У чым сакрэт шчасця старасты вёскі Гарэцкаўшчына

Общество

Як разгалістыя дубы, што растуць ля самай хаты, моцна і грунтоўна ўкаранілася  ў Гарэцкаўшчыне сям’я Маркоўскіх. Дом, сельскагаспадарчыя машыны і пабудовы, баня, сад размясціліся крыху ўбаку ад вёскі ў старажытных дубах. Мясцовыя жыхары так і называюць гэту частку селішча – Дубы. Кажуць, дрэвам па трыста год і раслі яны ў былой сядзібе Ахматовічаў, ад якой сёння засталіся толькі рэшткі гаспадарчых пабудоў. Больш за дзесяць гадоў Тадэвуш Мікалаевіч выконвае абавязкі старасты Гарэцкаўшчыны. У адзін са студзеньскіх дзён мы завіталі ў госці да сям’і Маркоўскіх.

 Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

Усё жыццё Тадэвуша Мікалаевіча звязана з роднай вёскай. “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся,” – гэтае народнае выслоўе найбольш дакладна характарызуе лёс галоўнага героя. У Гарэцкаўшчыне ён правёў дзяцінства, сустрэў каханне, тут на свет з’явіліся дзеці. Тадэвуш Маркоўскі прайшоў доўгі працоўны шлях. Пачынаў яшчэ ў саўгасе “Гарэцкаўшчына”, а з 1987 года працаваў у эксперыментальнай базе “Баруны”, да якой далучыўся саўгас. Быў і токарам, і майстрам-наладчыкам сельскагаспадарчых машын, больш за дваццаць гадоў працаваў інжынерам па ахове працы і пажарнай бяспецы. Тры апошнія гады да пенсіі працаваў вартаўніком на складах грамадзянскай абароны ў раённым аддзеле па надзвычайных абставінах.

У маладосці быў невялікі адрэзак часу, калі Тадэвуш падумваў пераехаць у Мінск, дзе два гады пасля арміі адпрацаваў на трактарным заводзе свярлоўшчыкам. Але адным з летніх вечароў, прыехаўшы на малую радзіму на выхадныя, пазнаёміўся на вясковым вяселлі з маладым бухгалтарам, якая толькі пачынала працу ў гаспадарцы. І жыццё ў Мінску перастала цікавіць. Цяпер усе думкі былі звязаны толькі з Гарэцкаўшчынай, таму што там была яна – Генуэфа, ці Жэня, як усе яе называлі і называюць, — жыццё атрымала новы сэнс і фарбы.

Тадэвуш Мікалаевіч ведае Гарэцкаўшчыну рознай: некалі — вялікай і шумнай, у якой віравала жыццё, цяпер — ціхай і сціплай, але заўсёды роднай і прыгожай. На памяці нашага героя працавала ў вёсцы пачатковая школа, былі клуб і бібліятэка, аддзяленне сувязі, а   ўваходзіла Гарэцкаўшчына тады ў Семярніцкі сельсавет. Памятае і плодаагароднінны ўчастак з палівальнай сістэмай, які доўгі час працаваў у саўгасе, дзе вырошчвалі агуркі, памідоры і іншую гародніну. Сёння пра месца, дзе знаходзіўся участак, гаворыць толькі назва поля — “Палівы”. Быў у саўгасе і вялікі сад, закладзены пасля вайны, які адначасова быў і гадавальнікам.

Сёння жыццё пакрысе перамяшчаецца ў горад, у вёсцы жыве 76 чалавек, працуе магазін і фельчарска-акушэрскі пункт, два разы на тыдзень у вёску прывозяць пошту, у прошлым годзе пачала дзейнічаць станцыя абезжалезвання вады. Ведаюць Гарэцкаўшчыну і турысты, якія наведваюць рэшткі былой сядзібы Ахматовічаў і турму часоў Першай сусветнай вайны, пабудаваную нямецкімі салдатамі, і векавыя дубы, сярод якіх стаіць сёння дом Маркоўскіх.

Тадэвуш Мікалаевіч хварэе душой за сваю вёску, клапоціцца, каб своечасова была абкошана, каб былі расчышчаны дарогі, абпілаваны дрэвы, выпілаваны хмызнякі. Ён ведае тут кожную сцежку, куток, поле, лясы. Абхадзіў уздоўж і ўпоперак пешшу ўсё наваколле – акрамя ўсяго, ён яшчэ і заўзяты паляўнічы. На думку кіраўніка спраў Барунскага сельвыканкама Таццяны Прыгодскай, нават, калі б не абралі яго вяскоўцы старастам, ён усё так жа клапаціўся бы аб добраўпарадкаванні роднага паселішча. Неаднойчы ён збіраў месцічаў і самастойна арганізоўваў санітарную ўборку вёскі сваёй тэхнікай. Ён заўсёды наперадзе. Трэба навесці парадак на могілках – ён там, трэба дапамагчы аднавяскоўцам дабрацца да горада – ён дапаможа і завязе на сваёй машыне. Ён добра ведае, чым жывуць месцічы, у каго праблемы ў сем’ях. Можа і паўшчуваць па-бацькоўску, і параіць, і выслухаць, і паспагадаць. Кожны жыхар вёскі можа ў любую хвіліну звярнуцца да яго за дапамогай ці парадай, і заўсёды іх атрымаць.

Шукайце жанчыну

Але за кожным вялікім мужчынам стаіць не менш вялікая жанчына. Менавіта яна дапамагае развівацца, падтрымлівае, акрыляе. Тадэвушу Мікалаевічу пашчасціла сустрэць такую жанчыну і пражыць з ёй пяцьдзясят гадоў. Другога лютага  Маркоўскія адзначаць залаты юбілей сумеснага жыцця. І хоць жыццё не было роўным і лёгкім, праз усе выпрабаванні яны прайшлі і не страцілі гумару і цёплага стаўлення адзін да аднаго. Нават, калі сварыліся, то ненадоўга, зноў пачыналі размаўляць, вырашаць жыццёвыя пытанні і дапамагаць адзін аднаму.

Генуэфа Іосіфаўна прыехала ў Гарэцкаўшчыну з Навасяд, што ля Станцыі Ашмяны, у маі 1971 года, атрымала тут як малады спецыяліст кватэру ў двухпавярховым доме, а летам сустрэла на танцах Тадэвуша. У пачатку лютага наступнага года пасля работы маладыя афіцыйна зарэгістравалі свае адносіны ў Семярніцкім сельвыканкаме. Праз тыдзень узялі шлюб у сольскім касцёле, а яшчэ праз тыдзень адгулялі вяселле ў Гарэцкаўшчыне ў доме бацькоў Тадэвуша.

Генуэфа Іосіфаўна працавала бухгалтарам  саўгаса “Гарэцкаўшчына”, а затым намеснікам галоўнага бухгалтара эксперыментальнай базы “Баруны”. Дабірацца да Барун было  складана, ды і дома падрасталі ўжо тры дачкі, і немалой гаспадаркай абзавяліся Маркоўскія. Ездзіць удваіх у Баруны на работу стала немагчыма,  і Генуэфа адмовілася ад пасады намесніка бухгалтара і стала памочнікам загадчыка ўчастка, а пасля – загадчыкам.  Працаваць стала больш складана, затое ля дома і дзяцей.

Адказная праца, хатняя гаспадарка, агарод, выхаванне дзяцей, падработка вечарамі – на ўсё гэта хапала Генуэфы. А яшчэ дапамагала і сваёй свекрыві па дому і гаспадарцы.  Ды не  таму, што трэба, а ад душы. Нездарма ж свякроў Ядзвіга Вікенцьеўна ў свой час казала: “Ні на адну дачку не памяняю сваю нявестку”. Дзве жанчыны сталі сапраўднымі сяброўкамі, і калі ўзнікалі праблемы, Генуэфа, як да маці, магла звярнуцца да свекрыві і атрымаць параду, спагаду і дапамогу.

У чым сакрэт шчасця?

Нягледзячы ні на якія складанасці, Маркоўскія заўсёды былі і застаюцца ветлівымі, спагадлівымі і жыццярадаснымі людзьмі, любяць прымаць у сябе гасцей і шчодра дораць свае цяпло і радасць. Больш за дваццаць разоў за сваё сямейнае жыццё Тадэвуш і Генуэфа былі першымі сватамі на вяселлях. Лёгкія на ўздым, яны заўсёды адгукаліся, таму што ўмелі знайсці ў жыцці радасныя моманты і радавацца таму, што ёсць.

Тадэвуш  у маладосці любіў спяваць і ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, знаходзячы час пасля работы завітаць у клуб. Прызнаецца, што і зараз любіць слухаць песні, асабліва яму падабаецца творчасць Мусліма Магамаева. А Генуэфа знаходзіла час, каб вязаць і шыць.

У чым сакрэт сямейнага жыцця, нашы героі не могуць адказаць адназначна. У тым, каб быць разам, дапамагаць, падтрымліваць, саступаць, паважаць захапленні  адзін аднаго, не перайначваць другога пад сябе, а прымаць такімі, якія ёсць. А яшчэ – у гумары: умець нязлосна пакпіць адзін з аднаго, перавесці ў жарт няўдала сказанае слова. І ва ўменні прабачаць, не затойваць крыўду, а гаварыць у вочы, што набалела на душы. І жыць адным жыццём, любіць адзін куток, працаваць поплеч.

Не ўсім пашчасціла так, як Тадэвушу і Генуэфе. Яны знайшлі сваю Гарэцкаўшчыну, каханне, адзін аднаго і сябе. Гарэцкаўшчына – месца, дзе ўтульна іх сэрцам. Сваёй цеплынёй яны саграваюць дом на вуліцы Зялёнай у Дубах, дораць  шчодрасць сваёй душы  аднавяскоўцам і гасцям, дзецям і ўнукам.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Марты БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *