Талент шчырага сэрца

Культура

Так часам гавораць пра захапленні людзей, якія займаюцца наіўным (інсітным) мастацтвам. Інсітная (у перакладзе з лацінскай мовы прыродная, несфармаваная, арыгінальная) творчасць самабытных аўтараў заўжды была характэрнай рысай беларускай культуры, бо майстры з непасрэдным бачаннем свету і шчырым стаўленнем да наваколля жылі на Беларусі ва ўсе часы.


Народная ікона, сакральная пластыка, фрэскавы сценапіс, гарадская шыльда і малярскае рамяство шырока апісаны ў краязнаўчай літаратуры, а творы, якія захаваліся, сёння зберагаюцца ў лепшых музейных зборах краіны. Апроч таго, народны жывапіс цесна звязаны з творчасцю Юдаля Пэна, Марка Шагала, Язэпа Драздовіча, якія жыва і непасрэдна ўвасаблялі ў сваіх творах вобразы прыроды, паўсядзённасці, каларытныя сцэны народнага жыцця. Таму нядзіўна, што сёння непрафісійнае мастацтва бярэ свой працяг менавіта з Віцебшчыны. Задуму аднаўлення шматвекавой мастацкай гісторыі ад віцяблян падхапілі ўсе вобласці краіны, а таксама мастакі суседніх краін. На працягу апошніх трыццаці гадоў на Віцебшчыне праводзіцца выстава “Талент шчырага сэрца”, а таксама нацыянальныя выставы наіўнага мастацтва insita. Вынікі згаданых праектаў прадстаўлены ў маляўнічым каталогу пад назвай “Мастацтва insita”, які выйшаў у мінулым годзе і сабраў звесткі пра ўсіх удзельнікаў творчых мерапрыемстваў.

У вышэйзгаданы каталог уключана інфармацыя пра ашмянскую мастачку Лідзію Віктараўну Дзедушкевіч, якая прымала ўдзел у выставе наіўнага мастацтва ў Віцебску ў 2008 годзе.

Лідзія Віктараўна нарадзілася на Віцебшчыне, аднак шмат год жыве ў Ашмянах. Тут яе перш за ўсё ведаюць як шчырага і адкрытага чалавека і адмысловага кандытара, бо жанчына працавала ў кандытарскім цэху сістэмы грамадскага харчавання раёна. Яна ўдзельнічала ў конкурсах кандытарскага майстэрства ў Літве і Татарстане, з’яўлялася ганаровым членам журы абласнога конкурсу кандытараў.

Талент мастачкі адкрыўся ў Лідзіі Віктараўны выпадкова: калі выйшла на пенсію, то паспрабавала неяк намаляваць букет кветак. З гэтага ўсё і пачалося. Паступова ў яе выпрацаваўся свой самабытны стыль. Спачатку малявала на чым прыйдзецца: на шпалерах, фанеры. Зараз малюе алейнымі фарбамі на палатне. У калекцыі мастачкі больш за 130 работ. Яе светлыя і лірычныя краявіды не толькі ствараюць добры настрой і напаўняюць наваколле цяплом, але і адлюстроўваюць прыгажосць роднага краю.

Лідзія Віктараўна свае карціны не раз дэманстравала на раённых святах і выставах. З творамі мастачкі знаёмы і жыхары абласнога цэнтра. Яе мастацтва – яркі ўзор аўтэнтызму народнага мыслення, творчая споведзь духоўна багатай асобы, якая з дапамогай фарбаў і пэндзля расквечвае наша шэрае жыццё райскім садам, назва якога – наіўны жывапіс.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *