З Каўнаса ў Ашмяны — на веласіпедзе!

Главное

Незвычайнага падарожніка, мажліва, бачылі жыхары нашага горада і яго ваколіц некалькі дзён таму. Чаму незвычайнага? Не першы ж раз зазіраюць на Ашмяншчыну рознага кшталту турысты? Яно то так. Вось толькі сустрэць у злосныя студзеньскія маразы веласіпедыста на вуліцах горада даводзіцца, згадзіцеся, не кожны дзень.

А ён, Віценіс Александрайціс, падарожнічае менавіта на веласіпедзе. З сабою возіць невялічкую “хатку”, якую ацяпляе з дапамогай газавага балона і “буржуйкі”. Тут жа, на газавай гарэлцы, рыхтуе ежу.

— Хатку я зрабіў двайную, хаця і маленькую, усярэдзіне з пенапласту. Тэмпература, калі працуе гарэлка, падымаецца да 10-15 градусаў. Праўда, калі мароз ціскануў, “хатку” прыйшлося пакінуць і на ноч пасяліцца ў гасцініцы, — зазначыў Віценіс падчас сустрэчы ў рэдакцыі.

Выехаў ён з Каўнаса яшчэ 28 снежня 2013 года. Сваё падарожжа жыхар літоўскага горада Йонава прысвяціў 400-годдзю стварэння падрабязнай геаграфічнай карты Вялікага Княства Літоўскага (створана ў 1613 годзе Мікалаем Крыштафам Радзівілам, вядомым як Сіротка) і 150-годдзю паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Менавіта таму і выехаў яшчэ ў 2013 годзе.

У мінулым Віценіс — трэнер па спартыўным арыенціраванні, зараз — пенсіянер, які цікавіцца гісторыяй, вывучае рэльеф, параўноўвае карту, створаную некалькі стагоддзяў назад, з той, якой мы карыстаемся сёння, складае радыяльныя маршруты. На шляху падарожніка сустракаюцца, канешне, і перашкоды, але ён не адчайваецца і ва ўсім знаходзіць пазітыў. Так, на беларускай карце, расказаў Віценіс, пазначаны пункты пераходу праз мяжу, аднак ці то карта ў турыста не новая, ці то звесткі недакладныя, але сярод гэтых пунктаў, як мы ведаем, працуе толькі адзін – “Каменны Лог”. Менавіта праз яго, па новай дарозе, і прыехаў Віценіс. Затое назад, адзначыў радасна падарожнік, ён накіруецца па старым тракте – на Меднікі, Рукойні…

Няпроста прыходзіцца і з “хаткай”: яна хоць і засцерагае ад холаду і дажджу, але пад гару яе трэба піхаць. Тады і хуткасць вельмі зніжаецца — дзесьці да трох з паловай кіламетраў у гадзіну.

Віценіс Александрайціс з такім шматдзённым візітам у Беларусі ўпершыню, раней бываў толькі праездам.

— У Літве, — расказаў турыст, — знаёмыя палохалі рознымі цяжкасцямі, з якімі, лічылі яны, мне прыйдзецца сутыкнуцца. А таму я і сам у шоку, што так добра сустракаюць на мяжы, такое добрае абслугоўванне і адносіны.

Такія велапрагулкі Віценіс прадпрымае не першы раз. Ён удзельнічаў у велапрабегу да Грунвальда ў 2010 годзе, на веласіпедзе ездзіў на Лонданскую алімпіяду. Калі трымаў шлях у туманны Альбіён, аб’ехаў вакол Балтыйскага мора. Шмат назіраў за ўзроўнем развіцця спорту. Там паўсюль сустракаў людзей на веласіпедах, лыжаролерах, каньках. На веласіпедах, па словах Віценіса, увогуле катаюцца цэлымі сем’ямі. Пакідаюць аўтамабілі і едуць на “двухкалёсных сябрах”. Нават з маленькімі дзецьмі, веласіпеды якіх прычэплены да бацькоўскіх спераду або ззаду.

— Мне здаецца, з пункту гледжання псіхалогіі дзіцяці яшчэ цікавей у такім “цягніку” ехаць наперадзе, бо тут ён кіруе, — дзеліцца сваім меркаваннем наш госць. – Увогуле я ўбачыў вялікі разрыў у папулярнасці і выкарыстанні веласіпедаў там і ў беларусаў, і нават у нас, літоўцаў, сярод якіх не так часта сустрэнеш аматараў гэтага віду транспарту.

Свае ж падарожжы Віценіс называе прагулкамі і на ўласным прыкладзе паказвае, што вандраваць на веласіпедзе не перашкаджаюць ні ўзрост, ні надвор’е, ні межы. Тут, як і ў спорце, упэўнены ён, галоўнае — матывацыя.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “З Каўнаса ў Ашмяны — на веласіпедзе!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *