«Не магу ўявіць сябе без калектыву»

Главное

Як многа значыць сялянская праца для чалавека! Яна і суцешыць, яна і ўсцешыць, так бы мовіць. Для Яніны Баляславаўны Шукеловіч у свой час стала асноўнай менавіта праца на сяле, а дакладней – на малочнатаварнай ферме “Баранцы” СВК “Кракоўка”.


Скончыўшы 1976 годзе школу і курсы прадаўцоў, Яніна Баляславаўна 10 год адпрацавала ў райспажыўсаюзе, затым перайшла ў сельскую гаспадарку. І вось ужо на гэтай ферме яна працуе 24 гады, з якіх апошнія сем – даглядчыкам на дарошчванні цялят. Маленькія гарэзы ва ўзросце ад трох тыдняў да шасці месяцаў знаходзяцца пад пільным наглядам і руплівай апекай Яніны Баляславаўны. Разам з мужам Іосіфам Іосіфавічам  упраўляюцца з цэлым статкам – каля 160 цялят. І кожнае цяля трэба падняць, вырасціць, выпесціць. Як атрымліваецца, мяркуйце самі: валавы прывес гадаванцаў яе групы за мінулы 2013 год склаў дваццаць дзевяць з паловай тон – амаль трыццатка! Сярэднясутачны прывес – 675 грамаў, хоць бывалі месяцы, што і больш за 700 атрымлівалі. А сёлета толькі за люты – 720 грамаў. Гэтыя лічбы нам паведаміла загадчык фермы Галіна Пятроўна Яроменка. Яна падкрэсліла: “Такіх бы старанных працаўніц ды паболей”.

Акрамя Яніны Баляславаўны і яе мужа, вялікую дапамогу ў няпростай задачы дарошчвання цялят аказваюць калегі – ветэрынарны ўрач Аляксандр Анатольевіч Шымановіч і намеснік старшыні СВК па жывёлагадоўлі Генадзь Іванавіч Малочка.

Жанчына вырасціла трох дачок, якія таксама пайшлі ў аграрную сферу – усе працуюць у тым самым СВК, што і бацькі. Яніна Баляславаўна – любячая бабуля, у яе шэсць унукаў. Так атрымалася, што ёй давялося глядзець унучку Насцю, якая цяпер навучаецца ў Ільянскім аграрным каледжы на ветэрынара – відавочна, адыграў сваю ролю бабулін прыклад.

Штодзённая праца на ферме зусім не перашкаджае добраму настрою і жыццярадаснасці Яніны Баляславаўны. Як яна паведаміла, зусім нядаўна, у лютым, ёй прыспеў час ісці на пенсію. Але ёй цяжка ўявіць, як гэта – быць без калектыву, без занятку. І сапраўды, звычка працаваць, імкненне быць патрэбнай сваім калегам, сваёй сям’і для жанчыны – адзін з самых моцных стымулаў для плённай мэтанакіраванай працы. Нам верыцца, што ўсё лепшае ў Яніны Баляславаўны яшчэ наперадзе.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *