Сям’я моцная адзінствам. Сакрэт трывалых адносін сям’і Ласёнак

Общество

Выхаваць таленавітую, творчую і неабыякавую асобу заўсёды складана: трэба прысвячаць для гэтага шмат часу, накіроўваць дзіця, падтрымліваць і матываваць. Напэўна, найлепшым спосабам выхавання можна лічыць асабісты прыклад мамы, таты, бабулі і дзядулі, які ўплывае на асобу лепш, чым любыя словы.

Сям’ю Ласёнак з Гальшан можна назваць па-сапраўднаму творчай, бо кожны яе член захоплены сваёй справай і адданы ёй цалкам. Марыя і Дзмітрый жывуць на адной з самых прыгожых вуліц аграгарадка – Замкавай. Непадалёк ад іх дома знаходзіцца касцёл і царква, а яшчэ за колькі крокаў – замак, які па праву лічыцца жамчужынай мястэчка. На першы погляд, гэта зусім звычайная сям’я са сваімі праблемамі і радасцямі, аднак ёсць у Ласёнкаў цудоўная рыса, якая адрознівае яе ад сотні іншых – згуртаванасць. Адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго – гэтыя словы сталі сапраўдным дэвізам для сям’і, жыццёвым крэда і адзінай ісцінай.

Чалавекалюбства і міласэрнасць – гэта краевугольныя камяні, на якіх будуецца выхаванне дзяцей. У гэтым упэўнена Марыя. Яна працуе ў неўралагічным аддзяленні Ашмянскай ЦРБ. Штодня сустракаецца з болем, дапамагае пацыентам аддзялення крок за крокам ісці да выздараўлення. Марыя ўпэўнена, што часамі шчырая ўсмешка і добрае слова можа аказаць большы ўплыў, чым лекі, бо слова ўрачуе душу, дапамагае справіцца з хваробай цела. Зусім нядаўна калектыў аддзялення быў занесены на раённую Дошку гонару.

— У нас вельмі зладжаны і згуртаваны калектыў. Ён – мая падтрымка і апора. Шчыра кажучы, ніколі б не перайшла ў іншае аддзяленне, бо за тыя гады, што тут працую, кожны паказаў сябе з найлепшага боку. Дапамагаць іншаму чалавеку – маё жыццёвае прызванне. У свой час працавала сацыяльным работнікам, а да гэтага даглядала свайго дзядулю, які быў ветэранам вайны. З дзяцінства спачувала людзям, якія адчуваюць боль.

У Марыі, акрамя працы, ёсць занятак для душы. Яна выпякае торцікі, пірагі, духмяныя рулеты і радуе сваімі маленькімі шэдэўрамі хатніх: мужа Дзмітрыя і сыноў. А іх у Марыі трое. Разам сям’я праводзіць вольны час, удзельнічае ў шматлікіх праектах. У мінулым годзе Ласёнкі прынялі ўдзел у здымках фільма “На другім беразе”. Фільм здымаўся ў Гальшанах, акурат каля іх дома. Замкавая вуліца раптам набыла зусім іншы выгляд – таямнічы і незвычайны. А каля іх дома прагульваліся прафесійныя артысты. Хтосьці прапанаваў Марыі паспрабаваць свае сілы і паўдзельнічаць ў здымках. Яна згадзілася. Пасля да ініцыятывы далучыўся сын Данік, а крыху пазней – і свёкр са свякроўю.

— Вось так у адзін момант я стала артысткай. Для мяне гэта падзея была хвалюючай і нечаканай. Такі вопыт прыйшлося перажыць першы раз у жыцці, аднак і зараз, прыгадваючы здымкі, перажываю тыя ж хвалюючыя эмоцыі. Мы з сям’ёй здымаліся ў масоўцы. Са свякроўю Ганнай Ігнацьеўнай прымералі вобраз сельскіх жанчын. Нам былі выдадзены адмысловыя хусткі, доўгія спадніцы, верхняе адзенне. Прызвычаіцца хадзіць у такім строі было дастаткова складана. Мы вучыліся паводзіць сябе перад камерай. Адразу было цяжка расслабіцца, адчуць сябе нязмушана, але пасля ўсё атрымалася. Свёкр Іван Мечыслававіч быў паліцэйскім, а сярэдні сын Данік выконваў ролю беднага хлопца, які чысціў абутак багацеям. Здымкі праходзілі не толькі ў Гальшанах, але яшчэ і ў Барунах. Цэлы год мы з нецярпеннем чакалі выхаду фільма на вялікія экраны: цікава было паглядзець на сябе, на сваю родную вёску і аднавяскоўцаў. Для Гальшан здымкі сталі вялікай падзеяй і гонарам.

Сын Данік таксама атрымаў безліч станоўчых эмоцый ад здымкаў фільма. Аднак хлопца зусім не спужалі камеры і безліч людзей на здымачнай пляцоўцы. Да такой павышанай увагі хлопец ужо прызвычаіўся. Данік з’яўляецца членам ансамбля “Мелодыка”, арганізаванага пры Гальшанскай школе мастацтваў. Ансамбль добра вядомы не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі: музыканты выступалі на міжнародных конкурсах і атрымлівалі высокія ўзнагароды. У складзе ансамбля таленавіты баяніст меў магчымасць пабываць у розных месцах і нават выступіць на радыё. Акрамя таго, хлопцу некалькі разоў была ўручана прэмія “Надзеі Ашмяншчыны” ў намінацыі “За поспехі ў мастацкім майстэрстве”.

— Сыны – гонар нашай сям’і. Старэйшы Максім з дзяцінства займаецца выяўленчым мастацтвам. Падчас вучобы ў школе мастацтваў Максім перамагаў у шматлікіх конкурсах. Мы зусім не здзівіліся, калі пасля атрымання базавай адукацыі Максім пажадаў паступаць у Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя Агінскага на мастака. Зараз ён на другім курсе. Узровень яго падрыхтаванасці значна падрос. І гэта вельмі радуе.

Абодва сыны з’яўляюцца сапраўдным гонарам не толькі для бацькоў, але і для мясцовай школы мастацтваў. Сваімі талентамі хлопцы абавязаны дзядулю Івану, які з дзяцінства далучаў іх да творчасці, а падчас навучання “гастраліраваў” разам з унукамі, падтрымліваючы іх на конкурсах і фестывалях. У Гальшанах Івана Мечыслававіча Ласёнка ведаюць як майстра на ўсе рукі: ён з лёгкасцю можа сабраць трактар, адрамантаваць аўтамабіль, скласці макет любой пабудовы, а калі трэба, то і сыграе на баяне. Суседзі з вялікай павагай ставяцца да яго. Пры неабходнасці прыходзяць за дапамогай і ён не адмаўляе. У касцёле святога Яна Хрысціцеля знаходзіцца маленькая копія храма, выкананая майстрам. Гэта праца ўражвае наведвальнікаў і турыстаў. Усе дэталі прапрацаваны да драбніц. А ля Гальшанскай школы мастацтваў красуецца пчолка Жужа, аўтарам якой таксама з’яўляецца Іван Ласёнак.

— Нашу сям’ю вельмі часта называюць творчай. Бясспрэчна, у гэтым ёсць свая праўда. Зараз у нас падрастае маленькі сынок Цімафей. У гэтым годзе ён толькі пайшоў у першы клас. Суседзі і родныя ўжо жартам пытаюцца, якія здольнасці перадаліся яму. Маляванне і музыка не цікавяць малодшага сына, а вось тэхніка і ўсё, што з ёй звязана, падабаецца Цімафею. Разам з мужам ён з цікавасцю ўдзельнічае ў рамонце аўтамабіля, падае інструменты, імкнецца разабрацца ў складаных момантах. Я не ведаю, які накірунак абярэ малодшы сын. Напэўна, гэта і не так важна. Галоўнае, каб ён стаў прыстойным і добрым чалавекам. Для гэтага мы імкнемся рабіць усё магчымае, — зазначае Марыя Ласёнак.

Сваёй апорай і абаронай Марыя называе мужа Дзмітрыя, які валодае жыццёвай мудрасцю, ураўнаважанасцю і тактам. Да жонкі і дзяцей ставіцца з павагай, ад яго нельга пачуць крыўднага слова, а ўсе пытанні, звязаныя з бытам, Дзмітрый вырашае сам.

Сям’я – гэта астравок любові, адзінства і згуртаванасці. Яна дае сілы для жыцця і дзейнасці, стымулюе і натхняе. Дзякуючы ёй адкрываюцца новыя магчымасці і гарызонты. Сям’я – гэта асяродак любові і шчырасці. А любоў атаясамліваецца з жыватворнай сілай, якая ўмацоўвае чалавека. Гэту ісціну на сваім прыкладзе пацвярджае сям’я Ласёнак.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *