“Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” накіраваліся вучні Кальчунскай школы

Образование

Падарожжы сталі неад’емнай часткай жыцця многіх людзей.

Хтосьці аддае перавагу адпачынку на замежных курортах, хтосьці любіць даследаваць нязведаныя куткі планеты, а хтосьці знаходзіць радасць у падарожжах па роднай краіне.

Менавіта так лічым і мы, вучні Кальчунскай сярэдняй школы, якія прынялі ўдзел ва Усебеларускай моладзевай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Мы ўпэўнены, што варта звярнуць увагу на падарожжы па Беларусі, бо яны таксама могуць быць напоўнены незабыўнымі эмоцыямі і ўражаннямі.

А падарожжа па родных мясцінах на веласіпедзе і ў кампаніі добрых сяброў – выдатны спосаб не толькі наведаць цікавыя месцы, пашырыць свой кругагляд і паглыбіць веды па гісторыі малой радзімы, але і магчымасць убачыць прыгажосць роднай зямлі. Чым мы і скарысталіся – абралі для свайго маршруту кропкі на карце роднай Ашмяншчыны, звязаныя з родамі Снядэцкіх, Стругачаў і Дарагастайскіх.

Пачалося наша падарожжа з народнага гісторыка-краязнаўчага музея Кальчунскай сярэдняй школы “Вучоны нашай зямлі”, які прысвечаны дзейнасці Енджэя Снядэцкага. Свой талент ён праявіў у розных галінах навукі: хіміі, біялогіі, медыцыне, педагогіцы, літаратуры.

Далей мы накіраваліся да вёскі Болтуп, дзе знаходзілася сядзіба Снядэцкіх. Праз некалькі кіламетраў зрабілі прыпынак у Гародніках. Тут, на мясцовых могілках, вучоны і пахаваны. Нельга не звярнуць увагі і на капліцу, якая дзейнічае да гэтага часу і з’яўляецца выдатным прыкладам драўлянага дойлідства.

Пасля мы накіраваліся да заходняй ўскраіны горада, дзе знаходзіцца сядзіба купца, уладальніка дражджавога завода, аднаго з самых багатых яўрэяў Беларусі Лейбы Стругача, якая зараз знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.

Няспешна рухаючыся на паўночны захад, мы трапілі ў Мураваную Ашмянку. Вядома, што ужо ў канцы XVI стагоддзя яна была ўладаннем рода Дарагастайскіх. Менавіта тут Крыштаф Мікалай Дарагастайскі, аўтар знакамітай “Гіпікі, або кнігі пра коней” заснаваў друкарню, руіны якой захаваліся да нашых дзён. Тут варта звярнуць увагу на прыдарожную капліцу і драўляны будынак касцёла разам са званіцай, пабудаваны ў канцы ХVIII стагоддзя.

Родны край не перастае нас здзіўляць прыгажосцю сваіх краявідаў, багаццем гістарычнай спадчыны. Кожны яго куток сапраўды варта наведаць.

Анастасія ГЕРАСІМ, Мілана ЯНУШКЕВІЧ, вучні 10-га класа Кальчунскай СШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *