У Ашмянскім раёне ідзе ўборка цукровых буракоў

Общество

Здаецца, зусім нядаўна адзвінела жніво, аднак часу на адпачынак у рупліўцаў хлебнай нівы няма. Восень прыспешвае займацца іншымі неадкладнымі справамі. Так, праведзены работы па падрыхтоўцы глебы пад сяўбу, унясенні арганікі і мінеральных угнаенняў, завершаны азімая сяўба, перазалужэнне. Напрыканцы работы па ўборцы кукурузы і цукровых буракоў.

Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Ашмянскага райвыканкама, на 16 кастрычніка ўборка цукровых буракоў у раёне амаль скончана – з 635 запланаваных гектараў 630 ужо прыбрана. Старанна папрацавалі аграрыі ў мінулыя выхадныя. Кіпела работа і на гальшанскіх палетках – тут сёлета было пасеяна 203 гектары салодкіх караняплодаў. На апошнім кліне ля вёскі Дворышча заспеў мясцовых рупліўцаў наш карэспандэнт. Упэўнена вёў па полі магутны камбайн Аляксандр Сасноўскі, адзін за адным напаўняючы бункеры цукровымі буракамі. За плячыма ў Аляксандра ўжо шмат сезонаў на гэтай тэхніцы – пасля жніва, падчас якога мужчына задзейнічаны на ўборцы зерневых, ён капае салодкія карані. Увесь рабочы працэс ён ведае на “выдатна”, а таму і працэс наладжаны як мае быць. Дапамагае камбайнеру Алег Собаль – раптам камень які праскоча ці яшчэ якая неспадзяванка.

— Надвор’е сёлета ўнесла свае карэктывы, – адзначае галоўны аграном гаспадаркі Руслан Струхоўскі. – Была моцная засуха, і культуры не хапала вільгаці. Усё ж ураджайнасць цукровых буракоў нядрэнная — 470 цэнтнераў з гектара.

Бункер за бункерам, ссыпаюцца салодкія карані ў сапраўдныя горы, якія адпраўляюцца на станцыю Багданава – а адтуль на завод па вырабе цукру, што ў сваю чаргу забяспечыць і фінансавы прыбытак арганізацыі.

На пагрузцы буракоў сустракаем Пятра Пазнанскага. Механізатар, як і яго калегі, працаваў на жніве, а зараз – на салодкай нарыхтоўцы.

— Восень – работ восем, — адзначае мужчына і адзін за адным напаўняе кузавы аўтамабіляў, якія робяць чарговы рэйс на станцыю Багданава.

Магутны пагрузчык не толькі грузіць цукровую сыравіну, але і ачышчае яе, таму звычайны “Амкадор” ту не памочнік. Працэс нарыхтоўкі цукровых буракоў у гаспадарцы наладжаны, важна не толькі выкапаць караняплоды, але і аператыўна даставіць іх на завод, каб захавалася цукрыстасць і іншыя важныя паказчыкі.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *