Дырэктар, сябар, мама…Наталля Аляксандраўна Трот

Образование

14 кастрычніка святкуецца адно з самых цёплых свят — Дзень маці. Усе мы будзем віншаваць сваіх матуль. А вось мне захацелася расказаць яшчэ аб адной матулі – нашым дырэктары.

Я вучуся ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе – цудоўнай і невялікай, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго. У нас дружныя дзеці і добрыя настаўнікі. Атмасфера ў школе прыемная і пазітыўная. Часам здаецца, што ў нашай школе кожны куток напоўнены цеплынёй. За ўсім гэтым стаіць наш дырэктар.

Наталля Аляксандраўна Трот — матуля 145 дзетак, якая штодня перажывае і клапоціцца пра нас. Быць дырэктарам школы нялёгка, а быць самым лепшым дырэктарам яшчэ цяжэй.

Наталля Аляксандраўна прыйшла працаваць да нас 7 ліпеня 2015 года. Ужо амаль дзесяць гадоў яна кіруе нашай школай, дбае пра кожнага вучня і настаўніка, рашае разам з педагогамі задачы па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і застаецца самай лепшай!

Наш дырэктар заўсёды падтрымлівае вучняў. А яшчэ ёй уласціва тонкае пачуццё гумару, што вельмі дапамагае ў працы і зносінах як з дзецьмі, так і з дарослымі. Наталля Аляксандраўна на адной хвалі з моладдзю. А яшчэ яна цудоўны арганізатар.

Са сваімі равеснікамі я люблю заводзіць размовы пра школу, кожны раз распавядаю аб тым, якая ў нас цудоўная атмасфера! Заўсёды расказваю пра Наталлю Аляксандраўну. На што ў адказ атрымліваю буру эмоцый і нешта накшталт: “Ого, вам пашанцавала з дырэктарам”, “Хацелася б мне да вас у школу хоць на адзін дзянёк”, або “ Той самы выпадак, калі дырэктар сапраўды круты”.

Менавіта Наталля Аляксандраўна заўсёды разам з намі, калі прыходзіць час збірацца да аўтобуса і ехаць дахаты. Дзе вы бачылі, каб дырэктар пералічваў дзяцей і праводзіў да аўтобуса?

Наталля Аляксандраўна – сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Яна не толькі дырэктар, але і самы лепшы псіхолаг, настаўнік, сябар і мама!

Шчыры дзякуй вам, Наталля Аляксанд­раўна, ад усіх вучняў!

Іаланта АЎСЯНІК, слухач Школы маладога журналіста пры рэдакцыі раённай газеты.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *