной ідэяй – “Мая малая радзіма і карысныя справы для яе”.

Для вучняў Граўжышкоўскай школы на восеньскіх канікулах з’явілася ўнікальная магчымасць не толькі адпачыць, папрацаваць, але яшчэ і зарабіць грошы. На базе школы для вучняў 14-16 гадоў упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама створана працоўная брыгада. Дарэчы, такія брыгады створаны ў 12 установах адукацыі Ашмянскага раёна.

– З дазволу бацькоў нашы вучні на працягу канікулаў заняты навядзеннем парадку на тэрыторыі вакол школы, – расказвае кіраўнік працоўнай брыгады Ірына Сідаровіч. – У гэтыя дні падлеткі займаліся абрэзкай дрэў і кустоў, зграбалі апалае лісце, збіралі насенне кветак. Непаўнагадовыя працуюць 4,6 гадзіны ў дзень, але за сваю працу яны атрымаюць нядрэнны заробак, а таксама першы запіс у працоўнай кніжцы.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *