Вандруем па музеях адукацыі Ашмянскага раёна. Народны музей СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага

Образование

У нашым раёне ёсць некалькі музеяў, якім прысвоена званне “Народны”. Каб атрымаць яго, неабходна сістэмная і карпатлівая праца цэлай каманды неабыякавых людзей, вялікі энтузіязм і творчы запал. Народны музей гісторыі школы № 1 імя М.М. Гружэўскага якраз і ствараўся камандай неабыякавых рупліўцаў, якія ўкладалі сюды свае сілы і сэрца. У чэрвені 2023 года народны музей пацвердзіў сваё высокае званне.

У музеі багатая экспазіцыя. Тут захоўваюцца ўзнагароды, фотаздымкі, падручнікі, школьныя прылады, газеты даваеннага часу і першых пасляваенных гадоў, граматы і асабістыя рэчы знакамітых выпускнікоў — усё тое, што звязана са школай, яе гісторыяй і станаўленнем. Музей гасцінна расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у далёкім 1999 годзе. На 70 квадратных метрах разгарнулася асаблівая і цікавая старонка жыцця школы, яе перамог і ўзлётаў. Тэматычныя стэнды распавядаюць наведвальнікам аб станаўленні адукацыі ў Ашмянскім раёне. Шмат інфармацыі аб дзейнасці школы ў пасляваенны перыяд, яе дырэктарах і першых выпусках. Важнае месца адводзіцца гісторыі піянерскага і камсамольскага рухаў. Гальштукі і школьная форма таго часу, горн, барабан, каларытныя фотаздымкі — кожны экспанат нагадвае аб самабытнасці і непаўторнасці таго часу. Выпускнікі школы з настальгіяй разглядаюць гэтыя экспанаты, пераносячыся ў школьныя гады. Многія знаходзяць сябе на фотаздымках.

Першая школа славіцца сваімі творчымі калектывамі. Адметнасцю стала і тое, што ўсе яны з’яўляюцца ўзорнымі. Фальклорны ансамбль песні і танца “Званочкі”, студыя эстраднай песні “Палёт”, тэатр танца “Эфект” узгадавалі не адно пакаленне выпускнікоў. Удзельнікі калектываў ва ўсе часы станавіліся пераможцамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў, прымалі ўдзел у аглядах мастацкай самадзейнасці. Дыпломы, граматы і падзячныя лісты знайшлі месца на адным са стэндаў.

Распавядае музей гісторыі школы і аб педагогах, якія ў розныя часы працавалі ў навучальнай установе. Творчыя і захопленыя сваёй справай, яны неслі веды, выхоўвалі, натхнялі, дапамагалі рабіць першыя крокі ў свет новых ведаў. Кожны педагог — унікальны і адметны. А сапраўдным прыкладам для педагогаў, якія зараз працуюць у школе, з’яўляецца Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, былы дырэктар школы. Менавіта яго намаганнямі быў адкрыты музей, які пасля стаў вядомым не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Асобе Міхаіла Гружэўскага адведзены асобны стэнд. Школьнікі знаёмяцца з біяграфіяй былога дырэктара, займаюцца даследчай дзейнасцю. У гэтым годзе вучнямі была падрыхтавана навуковая праца “Яго імя носіць школа”, прысвечаная асобе былога дырэктара.

Доўгі час загадчыцай музея была Рамуальда Ануфрыева. З вялікім запалам яна выконвала свае абавязкі: праводзіла экскурсіі, вяла неабходную дакументацыю, рыхтавала экскурсаводаў, дапамагала вучням пісаць навуковыя і даследчыя працы. Дзякуючы яе руплівасці школьнікі дакрануліся да гісторыі роднага краю, навучыліся паважаць і любіць сваю ўстанову, быць сапраўднымі патрыётамі.

Зараз кіраўніком музея з’яўляецца Вольга Эвейшыс. Яна зазначае, што музей працягвае добрыя традыцыі, закладзеныя некалькі дзесяцігоддзяў таму: вучні спрабуюць сябе ў якасці экскурсаводаў, займаюцца даследчай дзейнасцю, прымаюць удзел у конкурсах. Добрая справа, распачатая ў 1999 годзе, працягваецца, да яе актыўна далучаецца маладое пакаленне. І гэта зразумела. Гісторыя роднага краю павінна жыць, бо без гісторыі няма будучыні.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *